Р. Малахоўскі. Распятае каханне
Барвовай заранкай на вуснах ірдзее надзея,
Яе калыхаюць бясшумныя крылы вясны.
А ночы акраец пад чарамі зор палымнее,
Блакiтам нябёсаў асвечаны мары i сны.
Глухія куты не пачуюць прыцішаны голас,
I здрада паточыць пачуцці, як вопратку моль,
Пасохнуць яны, як спякотай засмужаны колас,
Душу запалоніць нясцерпны, заслужаны боль.
Астыў на стале шэры прысак згарэлай лучыны,
I зоркi адбітак размыты у шклянцы вады.
Павыстылі сцюжна пачуцці і думы дзяўчыны,
У садзе кахання трымціць бадыллё лебяды.
Яе пачуццё мне распятае бачыць нязвыкла.
Пагляд абыякавы холадам сэрца кране.
Знявечана шчасце да смешнага дробным і прыкрым, —
Прысуд агалошаны. Сорам карае мяне.