Рэспубліканскі конкурс “Жывая класіка” ў раёнах Мінскай вобласці
Шніп, Купала, Багдановіч: якія вершы абралі юныя чытальнікі і іх настаўнікі для конкурсу “Жывая класіка” (Маладзечанскі раён)

На працягу некалькіх гадзін у маладзечанскай школе №14 са сцэны гучала жывая класіка. Менавіта так называўся конкурс юных чытальнікаў.
На раённы этап конкурсу прыйшло 85 заявак.
Дзеці выступалі ў чатырох узроставых групах: пачатковая школа, пяты-шосты клас, сёмы-восьмы клас і дзявяты-дзясяты клас.
Журы, у склад якога ўвайшлі педагогі, пісьменнікі і бібліятэкары, неабходна было выбраць па аднаму пераможцу ў кожнай групе для выступлення на абласным этапе.
У маі ў Мінскай аобласці Маладзечна прадставяць Мацвей Губін, Эвяліна Дунчанка, Аляксей Ляшковіч і Юлія Аноп. Першыя два пераможцы з сельскіх школ, апошнія два – з гарадскіх.
Сёлета конкурс “Жывая класіка” прысвяцілі 500-годдзю кнігадрукавання. Таму шмат вершаў чыталі пра Скарыну, кнігу, родную мову. Гучалі вершы Янкі Сіпакова, Алены Ліхадзіеўскай, Віктара Шніпа, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Міхася Пазнякова.
Аксана Ярашонак, фота аўтара
Радзіму вершам славілі (Любанскі раён)
29 красавіка ва ўсіх раёнах Беларусі прайшоў раённы этап рэспубліканскага творчага конкурса юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства сталі міністэрствы адукацыі, інфармацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і тэлеканал СТВ. Напярэдадні ва ўсіх гарадскіх і сельскіх школах краіны вызначылі лепшых чытальнікаў твораў класікаў беларускай літаратуры і сучасных аўтараў, а ў мінулую суботу яны спаборнічалі за права прадстаўляць свой раён на абласным этапе конкурса.
Актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве, што праходзіла пад дэвізам “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну”, прынялі члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з Уздзеншчыны. Галіна Нічыпаровіч ўваходзіла ў склад журы конкурсу ў сценах Уздзенскай гімназіі, Дзмітрый Вінаградаў і Таццяна Цехнебедзіна – у гімназіі горада Капыля, а Віктар Сабалеўскі ацэньваў чытальніцкія здольнасці вучняў Любанскага раёна у сценах школы ў вёсцы Сарачы.
У сапраўднае свята беларускай паэзіі, культуры ператварылася падобнае мерапрыемства на Любаншчыне. Адказна аднесліся хлопчыкі і дзяўчынкі і іх педагогі да выбару твораў для дэкламацыі. Са сцэны Сароцкай школы гучалі вершы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, Ніла Гілевіча і Пімена Панчанкі, Францыска Скарыны і Петруся Броўкі, іншых паэтаў. Гэта былі творы пра маму, любоў да Радзімы, роднай мовы, пра гордасць нашага краю і славянскага пісьменства Францыска Скарыну (з нагоды чакаемага 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і быў арганізаваны гэты конкурс). А найбольш папулярным творам стала балада Янкі Сіпакова “Кантрабанда”, якую дэкламавалі ажно пяць разоў, і ўсе чытальнікі былі па-свойму адметнымі.Чыталі дзеці і вершы свайго земляка, старэйшыны пісьменніцкага цэха Беларусі (напрыканцы мінулага года ён адзначыў сваё 95-годдзе) Івана Муравейкі. Творчасць, жыццёвы шлях удзельніка Вялікай Айчыннай вайны тут у пашане. У раёне штогод арганізоўваецца дзіцячы конкурс літаратурнай творчасці “Мураўіная сцяжынка”, удзельнікаў якога вітае сам Іван Андрэевіч. Чакалі яго і на сёлетнім мерапрыемстве, але на гэты раз здароўе не дазволіла ветэрану прыняць у ім удзел.
Пакуль члены журы падлічвалі набраныя канкурсантамі балы, бадзёрымі беларускімі танцамі парадавалі ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства школьнікі. Названы пераможцы ў чатырох узроставых катэгорыях (вучні пачатковых, 5-6, 7-8 і 9-10 класаў), якія здолелі лепш за сваіх равеснікаў прадэмастраваць свой артыстызм, ступень пранікнення ў тэму абранага твора і, безумоўна, гатоўнасць дастойна прадставіць раён на абласным этапе конкурса.
Сяргей ВАСІЛЬЧУК
На здымках – дыпламанты конкурсу ад Любаншчыны
Горад Жодзіна
29 красавіка 2017 г. на базе ДУА “Сярэдняя школа № 8 г.Жодзіна” прайшоў конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка” па скарынінскай тэматыцы ў рамках падрыхтоўкі да святкавання Дня беларускага пісьменства.
Галоўная мэта конкурсу – развіццё і выхаванне высокіх маральных каштоўнасцей і ідэалаў беларускага грамадства, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблематыкі чытання. Дэвіз конкурсу – “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!”. У гэтым годзе конкурс юных чытальнікаў быў прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі 40 навучэнцаў ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада Жодзіна з I па X класы, якія прадставілі на суд журы 36 твораў. Конкурс прайшоў па некалькіх узроставых катэгорыях: пачатковыя класы, V-VІ класы, VІІ – VІІІ класы, ІХ-Х класы. Вучні чыталі вершы беларускіх паэтаў пра родную мову, пра горад Мінск, пра першадрукара Францыска Скарыну, пра ліхалецце вайны і іншыя.
На мерапрыемстве прысутнічалі начальнік адукацыі, спорту і турызму Дуванава Ірына Яўгеньеўна, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Ганушкіна Бажэна Юр’еўна; бібліятэкар цэнтральнай гарадской бібліятэкі Хілюціч Ірына Анатольеўна, старшыня Жодзінскага гаркама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ахрамовіч Алена Аляксандраўна, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Выгоўская Таццяна Вячаславаўна, метадыст аддзела Маркоўская Галіна Васільеўна, настаўнік факультатыўных заняткаў музычнага напрамку дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 5 г. Жодзіна” Урбановіч Інэса Анатольеўна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 8 г. Жодзіна”, Каратчэня Святлана Іванаўна.
Пераможцы градскога этапу конкурсу “Жывая класіка” ўзнагароджаны дыпломамі гарадского аддзела адукацыі, споту і турызму Жодзінскага гарвыканкама. Віншуем навучэнцаў і іх кіраўнікоў з перамогай! Жадаем новых творчых поспехаў і дасягненняў!
Т.Выгоўская
Старадарожскі раён
Раённы этап рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» (Вілейскі раён)
Удзельнікі – навучэнцы ўстаноў адукацыі горада і раёна – былі падзелены на чатыры ўзроставыя катэгорыі. Па ўмовах конкурсу іх выступленні ацэньваліся па трох крытэрыях: глыбіня і пранікненне ў вобраз і сэнс твора, выбар тэксту твора, артыстызм выканання. Таму перад журы стаяла надзвычай адказная задача. У яго склад увайшлі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Пуцэйка, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірына Бадзеева, члены абласнога аддзела грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Віктар Кажура і Уладзімір Цанунін, загадчыца аддзела маркетынгу ДзУК «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік» Іна Лазар.
Ад мала да вяліка – згодна гэтаму ўзроставаму крытэрыю ўдзельнікі конкурсу выходзілі на сцэну. Кожнае выступленне гучала своеасабліва, нават калі гэта быў адзін і той жа верш. Музычны акампанемент, удала падабраны касцюм, па-майстэрску расстаўленыя паўзы, удалая інтанацыя ці своечасовы жэст – такія прыёмы рабілі непаўторным кожнае выступленне.
Мала проста вывучыць верш на памяць – трэба найперш зразумець яго і данесці слухачу так, каб і той не застаўся раўнадушным да твора. Каму даводзілася быць на месцы юных чытальнікаў, разумее гэта, а таксама тыя эмоцыі, якія пануюць у дзіцячай душы ў момант выступлення. Вопытнае журы пільна ўлічвала ўсё. У першай узроставай катэгорыі дыплом першай ступені ў Ксеніі Шалуха, вучаніцы чацвёртага класа Ільянскай сярэдняй школы імя А. А. Грымаця, дыплом другой ступені ў Дар’і Сарокінай, вучаніцы чацвёртага класа Вілейскай гімназіі №2, дыплом трэцяй ступені ў Ангеліны Прохаравай, вучаніцы першага класа пачатковай школы №6 г. Вілейкі.
У другой узроставай катэгорыі лепшымі сталі наступныя вучні: дыплом першай ступені атрымала пяцікласніца Дзіяна Гіль з Вілейскай гімназіі №1 Логас, дыплом другой ступені – Валерыя Ілларыёнава, пяцікласніца Нарацкай школы, дыплом трэцяй ступені – пяцікласніца Валерыя Шыцік з Вязынскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. У трэцяй узроставай катэгорыі месцы размеркаваліся такім чынам: дыплом першай ступені атрымала Агата Шкелка (8 клас, Даўгінаўская сярэдняя школа), дыплом другой ступені – Аліна Пыско (7 клас, гімназія №2), дыплом трэцяй ступені – Ульяна Вярбіцкая (8 клас, Ільянская сярэдняя школа імя А. А. Грымаця). У чацвёртай узроставй катэгорыі лепшым стаў Артур Броўка (9 клас, Вілейская гімназія №1 «Логас»),у яго дыплом першай ступені, дыплом другой ступені ў Яўгеніі Ляшкевіч (9 клас, сярэдняя школа №3 г. Вілейкі, дыплом трэцяй ступені ў Арсенія Максімава (9 клас, Вілейская гімназія №2). Усе дыпламанты прадставяць Вілейшчыну на абласным этапе конкурсу, які адбудзецца 26 мая. А заключны этап рэспубліканскага конкурсу адбудзецца напярэдадні або ў Дзень беларускага пісьменства, які сёлета будзе адзначацца ў Полацку.
Вынікі конкурсу вызначала не толькі перамога. Галоўнае тое, што школьнікі чыталі творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, і ў актавай зале гімназіі «Логас» гучала прыгожае беларускае слова – слова пра Скарыну.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА