Сугучча паэзіі і музыкі  

      Паэзія і музыка… У сугуччы гэтых дзвюх цудоўных праяў чалавечага жыцця 6 красавіка ў Заслаўі прайшла творчая вечарына заслаўскай паэткі Святланы Быкавай.

    Утульная чытальная зала Заслаўскай гарадской бібліятэкі сабрала людзей розных узростаў і прафесій, але ўсе яны былі прыхільнікамі прыгажосці паэтычнага Слова.

Выступленне скрыпачоў Заслаўскай школы мастацтваў    Напачатку сустрэчы група скрыпачоў Заслаўскай школы мастацтваў настроіла ўсіх прысутных на лагодны, узнёслы лад. Сямёра вучняў і два настаўнікі гэтай установы зладзілі невялічкі канцэрт з твораў класічнай музыкі.

     Пасля музычнай рэпрызы загадчыца бібліятэкі Салаўёва Жанна Сямёнаўна дала слова ганаровай госці, старшыні Заслаўскага гарвыканкама Карташовай Святлане Пятроўне. Прадстаўнік адміністрацыі горада павіншавала паэтку з яе творчымі здабыткамі, з прызначэннем яе старшынёй Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і пажадала ёй далейшых творчых поспехаў.

       DSCN6543Святлана Быкава шчыра падзякавала Святлане Пятроўне за добрыя словы ў свой адрас і прадоўжыла вечар. Святлана Быкава з’яўляецца кіраўніком дзіцячага літаратурнага клуба «Ізяслаўцы», які існуе пры ДУА «Заслаўская гімназія». Акрамя таго, яна працуе з адоранымі вучнямі ўсіх сярэдніх навучальных устаноў свайго роднага горада і з’яўляецца ўкладальніцай і рэдактарам агульнагарадскіх дзіцячых літаратурных зборнікаў, таму падтрымаць яе прыйшлі юныя паэты горада Заслаўя з трох сярэдніх навучальных устаноў горада. Святлана Быкава з гонарам пазнаёміла з творчымі прадстаўнікамі будучага пакалення заслаўчан: Цітова Цімура, Жыдовіч Яўгенію, Сінькевіч Ганну, Лукомскага Івана, Скальскую Лізавету, Здор Варвару, Раманчык Ганну, Галалоба Вадзіма, Макей Вольгу, Пабягайла Маргарыту. Яны прачыталі прысутным свае вершы з выдадзенага ў мінулым годзе зборніка дзіцячай творчасці «Струмені заслаўскай крынічкі». Усе прысутныя былі ўражаны цікавымі вершамі і байкамі юных творцаў.  «Калі сярод нас растуць такія цудоўныя прадстаўнікі роду чалавечага, то, без сумнення, у нашага горада добрая будучыня!» – такую выснову зрабіла напрыканцы выступлення сваіх падапечных Святлана Анатольеўна.

     Трэцяя частка мерапрыемства была прысвечана творчасці самой паэткі. Святлана Быкава распавяла пра сваю творчасць. Прысутныя даведаліся, як яе натхняюць  заслаўскія краявіды, потым з цікавасцю слухалі яе  вершы з апошняга зборніка «Веру вясне!». У гэты вясновы дзень яны былі вельмі дарэчы. Гучалі таксама і іншыя яе паэтычныя творы, якія знайшлі ўжо сваё месца ў сямі асабістых зборніках аўтаркі, на старонках рэспубліканскіх і раённых  перыядычных  выданняў («Полымя», «Вожык», «Маладосць», «Бярозка», «Качели», «ЛіМ», «Мінская праўда» і інш.) і ў 15 калектыўных зборніках.

       З цёплымі словамі, прызначанымі Святлане Анатольеўне, перад удзельнікамі мерапрыемства выступіла Якаўлевіч Таццяна Мікалаеўна – галоўны спецыяліст Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая таксама прыехала падтрымаць сваю супрацоўніцу.

       Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт і бард з Вілейкі Уладзімір Цанунін таксама прыехаў здалёк, каб падтрымаць Святлану Быкаву ў яе выступленні. Да прысутных ён выйшаў з нязменнай гітарай і стосам сваіх паэтычных выданняў. «З пылу, з жару» прагучаў верш-прысвячэнне Святлане Быкавай, які ён напісаў па дарозе з Вілейкі ў Заслаўе:

Усе адкінуў сёння планы,

Бо вельмі гэтага хацеў.

На электрычцы да Святланы

Ў Заслаўе хутка паляцеў.

Крыху спазніўся, але гэта

Пакрыўдзіць не павінна, не.

Даруе, як заўсёды, Света,

Бо добра ведае мяне.

Я ёй прывёз падзякі словы

Ад віляйчанскай грамады,

Бо піша казкі адмыслова

І паэтэса – хоць куды!

Але, прабач, што вершы часта

Крытыкаваў – вось я такі

Прыдзірлівы, сівы, вушасты,

Якому гэта ўсё з рукі.

Была карысць, здаецца ў гэтым,

Бо пасля крытыкі тады

Звычайна выдавала Света

Свой новы зборнік, як заўжды.

Жадаю поспехаў у працы,

Натхнення, рыфмаў без мяжы…

А калі будуць прыдзірацца,

Ты мне пра гэта раскажы.

    Патрыятычныя, пейзажныя вершы чаргаваліся з цудоўнымі аўтарскімі песнямі Уладзіміра Цануніна, якія ён па-майстэрску выконваў для прысутных. Напрыканцы свайго выступлення таленавіты майстар слова і песні пазнаёміў удзельнікаў вечарыны з творамі са свайго апошняга гумарыстычнага зборніка «Люстэрка». Людзі шчыра яму апладзіравалі і смяяліся з яго вострых баек.

       DSCN6561Але ўсё калі-небудзь канчаецца… На жаль, падышла да канца і гэта вечарына. Калі загадчыца бібліятэкі абвясціла аб яе заканчэнні, людзі не спяшаліся разыходзіцца. Яны яшчэ доўга абмяркоўвалі выступленні ўсіх яе ўдзельнікаў, выходзілі наперад і выказвалі свае ўражанні і меркаванні наконт творчай імпрэзы, дзякавалі паэтцы за атрыманую асалоду, задавалі пытанні. Ізноў Святлана Быкава чытала свае вершы, якія датычыліся тых тэм, што ўздымаліся прысутнымі. Развітваючыся з удзячнымі прыхільнікамі паэзіі, яна паабяцала абавязкова правесці для іх прэзентацыю наступнага паэтычнага зборніка, над якім яна зараз працуе.