Казкі чароўнай феі
Кацярына Хадасевіч-Лісавая, якая піша прыгодніцкія гісторыі і казкі, прыехала на сустрэчу з чытачамі ў бібліятэку сямейнага чытання «Верасок». Сярод іх былі не толькі дзеці, але і дарослыя, якія цікавяцца яе творчасцю.
Кацярына звяртаецца да тэмы экалогіі, адносін чалавека да прыроды, разумення Сусвету. Яе гісторыі атрымліваюцца павучальнымі. Але чытачы нібы не заўважаюць гэтага і вандруюць разам з літаратурнымі героямі. Кнігі на беларускай мове, напісаны проста і зразумела. У гэтым Кацярыне дапамагае педагагічная адукацыя. Яна працуе настаўніцай пачатковых класаў у Ждановіцкай школе, у якой раней сама вучылася.
«З дзяцінства любіла складаць розныя гісторыі і расказваць іх сваім сябрам. Потым пачала запісваць сюжэты і друкавацца ў перыёдыцы. У выбары мовы не вагалася», – гаворыць творца.
Кацярына Хадасевіч-Лісавая піша для дарослых і дзяцей. Першая кніга для хлопчыкаў і дзяўчынак «Падарожжы ў Чароўны лес» з’явілася ў 2008 годзе, а натхніў на яе напісанне 4-гадовы сын Кацярыны Станіслаў. Штодзень хлопчык прасіў расказаць новую гісторыю, і неяк Кацярына прыдумала сюжэт сама. Так разам з сынам і барсучанём Бунем яна адправілася ў захапляльную вандроўку. Потым з’явілася кніга «Касмічная адысея хлопчыка Стасіка». Як гаворыць аўтар пра гэты зборнік казак, яна «назірала за сваім сынам і дадала крыху чараўніцтва…». У 2012 годзе Кацярына была адзначана за «Адысею» другой прэміяй у рэспубліканскім літаратурным конкурсе ў намінацыі «Дзіцячая літаратура».
Пісьменніца часта звяртаецца да тэмы космасу — некалькі кніг прысвечана зоркам і іншым героям загадкавых касмічных далячынь. У новым творы Кацярыны «Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка», якую яна прэзентавала ў бібліятэцы «Верасок», расказваецца аб тым, як госць з космасу выдатна правёў канікулы на Зямлі. Казачніца запрашае чытачоў паглыбіцца ў таямнічы і прыцягальны свет фантазіі. Менавіта ў ім пабывалі госці мерапрыемства разам з пісьменніцай, якая ператварылася ў зорную фею і чаравала ў бібліятэцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі адчулі на сабе магічную сілу чароўнай палачкі: фея змагла адгадаць іх імёны. Разам з казачніцай школьнікі вынайшлі спосаб пераносіцца ў мінулае…
Кацярына Хадасевіч-Лісавая, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, з’яўляецца аўтарам сямі кніг, якія запатрабаваныя і сярод чытачоў «Вераска». Творца з радасцю папоўніла кніжны фонд бібліятэкі і падарыла некалькі сваіх твораў.
Ірына Рабушка
Фота: Аляксей ПЛАТКО