Міжнародны злёт піянераў
Напэўна, кожны памятае сваё дзяцінства, тое, як ён уступаў у вялікую піянерскую суполку. Дзякуючы Міжнароднаму злёту піянераў “Заўжды гатовы!”, прысвечанаму 95-годдзю піянерскага руху, мне таксама пашчасціла зноў вярнуцца ў той час, датыкнуцца да энергіі і запалу дзяцінства.
Вялікае свята праходзіла 18-20 мая г.г. ва ўстанове адукацыі “Мінскі дзяржаўны Палац дзяцей і моладзі”. 19-га мая ўсе памяшканні Палаца зранку напоўніліся ўдзельнікамі фэсту ў яркіх, каляровых касцюмах і чырвона-зялёных піянерскіх гальштуках, паўсюды гучалі гукі горнаў, юныя музыкі білі ў барабаны. У кожным з будынкаў Палаца (галоўны будынак, будынак “А” і будынак “Б”) праходзілі конкурсы і выступленні. Перад пляцоўкай, на якой адбылося ўрачыстае адкрыццё свята, было шмат камер тэлебачання, працавалі журналісты. На свята былі запрошаны замежныя госці, лідары-кіраўнікі піянерскага руху Беларусі, больш за 200 піянераў з усіх рэгіёнаў Беларусі, ветэраны вайны, пісьменнікі, прадстаўнікі амаль усіх грамадскіх арганізацый краіны.
У той жа час ва ўтульным памяшканні кіналекцыйнай залы адбылася сустрэча юных ўдзельнікаў свята з пісьменнікамі Беларусі. Мерапрыемства пачала прадстаўнік выдавецтва “Чатыры чвэрці” Франко Святлана Іванаўна. Яна расказала прысутным пра новавыдадзены зборнік “Страна дружбы і добра”, які складзены з вершаў і ілюстрацый удзельнікаў праведзенага напярэдадні свята рэспубліканскага конкурсу.
Я ад імя ўсёй літаратурнай суполкі Міншчыны павіншавала ўдельнікаў мерапрыемства са святам, пажадала ім поспехаў ва ўсіх піянерскіх (і не толькі) справах, быць актыўнымі членамі арганізацыі, стаць сумленнымі, разумнымі, добразычлівымі людзьмі. Напрыканцы свайго выступлення прагучаў мой верш “Сказ о дубе”, а таксама песня “Пионерия” – падарунак удзельнікам вялікага фэсту ад піянерскай дружыны ДУА “Заслаўская гімназія”, якую яны напісалі да свята.
Цікавым для дзяцей было выступленне журналісткі і дзіцячай пісьменніцы Алены Стэльмах. На сустрэчу з чытачамі яна прыехала не адна, а са сваёй дачкой і ўнучкай, якія з’яўляюцца суаўтарамі дзіцячых кніг “В гостях у Франциска Скорины” і “Большое представление для Сонечки”, выдадзеных пад псеўданімам ЕВА НЭММ. Дзяўчынкі цікава расказвалі пра герояў кніг, пра гісторыі ўзнікнення іх імёнаў. Прысутныя актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні твораў, а самыя актыўныя атрымалі ад маладых суаўтарак нават прызы – закладкі для кніг з лагатыпамі кніг ЕВЫ НЭММ.
Мерапрыемства прадаўжалася яшчэ доўга, амаль да 15 гадзін. За гэты час паспелі правесці прэзентацыі сваіх новых кніг яшчэ тры вядомыя беларуския пісьменнікі. Мікола Чарняўскі пазнаёміў юных чытачоў са сваёй новай кніжкай “Самы радасны дзень”, Уладзімір Мазго правёў прэзентацыю кнігі “Адвечныя скарбы Радзімы”, Анатоль Зэкаў чытаў вершы са сваёй новай кніжкі “Подари улыбки, детство!”.
…А ў іншых памяшканнях Палаца ў той час праходзілі розныя выставы, конкурсы піянерважатых, гарністаў, барабаншчыкаў… Свята пела, звінела дзіцячымі галасамі, гудзела – шчыравала!
У добры шлях, птушаняты!