Вечная любоў чалавецтва. Сусветны дзень паэзіі разам з паэтамі Клеччыны
Share the post "Вечная любоў чалавецтва. Сусветны дзень паэзіі разам з паэтамі Клеччыны"
Ва ўсе часы ў грамадстве паэзія карысталася вялікай увагай і займала асаблівае месца. Народ заўсёды цаніў яе высокую і святую місію. Кожны чалавек мае патрэбу ў паэзіі. У ёй шукаюць суцяшэнне і прыгажосць пачуццяў, яе з задавальненнем завучваюць і цытуюць, яна можа некалькімі радкамі прымусіць чалавека адчуць цэлы свет, яе проста любяць!
Пацверджанне таму – шматлікія мерапрыемствы ў розных куточках нашай сінявокай краіны да Сусветнага дня паэзіі. Сапраўднай гаспадыняй адчувала сябе Паэзія на сустрэчы з прафесійнымі і самадзейнымі паэтамі Клеччыны, што прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. А галоўнымі гасцямі цудоўнай імпрэзы “Паэзія краю роднага ў душы загучала зноў” былі вершы! Вершы, якія дапамагаюць у паэтычных радках матэрыялізаваць свой унутраны свет. Як пераканаліся прысутныя, у кожнага з клецкіх паэтаў свой свет, свой стыль, сваё бачанне жыцця.
Адкрылі свята добра вядомыя ў горадзе і далёка за яго межамі члены Саюза пісьменнікаў РБ Лілія Мялешка, Таццяна Цвірка, Галіна Плакса-Нупрэйчык.
Цікавымі, змястоўнымі былі і выступленні самадзейных паэтаў: Аляксандра Жукоўскага, Юрыя Эверта, Вольгі Герасімовіч, Анатолія Белага, Мікалая Янушкі, Вольгі Лабажэвіч, Марыі Пабудзей, Майі Сельвановіч і іншых.
З песнямі ўласнага сачынення выступілі Вадзім Крук, Аляксей Лапата. Таксама прагучала песня на словы Л.В.Мялешкі пра Клецкі край, музыку да якой напісаў Ю.Эверт.
Больш за дзве гадзіны ў зале панавала святочная атмасфера, але, як прызнаваліся прысутныя, ніхто не стаміўся! Значыць, імпрэза не проста абудзіла цікавасць да паэзіі, а і закранула самыя таемныя струны чалавечай душы. Арганізатары мерапрыемства ўпэўненыя, што з кожным годам прыхільнікаў паэзіі на Клеччыне будзе ўсё больш і больш, бо паэзія была, ёсць і будзе вечна юнай любоўю чалавецтва!
ПРЫЙДЗІ, ПАЭЗІЯ! Таццяна ЦВІРКА
Прыйдзі, я не здзіўлюся,
Калі парой начною
Табою акраплюся,
Як золкавай расою.
Уляці ў акно бяссоннае
Ты птушкаю параненай.
Сярод зімы сцюдзёнае
Сцяліся рунню ранняю.
Прыйдзі ў сны-небыліцы
Вяшчункай асляпляючай.
У сэрца бліскавіцай
Прарэжся апякаючы.
Прыйдзі! Святой, сапраўднаю.
Суцішанай. Гарэзлівай.
Нястомнай. Беззаганнаю…
Прыйдзі, прыйдзі ,
Паэзія !
Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення
ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”