Школьнікі ў гасцях у “Руні”

SAMSUNG DIGITAL CAMERAУ першы дзень канікул у гасцёўні народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра культуры адбылася сустрэча-знаёмства для вучняў 3 “А” класа СШ №1 і аматараў літаратурнай творчасці з 6-7 класаў гімназіі №1 г.Валожына.

SAMSUNG DIGITAL CAMERAКіраўнік творчай суполкі валожынцаў, член Савета Мінскага абласнога аддзялення СПБ Валянціна Гіруць-Русакевіч расказала школьнікам аб тым, што ж такое “Рунь”, калі і на аснове чаго было створана гэтае аб’яднанне, паказала партрэты і кнігі слынных землякоў, на ніве літаратурнай творчасці якіх зелянеюць і каласяцца новыя творчыя ўсходы, распавяла  пра сённяшнія набыткі “рунеўцаў”. З уласнай творчасцю пазнаёмілі вучняў Галіна Радына-Марцінкевіч, Сафія Русецкая і Аляксандр Кулак. А тых, хто сам ужо спрабуе сябе ў вершаскладанні ці прозе, запрасілі прымаць удзел у раённым конкурсе “Маладыя галасы”, часцей наведвацца ў “Рунь”, дзе ім заўсёды будуць рады дапамагчы, параіць, падказаць.

Лейтматывам усёй сустрэчы былі адданасць і гонар за той куточак, дзе нарадзіўся і жывеш, павага, шанаванне і зберажэнне сваёй спадчыны, любоў да роднай мовы. Бо, як  пісаў у вершы  “Унуку” наш слаўны зямляк настаўнік, паэт і перакладчык Пятро Іванавіч Бітэль:

Любіць сваё – зусім не значыць

Чужое ганьбіць, адмаўляць.

Вось за чужым свайго не бачыць,

Не вывучаць, не шанаваць –

Злачынствам будзе без сумнення,

Бо ёсць такі закон жыцця:

Шануй чужое аж да пакланення,

Сваё любі да самазабыцця.