Тыдзень дзіцячай кнігі ў Заслаўі
Мерапрыемствы, прысвечаныя тыдню дзіцячай кнігі, які праходзіць у рэспубліцы штогод на вясновых канікулах, адбыліся і ў горадзе Заслаўе. 29 сакавіка ў Заслаўскай дзіцячай бібліятэцы адбылася сустрэча вучняў ДУА «Заслаўская сярэдняя школа №2 імя М.К.Пуцейкі», якія адпачывалі ў прышкольным лагеры, з паэткай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Святланай Быкавай.
Спачатку, каб даведацца, як дзеці ведаюць аўтараў дзіцячых кніг і іх герояў, загадчыца бібліятэкі Грыгор’ева Наталля Віктараўна правяла з прысутнымі віктарыну.
Потым слова было дадзена Святлане Быкавай, якая расказала маленькім чытачам пра дзіцячы літаратурны клуб «Ізяслаўцы», які працуе пры ДУА «Заслаўская гімназія» і кіраўніком якога яна з’яўляецца. Святлана Анатольеўна пазнаёміла прысутных з калектыўным агульнагарадскім зборнікам дзіцячай літаратурнай творчасці «Струмені заслаўскай крынічкі», які быў выдадзены ёю ў мінулым, 2016, годзе. З гэтага зборніка паэтка прачытала шэраг вершаў юных аўтараў, расказала пра планы клуба «Ізяслаўцы» на 2017 год.
З цікавасцю дзеці слухалі вершы паэткі, задавалі шмат пытанняў. У канцы сустрэчы Святлана Быкава вырашыла даведацца, як дзеці ведаюць беларускую мову. Яна загадвала ім свае загадкі пра дзьмухавец, рыдлёўку, слуп, коніка, вожыка і шмат іншых рэчаў і прыродных з’яў. Юныя чытачы актыўна прынялі ўдзел ў гульні «Адгадай». Самым спрытным з іх Святлана Быкава падарыла сваю новую кніжку казак «Два вида из одного окна».
З бібліятэкі дзеці выходзілі вясёлыя, узрушаныя, з добрым настроем, шчыра дзякавалі супрацоўнікам бібліятэкі і паэтцы за сустрэчу. Некаторыя з іх паабяцалі Святлане Анатольеўне прынесці ёй свае літаратурныя творы – вершы і казкі, якія яна плануе выкарыстаць пры ўкладанні наступнага выдання калектыўнага дзіцячага зборніка.