Пісьменнікі Міншчыны рыхтуюць справаздачы

На пасяджэнні Савета Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, які адбыўся 27 верасня 2016 года, прынята рашэнне 24 лістапада 2016 года правесці справаздачна-выбарчы сход.

Гэта важная падзея ў жыцці пісьменнікаў Міншчыны прымеркавана да чарговага з’езда галоўнай пісьменніцкай арганізацыі краіны. Форум літаратараў мяркуе адбыцца напрыканцы бягучага года.

Перад літаратуранай супольнасцю цэнтральнага рэгіёна стаіць задача падсумаваць творчыя здабыткі за пяць гадоў, што прайшлі з моманту апошняга з’езда пісьменніцкай грамадскасці рэспублікі.

Сёння ў складзе Мінскага абласнога аддзялення 82 літаратары. Гэта людзі розных узростаў, прафесій. Усіх іх аб’ядноўвае вялікая любоў да слова і жаданне з дапамогай мастацкіх сродкаў данесці да чытача самыя высакародныя думкі і пачуцці.

Па папярэдніх падліках за справаздачны перыяд пісьменнікамі Міншчыны выдадзена каля 450 кніг, адрасаваных як даросламу, так і юнаму чытачу. Акрамя таго, у літаратурнай скарбонцы паэтаў і пісьменнікаў Міншчыны — калектыўныя зборнікі, фотапаэтычныя альбомы.

Кожны з творцаў мае актыўную грамадскую пазіцыю: удзельнічае ў акцыях, праводзіць прэзентацыі, аўтограф-сесіі. Гэта заўважна ў розных рэгіёнах Міншчыны, дзе ў калектывах, у вучэбных установах гучыць жывое пісьменніцкае слова.

Аб высокім творчым патэнцыяле абласных літаратараў сведчаць шматлікія перамогі ў конкурсах, а таксама атрыманне прадстаўнікамі абласнога аб’яднання ўзнагарод і прэмій.

На справаздачна-выбарчым сходзе пойдзе дзелавая размова пра тое, што стрымлівае больш плённую работу літаратараў, будуць акрэслены творчыя планы. Пэўным арыенцірам для творцаў стане наступны год – 500-годдзе з моманту выдання Францыскам Скарынам першай беларускай кнігі.

Алена Стэльмах