Не забудуцца жахі вайны….

          IMG_1104Вайна… Напэўна, гэта самае страшнае слова, якое існуе ў нашым свеце. Дзеля таго, каб людзі не забыліся на яе жахі, каб не зрабілі памылкі, якая б зноў прывяла да шматлікіх чалавечых ахвяр, сёння патрэбна памятаць пра тое, што перажылі  людзі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

          Вёска Хатынь – горкі напамін пра жудасныя падзеі тых гадоў. Таму 9 мая гэтага года, каб ушанаваць памяць загінуўшых жыхароў гэтай вёскі,  ад Мінскага аблвыканкама была напраўлена дэлегацыя прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў Мінскай вобласці для ўскладання вянкоў і кветак да Вечнага Агню Хатыні.  

          DSCN6751Сярод тых, хто ўшаноўваў памяць загінуўшых у Хатыні, былі намеснік кіраўніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Маслаў Алег Аляксандравіч, дырэктар МДК “Хатынь” Зельскі Артур Гарыевіч, дырэктар радыё “Мінская хваля” Вятская Тамара Рыгораўна, намеснік старшыні Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Шадзько Ксенія Валер’еўна, старшыня Мінскага абласнога Саюза афіцэраў Белавусаў Уладзімір Пятровіч і інш. асобы, а таксама каля 50 школьнікаў з горада Лагойска.

           DSCN6706Ад Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ў мерапрыемстве прыняла ўдзел яго старшыня Быкава Святлана Анатольеўна. Ад імя ўсіх пісьменнікаў Міншчыны яна ўсклала кветкі да Вечнага Агню і дала інтэрв’ю для радыё “Мінская хваля”. Яна павіншавала ўсіх са Святам Перамогі, пажадала яснага мірнага неба і выказала думку аб неабходнасці захавання і ўшанавання памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Кіраўнік аддзялення адзначыла, што пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення шмат пішуць пра падзеі і герояў Вялікай Айчыннай вайны. Яна ўзгадала творы Далгатовіча Барыса Дмітрыевіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Муравейкі Івана Андрээвіча, расказала пра выдадзены да 70-годдзя Вялікай Перамогі калектыўны зборнік твораў літаратараў Міншчыны “Радзіма. Адзінства. Перамога”, у які ўвайшлі творы каля 40 членаў творчага аб’яднання.

            Напрыканцы свайго выступлення Святлана Анатольеўна прачытала свой верш:

 Чалавецтва нібы вар’яцее:

Ваяўнічыя носіць ідэі,

Вырабляе знішчальную зброю –

Час і сілу марнуе на тое,

Каб адзін аднаго забіваць

І матулю-Зямлю катаваць.

Рэкі слёз зноў плывуць па планеце,

У крыві захлынаюцца дзеці…

 

І чаго, чалавек, табе мала?

Можа, сонца і зорак не стала?

Адабраў, можа, кат, люты вораг

Сінь нябёс і святло любых зорак?

 

Ёсць усё для жыцця і надзеі,

Толькі ладзяць вайну «дабрадзеі»:

Справы злыя фарбуючы мелам,

Робяць чорнае значным і белым.

 

Але ж праўда жыве на планеце,

Яе ведаюць (сорам нам!) дзеці:

На Зямлі каб вайны больш не стала,

Трэба зброю пусціць на аралы.

Каб святлей і цяплей было ў доме –

Жыць патрэбна разумна, свядома!