А.Карлюкевіч. Святло сяброўства

Па загадзе сэрца

Пэўна, ні для кога не сакрэт, што вельмі важную ролю ў справе літаратурных кантактаў розных краін адыгрываюць асабістыя сустрэчы, перапіскі, размовы пісьменнікаў, перакладчыкаў, крытыкаў. Аўтар кнігі з сімвалічнай назвай «Святло сяброўства» не адно дзесяцігоддзе збірае матэрыялы, звязаныя з літаратурным сяброўствам Беларусі і свету. Актыўна супрацоўнічае з пасольствамі і даследчымі ўстановамі розных краін, Інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя, Цэнтрам азербайджанскай мовы і культуры і г.д. Прапагандуе беларускую літаратуру падчас замежных камандзіровак і ў рамках «круглых сталоў»… Таму яго новая кніга вызначаецца не пафаснымі гучнымі словамі, а факталагічнасцю, дакладнасцю, шырынёй ахопу матэрыялу. У ёй шмат як грамадзянскага, агульначалавечага, так і асабістага, здабытага ўласным вопытам знаёмстваў, супольнай працы.

«Святло сяброўства» прадстаўляе шырокаму колу чытачоў артыкулы і інтэрв’ю, звязаныя з сучасным літаратурным працэсам Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Сербіі, Славакіі, Азербайджана, Казахстана, Арменіі, Таджыкістана, Туркменістана, Кітая, Велікабрытаніі. І, трэба адзначыць, што Алесь Карлюкевіч умее выбраць са стракатай літаратурнай канвы свету сапраўды важкае і знакавае для Беларусі. Вось, прыкладам, азербайджанская літаратуразнаўца Ірада Мусаева дзеліцца ў інтэрв’ю сваімі ацэнкамі творчасці Святланы Алексіевіч, яе кнігі «У вайны не жаночае аблічча». Аналізуе суадносіны публіцыстычнага складніку ў сучаснай мастацкай літаратуры, разважае пра лёс аналітычнай журналістыкі. А яшчэ — кажа шчырыя словы падзякі за суровую праўду і справядлівае стаўленне да гістарычных падзей: «Цяжка назваць другі такі твор, дзе б так абвострана, як у Святланы Алексіевіч, раскрывалася б сапраўднае аблічча Другой Сусветнай вайны. С. Алексіевіч быццам акумуліравала, «адрэдагавала» ідэю ўсіх аўтараў, якія пісалі пра вайну ў іншым ракурсе. У другіх творах і фільмах пра вайну людзі былі «сілай», якая крочыла ўровень з тэхнікай. Гэта была адна з прычын перамогі. Але Святлана Алексіевіч вылучыла на першы план менавіта Чалавека».

Тое ж, відавочна беларускае, і ў раздзеле кнігі, прысвечанай Туркменістану. Увазе чытача — шмат цікавых гісторых асабістых знаёмстваў і пошукаў на зямлі Махтумкулі. Знаходзячыся на службе ў Туркменістане, Алесь Карлюкевіч кантактаваў з многімі выдатнымі літаратарамі: Байрамам Джутдзіевым, Нарклычам Хаджагельдыевым, Какалы Бердыевым, Тыркішам Джумагельдыевым, Алаярам Чурыевым, Газель Шакуліевай, Какабаем Курбанмурадавым, Яўшанам Аннакурбанавым, Керымам Курбанняпесавым і інш. Даследаваў повязь з Каракумскім краем слынных беларускіх паэтэс Еўдакіі Лось і Эдзі Агняцвет… А сёння — піша пра новы пераклад Якуба Коласа на туркменскую мову, змешчаны ў ашхабацкім часопісе перакладной літаратуры «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»).

Блізкая Алесю Карлюкевічу і ўкраінская тэма. Ён ўпэўнена акрэслівае новыя акалічнасці повязі Максіма Багдановіча і Украіны, разгадвае перыпетыі жыццёвага лёсу пісьменніка Андрыяна Іванчука, «гасцюе» ў часопісе «Кіеў». Безумоўна, цікавая для чытачоў будзе і гутарка з сучасным украінскім пісьменнікам Міхайлам Слабашпіцкім на агульныя для нашых краін тэмы двухмоўя, псіхалогіі мастацкай творчасці, стану літаратурнай крытыкі і перакладу, тыражоў кніг і літаратурных часопісаў.

Важная частка кнігі прысвечана і руплівай дзейнасці беларускіх літаратараў, перакладчыкаў. Сярод знакавых у гэтым кірунку імёнаў — Анатоль Бутэвіч, Міхась Пазнякоў, Ірына Качаткова, Адам Шостак, Марыя Кобец і інш. Прыводзіцца інтэрв’ю і са знакамітым беларускім паэтам, карыфеем мастацкага перакладу Сяргеем Панізнікам. «Пераклады — гэта пратуберанцы мацерыка пад назвай Літаратура Беларусі. Творцам ахвоцілася паказаць сваё сталенне, напяць перакладамі спружыны ўзаемадачыненняў, паказаць генетычнае сваяцтва Слова — каб спраўдзіцца на вокладках духоўнага спараднення. Перажылі мы бурлівы ўсплёск узаемнай перакладчыцкай дзейнасці. Падумаць толькі: паўтара дзясятка кніг беларускіх аўтараў было на рахунку тлумача — латыша Талрыда Руліса. Рупліва працаваў чэх Вацлаў Жыдліцкі. Чаму ён часта выдаваў Караткевіча, тлумачыць адзін з яго аўтографаў: «каб людзі ведалі, што аўтара цанілі за мяжой даўно да той заслужанай ацэнкі на яго радзіме». Апантанасць, у дадзеным выпадку Караткевічам, нараджала зваротныя дзеі. Якія глыбінныя памкненні духу сённяшняга літаратара абудзяць фібры іншамоўнай душы суседа?»

Гэтае вострае пытанне пошуку новых фарбаў ды нот еднасці не дае спакою тым, хто сапраўды за літаратурнае сяброўства, узаемнае сталенне і развіццё. Кніга Алеся Карлюкевіча — пэўны творчы пасыл для такіх неабыякавых і цікаўных. Ды і не толькі прафесійныя літаратуразнаўцы і перакладчыкі знойдуць для сябе ў дадзеным выданні шмат каштоўнага. Яна напісана захапляльна, нязмушана. Падзеі і людзі «Святла сяброўства» — частка нашай агульнай гісторыі.

Юлія Алейчанка

“Полымя” №1-2017