Сустрэча ў Салігорску

У рамках распачатай летась акцыі ААТ “Белкніга” і ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на працягу года наведваюць кніжныя магазіны ў розных гарадах сталічнай вобласці, дзе сустракаюцца з чытачамі, знаёмяць іх са сваёй творчасцю, навінкамі беларускай літаратуры. 25 красавіка ў кніжным магазіне “Крыніца” горада Салігорска адбылася сустрэча з паэтам Віктарам Сабалеўскім, прымеркаваная да Міжнароднага дня кнігі.

З цікавасцю слухалі старшакласнікі Салігорскай СШ № 6, іншыя наведвальнікі і супрацоўнікі кнігарні пісьменніка з Уздзеншчыны. Ён прапанаваў увазе чытачоў творы з выпушчаных у мінулыя гады кніг: “Чабаровая паляна”, “Абранніца”, “Пра бабу Маню, дзеда Васіля і іншых”, “Табою я жыву”, “Бясцэнны скарб” і толькі што выдадзенай “Была нядзеля, і мы дудзелі”. Тэматыка вершаў розная: лірыка, грамадзянскага гучання, сатыра і гумар, пераклады У. Высоцкага і І. Губермана. Віктар Вацлававіч расказаў пра свой творчы шлях, адказаў на пытанні слухачоў. Жадаючыя набылі кнігі з аўтографам аўтара.

Сяргей Васільчук