Радкі для фестывалю
Пісьменніцкая суполка краіны папаўняецца цікавымі творцамі. Падчас пленуму СПБ сябрам арганізацыі стаў паэт-песеннік Алег Жукаў, аўтар тэкстаў больш як 200 песень, якія выконваюць Ірына Дарафеева, Вольга Плотнікава, Юрый Антонаў, Аляксандр Буйноў і іншыя папулярныя беларускія ды расійскія эстрадныя спевакі. Шлягерамі паспелі стаць «Люди встречаются», «Птицы», «Все цветы июля»…
Сярод новых сяброў СПБ — паэт і празаік Аляксандр Кавалёнак, дзіцячы пісьменнік Андрэй Мацвеенка, публіцыст Наталля Сляднева. А песні на вершы Алега Жукава можна будзе пачуць падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, які адбудзецца на пачатку чэрвеня. Першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах распавяла, што да ўдзелу ў святочнай праграме запрошаны і маладыя паэты. Напярэдадні свята старшыня СПБ Мікалай Чаргінец прапанаваў паэтычны дэсант у Маладзечна. Гэтую ініцыятыву падтрымала рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь». Мінскае абласное аддзяленне СПБ прадставіць літаратурна-музычную кампазіцыю ў гімназіі-каледжы мастацтваў г. Маладзечна. У гімназіі № 10 адбудзецца сустрэча з лаўрэатамі прэміі Саюзнай дзяржавы, у тым ліку з паэтам-песеннікам Іванам Юркіным. У першы дзень чэрвеня пройдуць творчы вечар паэта-песенніка Кастуся Цыбульскага, прэзентацыя кніг серыі «Несур’ёзна пра сур’ёзнае» выдавецтва «Чатыры чвэрці», сустрэча юных чытачоў з дзіцячымі пісьменнікамі і прэзентацыя альбома «Зачараваны Беларуссю».
Да свята СПБ рыхтуе яшчэ два цікавыя праекты. Паэт-песеннік Андрэй Скарынкін прапанаваў паказаць рок-оперу па паэме Янкі Купалы «Курган», у якой прагучаць вершы сучасных паэтаў. Мяркуецца прэзентаваць і скульптурна-паэтычную кампазіцыю, суаўтары якой — скульптар Уладзімір Слабодчыкаў і паэтэсы Валянціна Паліканіна, Юлія Алейчанка, Маргарыта Латышкевіч, Іна Фралова.
Яшчэ адной тэмай пасяджэння стала завяршэнне раённых этапаў рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка». У кожным раёне сярод членаў журы былі пісьменнікі. Алена Стэльмах адзначыла: вельмі радуе, што школьнікі цікавяцца беларускай літаратурай. Цяпер ідзе падрыхтоўка да абласных этапаў.
І яшчэ адзін цікавы факт – на адрас СПБ прыйшоў цёплы водгук з Кабардзіна-Балкарыі, куды сябры творчай арганізацыі адправілі свае кнігі: студэнты філалагічнага факультэта Кабардзіна-Балкарскага дзяржуніверсітэта, дзе цяпер вывучаюць і беларускую мову, атрымалі магчымасць пазнаёміцца з нашай культурай.
Яна ЯВІЧ