А.Быкаў. Вершы
Праз дзяды
Ўжо колькі часу няма Саюза,
Як і сіропу за тры капейкі…
Мы на Міжмор’і лагодзім пузы,
І да Парыжа пластуюць рэйкі.
А я ці памятаю? Ці шкадую?
Калі без лозунгаў і пагрому —
Згадаю раптам сцяжыну тую,
Дзе басанож я ляцеў дадому.
Душа дзіцячая аж трымцела,
Бо праз дзядоўнік вялі дарогі.
Вучыла маці: “Бяжы ты смела —
І не параніш дзядамі ногі.”
Дзе тая лёгкасць і тая вера?
Што час і людзі зрабілі з намі!
Я адчыняю у ранак дзверы:
Да маці сцежка вядзе з дзядамі…
Позняя госця
Што нам выкінуць косці
У вар’яцкай гульні?
Восень — позняя госця,
Ты прыгожа змані,
Што хадзіла па сонца
У захмараны свет,
Як сварлівае жонцы
Маніць Грышка-сусед.
Ты змані, я стрываю
Ўсю няшчырасць тваю,
І радкі пачытаю,
Ды і чарку налью.
Быццам зорак суквецце,
Ліхтары у двары.
Як у добрай бяседзе,
Пасля трэцяй — сябры!
Ці было “па фэн-шую”,
Ці трысцём парасло,
Цябе, восень, прашу я
Гэтай цемры назло:
Ты змані мне, як жонцы
Маніць Грышка-сусед,
Што хадзіла па сонца
У захмараны свет.
Бацькоўскі пагорак
Туды, дзе бацькоўскі пагорак
Як спраўджаны сон паўстае,
Вяртаем з далёкіх вандровак
Стамлёныя сэрцы свае.
Паволі адгрукаюць колы,
І гром адляскоча турбін.
І нашы з табою анёлы
З палёгкай зірнуць з аблачын…
***
Ад родных купін
нікуды не дзецца,
На момант з’едзем
ці на ўсё жыццё…
І зберагаючы
ад тлуму сэрца,
Над хатай вечар
крылы распасцёр.
Якія ні рабі ў жыцці
высновы,
Ды шчасце ў тым,
ты разумееш зноў:
Сустрэць каб сонца
узыход барвовы
І весткі дачакацца
ад сыноў.
* * *
І вось яно, новае лета,
І новы, не спраўджаны, лёс.
І сонца глядзіцца з нябёс
Падкінутаю манетай …
Бяжыць жыццё…
Бяжыць жыццё…
Як не хапае свят!
У час былы
адчайна зазіраем,
Дзе мы ў кіно
кагосьці запрашаем
На самы лепшы —
на апошні рад!
Сны
А добры сон — як добры чалавек.
Ён з’явіцца і сыдзе незаўважна…
І ты душу зноў пакладзеш на здзек
У новы дзень — і хмурны, і прадажны.
І прыкра так, аж хочацца завыць.
Так крыўдна. І ад роспачы нямею…
А воблакам заўжды ў нябёсах плыць,
І сны люляць, і мары, і надзеі!
Фэйсбучны верш
На старонцы фэйсбучнай я зноў —
Віртуальныя зносіны ў модзе.
І ўсё шырыцца кола сяброў,
І ў мяне ўжо да сотні даходзіць.
Толькі думка прыйшла незнарок
Пасярод віртуальнай хімеры:
Каб адзін хоць націснуў званок,
Каб адзін хоць пагрукаў у дзверы!
Экспромт
Паэтам радасцяў не трэба,
Бо залянуюцца яны.
Акраец хлеба, лусту неба,
І толькі поўны кош віны …