«Свет без вершаў – сумны». Сусветны Дзень паэзіі ў Шчэпічах
Невыпадкова Сусветны Дзень паэзіі адзначаецца 21-га сакавіка, на пачатку вясны, калі вяртаюцца з выраю птушкі, прачынаюцца дрэвы, адкрываюць блакітныя вочкі першыя кветкі. Вясна абуджае прыроду, а паэзія – душу. Жывое мастацкае слова нясе ў свет дабрыню, чысціню пачуццяў.
Менавіта Святу паэзіі прысвячалася імпрэза, што ладзілася 22-га сакавіка ў доме культуры вёскі Шчэпічы Клецкага раёна. Агранізатар і вядучая – загадчыца сельскай бібліятэкі Лосева Ірына Міхайлаўна. Ва ўтульнай зале за кубачкамі мятнай гарбаты сустрэліся паэты і музыкі Клеччыны. Члены СПБ Таццяна Цвірка і Галіна Нупрэйчык чыталі вершы, прысвечаныя паэзіі, роднаму краю, вершы пра каханне. Паэт-гумарыст Аляксандр Жукоўскі павесяліў прысутных вершаванымі смешнымі здарэннямі, прыгодамі. Дружнымі апладысментамі зала сустрэла вершы і песні ў аўтарскім выкананні Вадзіма Крука, Юрыя Эверта, Аляксея Лапаты. Гучалі песні Ю. Эверта на словы Ліліі Мялешка. Валянціна Каліноўская выконвала аўтарскія песні на словы Майі Сельвановіч, якая таксама дарыла слухачам аптымістычны настрой прыгожымі вершаванымі радкамі. Усім спадабаліся выступленні жаночага хору “З песняй па жыцці” пад кіраўніцтвам Ю. Эверта. Кожны ўдзельнік прынёс у агульнае свята нешта непаўторнае, цікавае, асабістае.
Радасць свяцілася на тварах сяброў гурта “Залаты ўзрост” і іншых слухачоў. Развітваліся вельмі цёпла, з надзеяй на новыя сустрэчы. А яны не раз яшчэ будуць. Заўсёды будзе акрыляць душу, яднаць людзей галоўная госця і гаспадыня сёлетняга мерапрыемства – паэзія.
Прэс-служба МАА ГА СПБ

















