Адзінства лясной чысціні і творчасці

Адзінства лясной чысціні і творчасці

Прырода… Лес – яе неад’емная частка, ён заўсёды натхняў і будзе натхняць паэтаў і наогул, творчых людзей на напісанне музычных і мастацкіх твораў, вершаў.

Вяртаючыся з лесу, які каляровай стужкай цямнее побач з Заслаўем, я заўсёды нясу ў кішэні новы верш, а бывае, што адразу некалькі вершаў. Заўважыла, што колькасць іх залежыць ад  стану душы, ад унутранай стомленасці: чым больш я стамляюся ў гарадскіх “каменных джунглях”, тым больш радкоў прыйдзе да мяне на прыродзе, каб прывесці мяне з стан унутранай раўнавагі.

Улічваючы маю любоў да прыроды і да лесу асабіста, я з радасцю і цеплынёй у сэрцы ішла ў сваю родную Заслаўскую сярэднюю школу №1 на сустрэчу, прысвечаную рэспубліканскай акцыі “Чысты лес”, якую праводзіла 7 кастрычніка г.г. Міністэрства лясной гаспадаркі нашай краіны.

Сустрэча павінна было складацца з дзвюх частак. Першая з іх прадугледжвала творчую сустрэчу ў сценах самой школы, а ў другой яе частцы была  дамоўленасць з адміністрацыяй школы пайсці ў бліжэйшую да школы лесапасадку, кабі сабраць там смецце.

У першай частцы адбылося наша знаёмства: мяне, як былой вучаніцы гэтай навучальнай установы і тых, хто прыйшоў на сустрэчу – дзяцей і настаўнікаў.

На сустрэчы вельмі дарэчы гучала пейзажная лірыка, вершы пра лес, прыроду наогул, яе ахову. Я знаёміла прысутных не толькі са сваімі вершаванымі творамі, але прачытала шмат вершаў юных заслаўчан, змешчаных у агульнагарадскіх зборніках дзіцячай творчасці, укладальніцай і рэдактарам якіх я з’яўляюся (“Струмені заслаўскай крынічкі” (2016 г.в.) і “Нашчадкі Рагнеды” (2017 г.в.)).   Жывую зацікаўленасць у дзяцей выклікала тое, што сярод прысутных было некалькі чалавек, чые літаратурныя творы ці малюнкі былі ў зборніках. Яны самі прачыталі свае вершы і казкі. Адна з дзяўчынак  (Надзея Раманоўская, вучаніца  5 класа) выйшла і напамяць прачытала мой верш, які яна самастойна знайшла ў Інтэрнэце, калі пачула пра тое, што ў школе хутка адбудзецца сустрэча. Дзяўчынка сказала, што вельмі любіць паэзію, чытае шмат вершаў і нават сама спрабуе іх пісаць. Удзячная ёй, я з задавальненнем падарыла ёй адзін са сваіх паэтычных зборнікаў і пажадала творчых поспехаў.

Творчая частка сустрэчы доўжылася больш за гадзіну – дзеці слухалі і самі чыталі свае вершы, разгадвалі мае вершаваныя загадкі. Напрыканцы мерапрыемства настаўніца рускай мовы і літаратуры Матрунчык Людміла Сямёнаўна высказала свае добрыя ўражанні аб сустрэчы. Потым мы ўсе разам, начале з педагогам-арганізатарам Ганнай Валянцінаўнай, апрануліся і пайшлі ў бліжэйшую да школы лесапасадку, каб  усёй грамадой зрабіць наш свет крышачку чысцейшым.

 Святлана БЫКАВА