Алесь Суша — Алесь Карлюкевіч: Скарынаўскі грунт

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша і журналіст Алесь Карлюкевіч гутараць пра Францыска Скарыну, пра розныя аспекты ў засваенні яго неўміручай спадчыны.

Алесь Карлюкевіч: «Алесь, а як вы ўвогуле ацэньваеце значнасць скарыназнаўства сёння? Прабачце, што спрабую вас справакаваць, але… Можа быць, ужо след «супакоіцца»… Усё, што толькі магчыма, даследавалі. Новага нічога не адкрыюць нават самыя настойлівыя шукальнікі. Навошта паўтарэнні, здагадкі, гіпотэзы, якія мяжуюць з вымыслам?.. Ці я не маю рацыі?..»

Алесь Суша: «Значнасць скарыназнаўства, як мне здаецца, сёння высокая як ніколі. Мы цяпер рыхтуемся да святкавання 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам першай беларускай кнігі. У сувязі з гэтым нам самім надзвычай важна зразумець, у чым сутнасць, у чым значэнне таго вынаходства, якое мы сёння называем беларускай друкаванай кнігай. Да таго ж, я павінен аспрэчыць, што жыццяпіс Скарыны добра даследаваны і нічога новага пра асветніка больш не знайсці. Наадварот, мы сёння ведаем зусім няшмат. Не ведаем нават, калі ён нарадзіўся, дзе і калі памёр. Не ведаем, калі пабраўся шлюбам і колькі меў дзяцей. Мы можам толькі здагадвацца, якой ён быў веры, дзе абараніў дысертацыю на годнасць доктара філасофіі і г.д. Урэшце, мы не можам пэўна сказаць нават, колькі кніг паспеў выдаць наш славуты зямляк. Вось вам і самы знакаміты культурны дзеяч! Гэта па-першае. Па-другое, вы лагічна разважаеце адносна прыдумак… У выніку недастатковай інфармацыі пра Францыска Скарыну мы маем безліч гіпотэз і нават цалкам беспадстаўных міфаў. Але ж, паўтаруся, у выніку недастатковай інфармацыі, у выніку таго, што яшчэ не мацалі важкую шукальніцкую лінію… Таму і з гэтага гледзішча нам неабходна працягваць даследаванні, каб абмежаваць пашырэнне недакладных звестак. Па-трэцяе, патэнцыял для новых знаходак яшчэ вельмі вялікі: на жаль, скарыназнаўцы дагэтуль зусім не дастаткова працавалі ў архівах Кракава, Прагі, Падуі, Венецыі, Капенгагена, Рыма, Познані і інш. Гэта ж столькі адрасоў!.. А там можа быць знойдзена яшчэ нямала каштоўных звестак. Гэта цалкам не выключана!.. Па-чацвёртае, па-за ўвагай даследчыкаў засталіся цэлыя кірункі ў скарыназнаўстве. Напрыклад, чакае яшчэ свайго часу глыбокае асэнсаванне тэалагічных поглядаў Скарыны, а таксама яго перакладчыцкая дзейнасць. Мала вывучаны яшчэ гравюры Скарынавых выданняў і многае іншае. Па-пятае, да нашага сораму, самі бела- русы зрабілі пакуль не так і шмат для вывучэння жыцця і дзейнасці Скарыны: не беларусы вярнулі з бяспамяцтва яго імя, не беларусы збераглі яго кніжную спадчыну, не беларусы падрыхтавалі найбольш грунтоўныя манаграфіі пра яго, не беларусы да нядаўняга часу сістэматычна займаліся пошукам і ўлікам яго выданняў у свеце… На жаль. І наш доўг перад вялікім продкам пакуль не аплачаны. Нарэшце, ці лічыце вы карэктным нават прапаноўваць, напрыклад, кітайцам спыніцца ў вывучэнні Канфуцыя, палякам не цікавіцца больш Міцкевічам, а брытанцам — Шэкспірам?!. То чаму ж мы, нават калі б пра Скарыну ведалі ўжо шмат, павінны спыняцца на дасягнутым? Да таго ж, як мне падаецца, вобраз Францыска Скарыны з’яўляецца вельмі прывабным і нават прыцягальным у кантэксце кансалідацыі беларускага грамадства, выхавання патрыятычных пачуццяў, гонару за дасягненні айчыннай культуры. Таму нават толькі з маральных і асветніцкіх пазіцый спыняцца ў вывучэнні яго справы мы не павінны».

А. К.: «Скарына як першадрукар здзейсніў, несумненна, подзвіг. Ён — першапраходзец, пачынальнік. Але вось давайце паглядзім на Скарыну і яго справу ў кантэксце таго часу, блізкіх яму стагоддзяў… Ці мог ён ведаць, меркаваць, што ўвогуле адбывалася ў кніжнай справе ў Еўропе, у свеце? Наколькі ён валодаў празорлівасцю ці разуменнем чужога досведу?»

А. С.: «Безумоўна, Скарына цудоўна разумеў, якую важную справу ён робіць. Бясспрэчна, ён ведаў, якое значэнне мае друкаванае слова для пашырэння асветы, для адукацыі і выхавання моладзі. Ён не проста ведаў, але пісаў пра гэта ў прадмовах, аналізаваў і асэнсоўваў на тэарэтычным узроўні. Скарына ўвесь час знаходзіўся ў творчым пошуку найбольш дасканалых мастацкіх і тэхнічных сродкаў пашырэння інфармацыі. Я абсалютна ўпэўнены, што ён верыў у сваю справу і наперад бачыў будучыню свайго народа ў кірунку развіцця навукі і асветы. Да таго ж Скарына быў цудоўна знаёмы з найлепшымі ўзорамі еўрапейскага кнігадрукавання, з поглядамі рэнесансных мысліцеляў і перакладамі Святога Пісання на нацыянальныя мовы і добра ведаў, які вялікі ўплыў яны зрабілі на найбольш развітыя народы і краіны таго часу. Сам жа ён марыў пра лепшую будучыню для сваіх землякоў».

А. К.: «Беларуская літаратура дастаткова багатая на мастацкія інтэрпрэтацыі лёсу, жыцця Скарыны. Успомнім хаця б раманы, аповесці Стаховіча, Лойкі, Клышкі… Як вы лічыце, ці з’явіцца яшчэ, напрыклад, раман пра Скарыну?»

А. С.: «Нядаўна давялося прааналізаваць мастацкія творы, прысвечаныя першадрукару. Выйшла даволі багатая і стракатая карціна. Вартых увагі прац, сапраўды, багата. У той жа час вывучэнне жыццяпісу нашага першадрукара дазваляе сцвярджаць, што яго надзвычай цікавы лёс можа стаць асновай для яшчэ многіх твораў. Летась мы з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі праводзілі конкурс драматычных твораў, прысвечаных Францыску Скарыну».

А. К.: «Конкурс шырока асвятляўся ў друку…»

А. С.: «Дык вось на гэты конкурс за тры месяцы, абвешчаныя для падачы конкурсных работ, было пададзена некалькі дзясяткаў цудоўных прац. Гэта пра многае сведчыць. З іншага боку, я ведаю некалькі соцень (!) паэтычных твораў, прысвечаных першадрукару. Многія з іх былі створаны ў апошнія гады».

А. К.: «А “Звязда” нават рубрыку адмысловую завяла, прадстаўляючы вершы замежных паэтаў, прысвечаныя нашаму першадрукару… Былі надрукаваны творы чарнагорскага паэта Слабадана Вуканавіча, народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна… Відавочна, што гэтыя вершы напісаны ў апошні час…»

А. С.: «То чаму ж бы не з’явіцца і добраму раману? Некалькі сюжэтаў, дарэчы, ахвотным аўтарам магу падказаць і я сам…».

А. К.: «Алесь, Нацыянальная бібліятэка рэалізавала грандыёзны праект па выданні спадчыны Скарыны ў першапачатковым выглядзе. Ці паўплывала гэта неяк на болей шырокае ўсведамленне асобы Скарыны ў культуры, у цэлым у лёсе Беларусі?»

А. С.: «Бясспрэчна. Сутнасць праекта была не столькі ў тым, каб зрабіць навукова абгрунтаванае факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, колькі ў тым, каб вярнуць яе ў грамадскі ўжытак, зрабіць даступнай для шырокіх колаў грамадства. Шматтомнае выданне бясплатна перадаецца ў бібліятэкі кожнай вобласці, кожнага раёна Беларусі, навуковых і навучальных устаноў. У выніку ўсе выданні першадрукара, якія амаль не захаваліся ў Беларусі нават у адным асобніку, стануць даступныя кожнаму ахвотнаму. Мы спадзяёмся на з’яўленне новых глыбокіх даследаванняў, на стварэнне новых мастацкіх прац, на рэалізацыю яркіх выставачных праектаў. Шматлікія прэзентацыі факсімільнага выдання, якія ўжо прайшлі ў многіх гарадах Беларусі і ў шэрагу замежных краін, вядуць да пашырэння ведаў пра Скарыну і праслаўлення ўсёй нашай культуры».

А. К.: «Уся Беларусь зараз рыхтуецца да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання… Відаць, і вы, і іншыя скарыназнаўцы звяртаюць увагу на тое, як праходзілі падобныя юбілеі ў іншыя гістарычныя перыяды… Што ў гэтым плане найболей прыкметнае вы ўспомнілі б? На што параілі б звярнуць увагу?»

А. С.: «Сапраўды, Скарынаўскія юбілеі ўжо здараліся, і заўжды яны станавіліся выключнай падзеяй у культурным жыцці нашай краіны. У прыватнасці, кіраўнікі яшчэ зусім маладой Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў свой час прынялі рашэнне аб святкаванні на самым высокім дзяржаўным узроўні 400-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання. У 1925 г. прайшлі шматлікія мерапрыемствы ў розных гарадах Беларусі, прычым іх статус быў настолькі высокім, што нават святкаванне сямігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі прайшло ў рамках юбілею айчыннага кнігадрукавання. За адпраўную кропку для святкавання юбілею быў абраны 1525 г. — калі выйшла першае дакладна датаванае вы- данне на беларускіх этнічных землях — «Апостал» Скарыны. Адзначыць юбілей у 1917 г. — праз 400 гадоў пасля выхаду першых пражскіх выданняў Францыска Скарыны — не дазвалялі падзеі Першай сусветнай вайны і расійскіх рэвалюцый, а пра час выхаду «Малой падарожнай кніжкі» ў тыя гады дакладных звестак не было і нават лічылася, што яна выйшла пазней, чым «Апостал». Таму менавіта ў 1925 г. адбыліся асноўныя святочныя мерапрыемствы. Тады з’явіліся першыя вуліцы імя Скарыны, былі праведзены навуковыя канферэнцыі і ўрачыстыя пасяджэнні, адбылася цудоўная мастацкая выстаўка, былі праведзены конкурсы на стварэнне лепшых мастацкіх твораў да гэтай падзеі, у Беларускім дзяржаўным тэатры была пастаўлена п’еса пра Скарыну… Да гэтага юбілею былі прымеркаваны два фундаментальныя выданні па гісторыі беларускай кнігі, якія з’яўляюцца непераўзыдзенымі дагэтуль. Першае з іх было падрыхтавана па даручэнні Савета Народных Камісараў БССР Інстытутам беларускай культуры і выйшла ў 1926 г. пад назвай «Чатырохсотгоддзе беларускага друку» і ўключала шэраг вельмі глыбокіх даследаванняў па гісторыі беларускага кнігадрукавання ў кантэксце айчыннай і агульнаеўрапейскай культуры. Другое выданне пабачыла свет у тым жа годзе ў Коўне (Каўнасе) пад назваю «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (нядаўна перавыдадзена факсімільна). Гэтае сапраўды фундаментальнае выданне сабрала звесткі пра большасць вядомых на той час помнікаў беларускага пісьменства, напісаных кірылічным алфавітам у ХІ — XVIII стст. Вельмі пышна і пафасна адзначалася таксама 450-годдзе беларускага кнігадрукавання ў 1967 г. Вялікія святочныя мерапрыемствы прайшлі ў Мінску (найперш, у Акадэміі навук БССР) і ў Полацку. Праведзенае ў 1989 — 1991 гг. святкаванне 500-годдзя з дня нараджэння Ф. Скарыны стала выключнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі, надало моцны штуршок яго далейшаму развіццю. Тады былі праведзены шматлікія канферэнцыі, выйшлі з друку шматлікія навуковыя і папулярныя працы, факсімільна перавыдадзены пражскія выданні Ф. Скарыны, былі ўсталяваны помнікі і мемарыяльныя шыльды, праведзены сотні мерапрыемстваў ва ўсіх куточках Беларусі і за мяжою. Можна выказаць меркаванне, што дзякуючы таму юбілею Беларусь (тады яшчэ БССР) здолела паўнацэнна і шырока заявіць пра сябе як краіну з развітой культурай, чым абгрунтавала права краінай звацца (яшчэ не маючы на той час уласнай міжнароднай палітыкі). Цяпер, напярэдадні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, наша задача — уважліва прааналізаваць досвед і дасягненні нашых папярэднікаў, выкарыстаць найбольш эфектыўныя напрацоўкі мінулых гадоў і пастарацца не паўтарыць памылкі. Толькі так і можна скласці паўнацэнную праграму святкавання і паспяхова выканаць яе».

А. К.: «На гэта і будзем спадзявацца. Да наступнай размовы, Алесь!»

Фота ў загалоўку: Алесь Суша

“Созвучие”