Непарыўная сувязь пакаленняў (да 135-годдзя са Дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы)
Share the post "Непарыўная сувязь пакаленняў (да 135-годдзя са Дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы) "
Як перадаць падрастаючаму пакаленню, вучням любоў да сваёй спадчыны, зацікавіць іх творчасцю класікаў беларускай літаратуры, заахвоціць іх чытаць на роднай мове? Аб гэтых і іншых пытаннях літаратурнай адукацыі ішла гаворка на мерапрыемстве, якое зладзіла кіраўніцтва ДУ “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі”. Круглы стол пад назвай “Сучаснае прачытанне твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа” адбыўся ў гэтай установе 20 красавіка.
Абмеркаваць пытанні, звязаныя з асаблівасцямі выкладання ў сярэдніх навучальных установах твораў вялікіх класікаў беларускай літаратуры, сабраліся навукоўцы, пісьменнікі, метадысты, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры з усёй Беларусі. Каб падзяліцца сваімі думкамі і пачуць меркаванні калег, за круглы стол селі прадстаўнікі сістэмы адукацыі з Мінска, Віцебска, Рэчыцы, Ліды, Скідзеля, Слоніма, Вілейкі, Буда-Кашалёва і інш. гарадоў рэспублікі.
Адкрыў мерапрыемства Андрэй Аляксандравіч Акушэвіч, метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы ДУ “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі”. Пасля ўступнага слова, у якім ён падкрэсліў важнасць творчасці класікаў беларускай літаратуры ў працэсе выхавання падрастаючага пакалення, слова было дадзена метадысту вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі НМУ “Нацыянальны інстытут адукацыі”, кандыдату філалагічных навук Перавалавай Наталлі Юр’еўне. Адзначыўшы неацэнны ўнёсак Якуба Коласа і Янкі Купалы ў развіццё нацыянальнай літаратуры і педагогікі, яна дала дэталёвы параўнальны аналіз вывучэння твораў класікаў на ўсіх ступенях сістэмы сярэдняй адукацыі.
Шмат цікавых фактаў з біяграфіі Янкі Купалы пачулі прысутныя ад кандыдата філалагічных навук, старшага навуковага супрацоўніка ДНУ “Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі” Алены Валер’еўны Вальчук. Яна расказала удзельнікам мерапрыемства аб малазнаёмых фактах з жыцця Янкі Купалы, якія паўплывалі на станаўленне вялікага песняра як асобы, на фарміраванне яго хрысціянскага светаўспрымання.
Вельмі цікавым і змястоўным атрымалася выступленне намесніка дырэктара, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №43 г.Мінска” Алесі Мікалаеўны Зяневіч. Яна падзялілася з прысутнымі сваёй методыкай, сучаснымі падыходамі да вывучання паэтычнай творчасці Янкі Купалы. Цікава было паглядзець відэасачыненне яе вучня да юбілею вядомага пісьменніка.
Вядома ж, круглы стол, прысвечаны юбілейным датам класікаў беларускай літаратуры, не мог адбыцца без удзелу сучасных пісьменнікаў. Таму сярод прысутных знаходзіліся старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” паэтка Святлана Быкава і паэт Андрэй Скарынкін.
Аўтар гэтага артыкула ў сваім выступленні расказала прысутным аб тым, як уплывае спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа на творчасць сучасных паэтаў і пісьменнікаў Міншчыны, адкуль яны бяруць натхненне, чым наталяюцца. Яна ўзгадала закамітых землякоў-сучаснікаў Якуба Коласа: Яўгена Хвалея, Генрыха Далідовіча, Міколу Маляўку і інш. Удзельнікі круглага стала пачулі вершы Алеся Камароўскага, Казіміра Камейшы, Сяргея Давідовіча, Рагнеда Малахоўскага і іншых сучасных аўтараў Міншчыны, прысвечаныя класікам. Напрыканцы свайго выступлення старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” выказала ўпэўненасць, што творчы ланцужок, які звязвае класікаў і паэтаў Міншчыны, не парвецца ніколі, бо справу Якуба Коласа і Янкі Купалы ёсць каму прадоўжыць – падрастае новае таленавітае пакаленне. Яго парасткі можна ўбачыць і ў творах маладых паэтаў і пісьменнікаў Міншчыны, і нават у тых, хто сёння яшчэ атрымлівае веды ў сценах школы. У доказ гэтага сцвярджэння паэтка пазнаёміла прысутных з агульнагарадскім калектыўным зборнікам дзіцячай літаратурнай творчасці “Струмені заслаўскай крынічкі”, укладальнікам якога яна з’яўляецца і ў які ўвашлі літаратурныя тэксты 77 юных аўтараў, вучняў сярэдніх устаноў горада Заслаўя. Менавіта таму ў прадмове да гэтага зборніка ёсць такія яе радкі:
Душа акрыленая ў вершы
Званочкам радасным звініць.
Верш першы – як струменьчык першы:
З яго крынічка пабяжыць.
Натоліць таленту крынічка
Жывое зернейка ў раллі.
Сярод людзей успыхне Знічка,
Каб светла стала на Зямлі.
Андрэй Скарынкін зрабіў для прысутных паведамленне, якое датычыцца ўшанавання юбілею Янкі Купалы. Ён запрасіў прысутных і іх вучняў на вялікую музычную імпрэзу, прысвечаную беларускаму песняру, аўтарам праекта якой з’яўляецца сам Андрэй. Святочная імпрэза адбудзецца 7 ліпеня а 19-й гадзіне ў Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Слухачоў чакаюць пастаноўка рок-оперы “Курган”, песні Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна, Юрыя Семянякі, Алега Моўчана на вершы Янкі Купалы ў выкананні арт-гурта “Беларусь” і Настассі Арцемьевай, Людмілы Ісупавай, Вячаслава Статкевіча і іншых вядомых майстроў беларускага вакалу. Таксама Андрэй Скарынкін прадэманстраваў прысутным вытрымкі з запісаў рок-оперы.
Напрыканцы вядучы пасяджэння Андрэй Аляксандравіч Акушэвіч прапанаваў прысутным абмеркаваць выступленні, задаць пытанні выступаючым. Тое, што абмеркаванне пачутага за круглым сталом ішло яшчэ цэлую гадзіну, сведчыць аб зацікаўленасці прысутных паднятымі на сустрэчы пытаннямі. Удзельнікі мерапрыемства актыўна выказвалі свае думкі, меркаванні. Настаўнікі дзяліліся новымі метадамі работы з вучнямі, якія дапамагаюць ім заахвочваць дзяцей вывучаць творчасць класікаў беларускай літаратуры. У шэрагу такіх метадаў яны называлі прагляд кінафільмаў, паходы ў тэатры на пастаноўкі п’ес па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа, наведванне музеяў класікаў, азнаямленне вучняў з новымі, невядомымі дасюль фактамі з жыцця знакамітых беларускіх творцаў і шмат іншых метадаў. Усе згадзіліся, што вельмі важна пакінуць у памяці і сэрцы кожнага вучня вобразы вялікіх беларускіх пісьменнікаў, бо, як кажуць, “хто карані свае губляе, той і будучыні не мае”. Важна ўзрасціць пакаленне адухоўленых, неабыякавых да літаратурнай і іншай беларускай спадчыны грамадзян, якія будуць адказна ставіцца да сваіх рашэнняў і дзеянняў, усведамляючы, што менавіта яны з’яўляюцца творцамі сённяшняга і будучага дня нашай цудоўнай краіны.
Святлана Быкава, старшыня
Мінскага абласнога аддзялення
ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”