“КАЛІ БЯРЭШСЯ ЗА ПЯРО…”
Новы зборнік паэзіі пад назвай “Калі бярэшся за пяро” – плён творчай працы 77 аўтараў з 22 раёнаў Міншчыны. Кніга, напоўненая пранікнёнымі радкамі, – жывымі пачуццямі і філасофскімі разважаннямі – сапраўдны апафеоз лепшага чалавечага слова, упрыгожанага дакладнай рыфмай.
Прывабна аформленае выданне – своеасаблівы вынік пятнаццацігадовай дзейнасці клуба народных паэтаў і кампазітараў “Жывіца”, створанага пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці.
Прэзентацыя-канцэрт, прысвечаны выхаду ў свет зборніка і дыска пад назвай “Чараўніцы” з маленькімі шэдэўрамі самабытных кампазітараў адбываўся ў шчырай і добразычлівай атмасферы пры вялікай колькасці калег-аўтараў і прыхільнікаў паэтычнай творчасці. У праграму канцэрта ўвайшлі вершы і песні – ўсё найлепшае, што спачатку ўпотай нараджаецца ў чулай, трапяткой душы і вялікім сэрцы, а потым адточваецца да абсалютнай дасканаласці. Так бывае, што праз некаторы час, годна прайшоўшы выпрабаванне часам, яно стварае культурны фонд нацыі.

Як дбайна працуюць аўтары над сваімі творамі, што ўваходзяць у зборнік “Калі бярэшся за пяро”, слухачы даведаліся з вершаў Таццяны і Максіма Шеіных (Радашковічы), Леаніда Агарышава (Слуцк), Таццяны Цвятковай (Вілейка), Ніны Карнішкі (Мінскі раён), Таццяны Цвіркі (Клецк), Валянціны Шчарбаковай (Нясвіж), Алены Брыцкай (Барысаў),Уладзіміра Рунцэвіча (Мар’іна Горка) і іншых.
Лірычна-філасофскі твор “Балада аб скрыпцы” (словы Зельвіна Горна, музыка Уладзіміра Лапціка (Вілейка) у выкананні народнага калектыву аўтарскай песні “Элегія” прымусіла задумацца пра ўжо створаныя сусветныя каштоўнасці культуры і ўласныя таямніцы магічнага спалучэння вершаў і нот, якія так вабяць і чаруюць слухача! Кранула простымі акордамі і меткімі словамі бардаўская песня “Дзякуй, дзед” Юрыя Бялова з Маладзечна і іншых выканаўцаў.


– Зараз у нас пачынаецца “гарачая” пара – праца над новым матэрыялам, – тлумачыць Ірына Аляксандраўна. – Як ведаць, хто з нашых аўтараў напіша тыя радкі, што дадуць новаму зборніку сваю гучную назву?
Анжэліка КУЧЫНСКАЯ,
вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ
вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ