Паклон праз гады

15 чэрвеня  2017 года  ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”  Валожынскага РЦК сумесна з работнікамі Вішнеўскіх сельскай бібліятэкі і сельскага Дома культуры  ладзілі сустрэчу-ўспамін “Паклон праз гады…”  – да 105-годдзя з дня нараджэння слаўнага земляка – таленавітага, празаіка, перакладчыка, краязнаўцы, былога настаўніка Вішнеўскай сярэдняй школы Пятра Іванавіча Біталя.

На мерапрыемства былі запрошаны і прыехалі яго родныя: сын Андрэй Пятровіч Бітэль (разам з жонкай Ірынай Канстанцінаўнай , дачкой Наталляй, зяцем і ўнукам  – з Пухавіцкага раёна; дачка Ала Пятроўка Кукель, унучка Тамара  Іванаўна Бярэзіна   з сынам Аляксеем – з Маладзечна; а таксама вядомы краязнаўца, пісьменнік і бібліяфіл Міхась Міхасевіч Казлоўскі, які шчыра сябраваў з Пятром Іванавічам да яго апошніх дзён…

Напачатку  рунеўцы  разам з гасцямі  наведалі магілу П.І.Біталя і яго жонкі Ніны Іванаўны, а таксама  вядомай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло,   усклалі кветкі.

У фае  сельскага дома культуры, дзе праходзіла сама сустрэча-успамін,  аформлена тэматычная літаратурная выстава, на журнальным століку – партрэт  Пятра Іванавіча, кветкі, свечка, якую запалілі на пачатку мерапрыемства. У імправізаванай зале – госці, вучні, якія адпачываюць у летнім лагеры на базе мясцовай школы, сталыя і юныя вішнеўцы.  Вершы П.І.Біталя і пра яго,  цёплыя, шчырыя ўспаміны М.Казлоўскага, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Т. Бярэзінай, якая пайшла не толькі настаўніцкай сцяжынай свайго роду, але і дзедавай літаратурнай, М. Шакун , былых вучаніц  слаўнага Настаўніка і творцы  Н. Іванкевіч і Л.Бітэль краналі да слёз.  Пранікнёна чыталі ўрыўкі з вершаваных  аповесцяў Пятра Біталя “ Дзве вайны” і   “Баруны” удзельніцы гасцёўні “Вянок”, якая працуе пры бібліятэцы, і вакальнага гуртка СДК  Таня Трахімовіч і Яна Бітэль, якія таксама выканалі песню “Люблю…” на словы К.Буйло.

Лейтматывам жа сустрэчы-ўспаміну сталі апошнія радкі з вядомага верша Пятра Іванавіча, які гучыць  наказам  не толькі кроўным нашчадкам, але і ўсёй нашай моладзі:

Любіць сваё  –  зусім не значыць

Чужое ганьбіць, адмаўляць.

Вось за чужым свайго не бачыць,

Не вывучаць, не шанаваць –

Злачынствам будзе без сумнення,

Бо ёсць такі закон жыцця:

Шануй чужое аж да пакланення,

Сваё любі да самазабыцця.    

 

Валянціна Гіруць-Русакевіч, кіраўнік

народнага літаратурна-мастацкага

аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК