Сінтэз мастацтва, музыкі і літаратуры
Трыццаць год з дня нараджэння… Увесь гэты час калектыў мастацкага аддзялення Заслаўскай школы мастацтваў самааддана працаваў «душой і пэндзлем», каб атрымаць тыя высокія вынікі, якія былі агучаны на свяце, прысвечаным 30-годдзю са дня яго стварэння. Сёння на мастацкім аддзяленні вучыцца больш за 160 юных мастакоў горада. Яно мае вядомасць не толькі ў роднай Беларусі, але і далёка за яе межамі: дыпломы пераможцаў прыходзілі ў школу з міжнародных конкурсаў юных мастакоў, якія праводзіліся ў Славеніі, Польшчы, Балгарыі, Літве, Расіі, Украіне, Малдове.
Святкаванне адбылося ў пятніцу, 17 сакавіка. Дырэктар школы Шкурскі Валерый Пятровіч пачаў яго з адкрыцця выставы твораў навучэнцаў мастацкага аддзялення, якая была размешчана ў холе навучальнай установы.
Для віншавання юбіляраў слова было дадзена вядомай мастацвазнаўцы Гаранскай Таццяне Георгіеўне і старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Быкавай Святлане Анатольеўне.
Трэба сказаць, што паэтка Святлана Быкава ўжо не адзін год супрацоўнічае з мастацкім аддзяленнем школы. У мінулым годдзе яна стала ўкладальнікам і рэдактарам агульнагарадскога зборніка літаратурных твораў вучняў сярэдніх навучальных устаноў горада Заслаўя пад назвай «Струмені заслаўскай крынічкі». 47 юных мастакоў школы прынялі ўдзел у ілюстраванні вершаў і казак пачынаючых аўтараў горада і намалявалі 56 малюнкаў да іх. У 2014 годзе юныя мастакі дапамаглі паэтцы праілюстраваць яе асабістыя выданні: кніжкі для дзяцей «Весёлый гномик» і «История одной снежинки», а ў 2015 годзе – кніжку казак для дарослых «О чём молчат утёсы»
У гэтым годдзе ідзе да завяршэння яшчэ адзін сумесны праект Святланы Быкавай і маладых мастакоў школы. Другі агульнагарадскі зборнік дзіцячых твораў «Нашчадкі Рагнеды», прысвечаны 500-годдзю першадрукавання на Беларусі, ужо праілюстраваны вучнямі мастацкага аддзялення Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Зараз рукапіс кнігі знаходзіцца ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Прэзентацыя зборніка павінна стаць галоўнай падзеяй Свята Дзяцінства, якое Заслаўскі гарвыканкам плануе правесці да Міжнароднага дня дзіцяці.
Вяртаючыся да святкавання 30-годдзя мастацкага аддзялення Заслаўскай школы мастацтваў, трэба сказаць, што яно прадоўжылася ва ўтульнай канцэртнай зале, дзе прадстаўнікі Мінскага райвыканкама і ГА «Белая Русь» узнагародзілі настаўнікаў і таленавітых вучняў ганаровымі граматамі і сувенірамі. Завяршылася свята грандыёзным канцэртам, які стаў своеасаблівым падарункам мастакам ад музычнага аддзялення школы. Галоўным удзельнікам канцэрта стаў аркестр школы «Каданс», які складаецца з настаўнікаў музычнага аддзялення.
Хочацца яшчэ раз паўтарыць шчырыя пажаданні, якія прагучалі на свяце ў адрас юбіляраў: далейшага творчага супрацоўніцтва паэтаў, музы́каў і мастакоў, поспехаў у раскрыцці шматгранных юных талентаў, пакарэння новых творчых вяршынь, здароўя настаўнікам і вучням!
Хай вечна жыве прыгажосць душы чалавечай у сценах гэтай цудоўнай установы і адухаўляе ўвесь свет!