А.Карлюкевіч. Як Шубуршун мурашоў-чужынцаў выратаваў

Пра смелага падарожніка і адкрывальніка Шубуршуна

Думаю, шмат хто з юных беларускіх чытачоў ужо даўно ведае і любіць незвычайнага персанажа кніг Алеся Карлюкевіча — Шубуршуна. Гэта адважны падарожнік, створаны фантазіяй пісьменніка, які пераадольвае шматлікія цяжкасці, што ўзнікаюць падчас яго незвычайнай вандроўкі па беларускіх рэках. Шубуршун не толькі смелы і мужны, але і цікаўны, дасціпны, назіральны, мудры.


Хочацца, каб і дзеці, чытаючы казкі пра гэтага героя, набывалі, выхоўвалі ў сабе такія важныя якасці. З Шубуршуном знаёмяць кнігі, што выйшлі ў 2014 годзе ў Выдавецкім доме «Звязда», — «Прыгоды Шубуршуна» і «Новыя прыгоды Шубуршуна». Нарэшце з’явіўся працяг неверагодна цікавых гісторый пра падарожжа гэтага героя. Нядаўна пабачыла свет новая кніга — «Як Шубуршун мурашоў-чужынцаў выратаваў». У цвёрдай вокладцы сабраны ўсе казкі пра смелага падарожніка і адкрывальніка. Аўтар казачнай аповесці пра Шубуршуна Алесь Карлюкевіч дзеліцца з чытачамі сваімі развагамі, думкамі, планамі на будучыню.

— Звычайна ў пісьменнікаў пытаюць пра іх першы твор. Як ён з’явіўся на свет у вас, у якім жанры?

— Тут гісторыя такая… Для часопіса «Качели» і газеты «Раніца» я пачаў гадоў дваццаць таму пісаць гістарычныя нарысы з разлікам на дзіцячую аўдыторыю. А пасля, недзе гадоў з дзесяць таму, напісаў гістарычнае апавяданне, прысвечанае Станіславу Манюшку. Нават не называў у творы яго імя, але паспрабаваў апісаць, як развіваўся ў дзяцінстве талент кампазітара, адкуль былі яго вытокі, як услухоўваўся ён у народную песню. Тое апавяданне надрукавала «Вясёлка». А следам пачаў пісаць казкі, заснаваныя на фальклорным, гісторыка-краязнаўчым матэрыяле.

— Як так атрымалася, што вашы творы для дзяцей наскрозь прасякнуты матывамі краязнаўства? Відаць, дзякуючы вашаму захапленню гэтай навукай?

— Перш чым прыйсці да дзіцячай літаратуры, я шмат працаваў у краязнаўстве. Найперш збіраў матэрыялы па гісторыі роднай Пухавіччыны. У выніку з’явіліся розныя кнігі: «За Цітаўкаю — Слабада», «Сцежкамі Ігуменшчыны», «Ігуменскі блакнот», «Блонь», «І векавечны толькі край»… Але стараючыся ў краязнаўчай публіцыстыцы следаваць фактам, быць дакладным у перадачы падзей, я пастаянна адчуваў неабходнасць нешта яшчэ дадаць, нешта сказаць. Хтосьці, пэўна, з краязнаўства ішоў і ідзе ў мастацкую прозу, пачынае пісаць раманы, становіцца гістарычным пісьменнікам. Запал, натхненне, жаданне данесці да чытача пэўныя думкі, пэўныя ісціны вывелі мяне на дзіцячую літаратуру, казкі.

— Ведаю, што вашы казкі перакладаліся на іншыя мовы свету і выдаваліся за мяжой…

— Так, пэўна, склалася яшчэ і таму, што я і сам шмат падарожнічаю па свеце. У апошнія гады шмат разоў наведваў розныя краіны Цэнтральнай Азіі — Туркменістан, Таджыкістан, Казахстан, Кыргызстан. Яшчэ раней пабываў ва Узбекістане. А летась двойчы вандроўныя клопаты прыводзілі мяне ў Кітай. З задавальненнем наведваюся ў Літву. Быў у Германіі, Сербіі, Чарнагорыі, Азербайджане, Італіі, Швецыі… Мне цікава адкрываць розныя старонкі, кантактаваць з пісьменнікамі іншых краін. Несумненна, усё гэта спрыяла знаёмствам… Як вынік такіх паездак нарадзіліся кнігі пра літаратурныя сувязі: «Братэрства», «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь — Туркменістан», нядаўна завяршыў працу над кнігай дарожных нарысаў, гутарак «Святло сяброўства»… Калі ездзіш і адкрываеш новае — цікавяцца і тваім плёнам, пытаюць, а што ты зрабіў… Так, адна за другой былі перакладзены і выдадзены мае кнігі, адрасаваныя юнаму чытачу, — у Азербайджане, Таджыкістане, Арменіі, Літве, Украіне, Чарнагорыі, Расіі…

— Серыя казак пра Шубуршуна атрымала шырокую папулярнасць. Шубуршун палюбіўся многім маленькім чытачам. Як узнікла ідэя такога персанажа?

— Шубуршуна мы прыдумалі неяк разам з маёй дачушкай Веранікай. Яна нават напісала пра яго ў дзіцячую газету. А пасля пра героя забыліся.

Прайшоў час, я якраз хварэў і доўга ляжаў у бальніцы, затым у цэнтры рэабілітацыі. Неспадзявана напісаў цыкл кароткіх казак пра маленькага Шубуршуна, які без настрою пакідае гарадскую кватэру, сыходзіць у далёкі свет ад сваёй сяброўкі Веранікі. І вось ужо больш як чатыры гады час ад часу саджуся за пісьмовы стол і расказваю пра вандроўкі Шубуршуна. З гэтых памкненняў атрымаліся «Прыгоды Шубуршуна» і «Новыя прыгоды Шубуршуна».

І вось-вось, літаральна на днях, выйшла кніга, якая аб’ядноўвае дзве папярэднія і выкладае яшчэ і новыя гісторыі пра вандроўніка па свеце.

— Адкрыйце, калі ласка, сакрэт, ці будзе працяг казак? Куды, у якія далёкія ці блізкія куткі свету адправіцца ў падарожжа ваш персанаж? Ці сустрэнецца з Веранікай?

— Ці будзе працяг… Ужо недзе з паўтара года — мо таму, што чакаў, каб хутчэй з’явілася кніга з напісаным раней, — не напісалася ніводнага новага раздзела, ніводнай новай казкі пра Шубуршуна. Крыху хвалююся з-за гэтага. Хаця планаў у дачыненні любімага героя шмат.

Ёсць спробы, накіды, частачкі раздзелаўпрацягу аповесці-казкі. У іх — і перажыванні Шубуршуна за Вераніку: як яна там, што новага адбылося ў яе жыцці?..

А што да краін, якія павінен наведаць Шубуршун, дык гэта Усход — Індыя, Кітай, мо нават Японія… А ўсё таму, што і сам я вельмі цікаўлюся ўсходазнаўствам. Хаця адкрыю сакрэт. У лёсе Шубуршуна галоўнае — радзіма, родны кут. Галоўная яго сустрэча, якая павінна ўсё ж адбыцца, — гэта сустрэча з роднай рачулкай Балачанкай, родным лесам, роднымі ляснымі сцежкамі, адкуль ён некаторы час таму паехаў дзякуючы Вераніцы ў горад. Матывы роднага дома, патрыятычнае ўсведамленне сваёй прысутнасці ў жыцці — ці не гэта павінна быць для нас самым галоўным?..

Вольга АЛЯКСЕЕВА

http://zviazda.by/be/news/20170119/1484806830-pra-smelaga-padarozhnika-i-adkryvalnika-shuburshuna