Міншчына святкуе 135-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа

15 лiстапада 2017 года ў ДУА “Верхменская сярэдняя школа імя В. А. Тумара” Смалявiцкага раёна адбылося святкаванне 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Менавіта Верхменская школа стала першым месцам працы настаўніка Коласа, будучага беларускага Песняра.

У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел настаўнікі, кіраўнікі школьных музеяў, мясцовыя паэты. У свяце ўдзельнічалі і прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адзначым, што супрацоўнікі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў на працягу ўсяго года з ахвотай удзельнічаюць у юбілейных мерапрыемствах, прысвечаных беларускім пісьменнікам – ураджэнцам Міншчыны.

Гасцей у гэты дзень шчыра віталі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Смалявіцкага райвыканкама Дастанка Ілона Юр’еўна і дырэктар установы Мікалаева Ірына Валер’еўна.

Кіраўнік школьнага літаратурнага музея Якуба Коласа Верхменскай сярэдняй школы Лютарэвіч Святлана Лявонцьеўна расказала пра вопыт работы па выхаванні дзяцей сродкамі музейнай педагогікі. Яна адзначыла, што менавіта спалучэнне музея і тэатра з’яўляецца найбольш эфектыўным пры выхаванні сапраўдных патрыётаў Радзімы.

Загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама Новак Таццяна Сяргееўна расказала пра святкаванне дня нараджэння Песняра на яго радзіме – у вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна.

Кіраўнік школьнага музея Кухчынскага ВПК Клецкага раёна Слівец Галіна Адамаўна прэзентавала навуковую працу “Якуб Колас – навуковец”.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Чывель Аксана Аляксееўна вяла размову пра арганізацыю творчай дзейнасці навучэнцаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры пры вывучэнні тэмы “Якуб Колас – вялікі Пясняр свайго народа”.

Удзельнікаў свята шчыра вітала Старшыня Мінскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Быкава Святлана Анатольеўна. Паэтка дэкламавала ўласныя вершы, а таксама ўручыла два зборнікі вершаў “Міншчына літаратурная” і “Адлюстраванне”.

Кіраўнік народнага літаратурнага мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна прачытала вершы, прысвечаныя Якубу Коласу. Паэтка таксама падаравала школе зборнік вершаў для дзяцей “Каляровыя вятры”.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, карэспандэнт газеты “Звязда” Пясецкі Яўген Віктаравіч расказаў пра друкаванае выданне і таксама прэзентаваў удзельнікам свята свае ўласныя вершы.

Паэт Цанунін Уладзімір Яфімавіч, які таксама з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў, выконваў аўтарскія песні, чытаў свае вершы пра Якуба Коласа, гутарыў пра сучасныя праблемы моладзі на паэтычнай глебе. У дар ад пісьменніка ўстанова адукацыі атрымала зборнік вершаў “Пушчанскія галасы”.

Завяршылася мерапрыемства інтэрактыўнай экскурсіяй “Якуб Колас – настаўнік Верхменскага народнага вучылішча”, якую правялі члены гуртка “Спадчына” ДУА “Верхменская сярэдняя школа імя В.А. Тумара”.

Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі