У госці да курскіх салаўёў

Што адчувае чалавек, калі пасля некалькіх гадоў прыязджае на малую радзіму сваіх бацькоў? Вядома, змешаныя пачуцці хвалявання і радасці. Мая паездка ў горад Курск была менавіта такой. Бо акрамя сустрэчы з маімі роднымі 16 красавіка было запланавана (па папярэдняй дамоўленасці) наведванне Саюза літаратараў Курскай вобласці.

Знаёмства з яго старшынёй Грэбневым Мікалаем Іванавічам адбылося раней – на другім з’ездзе пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы ў Маскве. Таму шчырыя ўсмешкі прысутных у Доме літаратара адразу запрасілі да адкрытага дыялогу. Мікалай Іванавіч пасля прадстаўлення сваіх празаікаў і паэтаў, распавёў аб нашым знаёмстве, а далей адбылася прыемная цырымонія абмену падарункамі. Ад Саюза пісьменнікаў Беларусі я ўручыла памятны знак і падзяку.
Таксама выклікалі зацікаўленасць прывезеныя цукеркі «Белая Русь» і паэтычны двухтомны зборнік «Калі бярэшся за пяро» народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» ДУ МАЦНТ. А старшыня Саюза пісьменнікаў Курскай вобласці у адказ уручыў альманах «Сучасная паэзія і проза Салаўінага краю», у якім былі апублікаваныя мае вершы. Пасля абмену за круглым сталом адбылася цікавая размова з мноствам розных пытанняў аб жыцці і працы пісьменнікаў Беларусі і Расіі. Аказалася, што ў нас шмат агульнага – ад цяжкасцяў да радасных момантаў. Па завяршэнні сустрэчы я была запрошаная правесці на наступны дзень майстар-клас з моладдзю.

17 красавіка сабраўся прэзідыум Саюза літаратараў і моладзь. Адбылася ўстаноўчая канферэнцыя аб стварэнні Студэнцкага саюза літаратараў Курскай вобласці, які ўзначаліў студэнт II курса Уладзімір Жвярук. Таксама быў абраны Савет у колькасці 6 чалавек і вызначаны дзень правядзення першага з’езда. Грэбнеў М.І. падкрэсліў важнасць гэтай падзеі ў творчым пісьменніцкім асяроддзі, таму што менавіта моладзь ідзе на змену старэйшаму пакаленню, і выказаў спадзяванне, што яна працягне традыцыі Саюза курскі літаратараў, які ў Расіі быў прызнаны лепшым па структуры.

У сваім выступе я абапіралася на вопыт працы ў якасці намесніка старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ і члена Савета, а таксама кіраўніка народнага клуба «Жывіца». Уважлівыя вочы, якія былі ў літаратараў, і дапытлівыя – моладзі – казалі аб вялікай цікавасці ў гэтай размове. І зноў быў шэраг пытанняў. У завяршэнні сустрэчы Мікалай Іванавіч Грэбнеў сказаў, што было прынята рашэнне прыняць мяне ў члены свайго Саюза, і ўручыў мне членскі білет № 306. Гэта было вельмі нечакана, але і ганарова, і важна для мяне: я цяпер станаўлюся сувязным звяном паміж нашымі Саюзамі. І, значыць, буду часцей бываць на курскай зямлі – радзіме маіх продкаў.

Ірына Карнаухава