Віктар Сабалеўскі. Была нядзеля, і мы дудзелі
Гумарэскі, фельетоны, байкі паэта і журналіста з Уздзеншчыны Віктара Сабалеўскага аб’яднаны ў кнігу “Была нядзеля, і мы дудзелі”, якая пабачыла свет ў мінскім выдавецтве “Колорград”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі добра вядомы на Міншчыне паэт і настаўнік Уладзімір Цанунін ў прадмове да выдання піша: “Творчасць Віктара Сабалеўскага добра вядома на Уздзеншчыне і за яе межамі. Гэта не толькі добры паэт, але і таленавіты, адказны журналіст, які вось ужо чацвёрты дзясятак гадоў асвятляе ў раённным, абласным, рэспубліканскім друку наша жыццё, смела ўскрывае недахопы нашай рэчаіснасці… Гісторыі, якія сабраў Віктар Сабалеўскі ў гэтай кніжцы, не выдуманыя, гэта наша жыццё. І ў гэтым каштоўнасць творчасці паэта і журналіста”.
Сапраўды, за кожным з паэтычных і празаічных твораў уздзенскага літаратара – адбітак розных сацыяльных, грамадскіх, побытавых клопатаў, якімі сёння жывуць людзі, якія турбуюць і не даюць спакою. Добрая беларуская мова прыцягвае смешныя і калючыя гісторыі, прымушае шмат над чым паразважаць.
Ёсць у кнізе і такі раздзел, сама назва якога гаворыць пра адрасную скіраванасць твораў, ‒ “Парадоксы жыцця канца 90-х гадоў вачыма дзяцей”.
Шкада, што тыраж у кнігі толькі 100 экзэмпляраў. Мусіць, і ў самім Уздезнскім раёне яе запатрабаванасць была б шмат шырэйшай.
Сяргей Шычко