ХVІІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ФЕСТЫВАЛЬ БЕЛАРУСКАЙ ПЕСНІ І ПАЭЗІІ «МАЛАДЗЕЧНА – 2017»
Share the post "ХVІІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ФЕСТЫВАЛЬ БЕЛАРУСКАЙ ПЕСНІ І ПАЭЗІІ «МАЛАДЗЕЧНА – 2017»"
За дваццаць чатыры гады Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” стаў самай чаканай падзеяй у музычным жыцці горада. Сямнаццаты па ліку фестываль пройдзе 1-3 чэрвеня. Музычнае свята разгорнецца на галоўных канцэртных пляцоўках горада, на якіх адбудуцца разнастайныя творчыя сустрэчы.
Знакавая дата – 135-годдзе з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Я. Купалы, Я. Коласа – стане лейтматывам урачыстай падзеі. Творчасць класікаў узняла беларускую літаратуру на еўрапейскі ўзровень. Якуб Колас і Янка Купала зрабілі вясомы ўклад у стварэнне і ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці. Дзякуючы плённай працы, таленту, шматграннай дзейнасці народныя паэты застаюцца значнымі фігурамі на працягу двух стагоддзяў, а іх публіцыстыка папулярная і сёння.
Напярэдадні свята старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец прапанаваў правесці паэтычны дэсант у Маладзечна. Гэтую ініцыятыву падтрымала рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь».
31 мая Мінскае абласное аддзяленне СПБ прадставіла літаратурна-музычную кампазіцыю ў гімназіі-каледжы мастацтваў г. Маладзечна. Для навучэнцаў і настаўнікаў гэтай установы адукацыі была прадстаўлена цудоўная магчымасць сустрэцца са знакамітымі людзьмі – паэтамі, пісьменнікамі, якія сабраліся з усіх куткоў нашай роднай Міншчыны. У саставе дэлегацыі: Алена Стэльмах – першы намеснік старшыні СПБ, Быкава Святлана – старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ, Ганушкіна Бажэна – намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ, Таццяна Атрошанка, Жураўлёў Аркадзій – нашы землякі, Віктар Кажура, Уладзімір Цанунін – паэты з Вілейкі, Ліля Мялешка, Галіна Нупрэйчык, Аксана Ярашонак, Русакевіч Валянціна, Рэгіна Рэўтовіч і наш знакаміты зямляк – кампазітар Аляксей Елісеенкаў. Сустрэча прайшла на адным подыху, і хоць гэта быў экспромт, але з артыстычным канферансье Віктарам Кажура, з яго яскравым прадстаўленнем сваіх калег, выступленні паэтаў, пісьменнікаў, артыстаў былі занатаваны ў адзін калектыўны творчы зборнік. Сапраўдным аздабленнем праграмы было выступленне кампазітараў, артыстаў Таццяны Атрошанкі і Аляксея Елісеенкава. На прыканцы сустрэчы госці падаравалі ўстанове свае кніжкі, дыскі.
У гэты дзень адбылася сустрэча з лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы паэтам-песеннікам Іванам Юркіным, вельмі цікавым і творчым чалавекам. У яго творчасці адлюстраваны старонкі гераічнай біяграфіі, лёс нашай краіны.
А ў першы дзень чэрвеня ў “Маладзечанскай музычнай школе мастацтваў” прайшоў творчы вечар паэта-песенніка Кастуся Цыбульскага. Са сцэны гучала мілагучная родная беларуская мова.
У актавай зале Маладзечанскіх электрасетак адбылася творчая сустрэча“Тварыце, людзі, на зямлі дабро” з Міхасём Пазняковым, сакратаром Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, з удзелам Вольгі Багушынскай, Сяргея і Інны Кравец.
Юныя чытачы бібліятэкі “Верасок” сустрэліся з дзіцячымі пісьменнікамі Уладзімірам Мазго, Анатолем Зэкавым, Мікалаем Чарняўскім. Яны падарылі дзецям незабыўную казку-сустрэчу.
Члены АПП “Маладзечанская ЦРБ” РГА “Белая Русь” прысутнічалі на прэзентацыі фотаальбома «Зачараваны Беларуссю», якую правёў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Цыдзік Уладзіслаў з удзелам Рэгіны Рэўтовіч, Людмілы Круглік і барда Генадзія Парыкіна. Выданне ўнікальна тым, што ў ім сышліся два напрамкі мастацта – фатаграфія і паэзія, кожнае фота ў кнізе прэзентавана вершамі сучасных беларускіх паэтаў. Па дадзеных, “Белкніга” выданне стала лідарам продажу і рэкамендавана ў якасці падарачнага экзэмпляра.
Маладзечанская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” ад імя усіх удзельнікаў сустрэч выказвае словы ўдзячнасці паэтычнаму дэсанту за таленавітае прадстаўленне сваёй творчасці. Спадзяемся, што творчыя сустрэчы будуць актыўна садзейнічаць адкрыццю новых літаратурных зорачак на небасхіле айчыннай культуры, развіццю літаратурнага працэсу ў Беларусі і нададуць добры імпульс у напісанні твораў, вартых нашага часу.
http://www.belayarus.by/news/primary/6857.html