Дзень беларускага пісьменства-2016: як гэта было

Дзень беларускага пісьменства ў 2016 годзе запомніцца шматлікімі літаратурнымі, культурна-грамадскімі падзеямі. Іх было сапраўды шмат, і ў большасці прынялі актыўны ўдзел менавіта пісьменнікі – людзі, для якіх сустрэчы з чытачамі неабходны, як свежы глыток паветра. Згадаем, як усё пачалося… 

Шчодры «намалот»

Пісьменнікі Гомельшчыны разам са славянскімі калегамі з краін-суседак падсумавалі дасягнутае на літаратурнай ніве на «Славянскіх літаратурных дажынках» – Х міжнародным фестывалі-свяце, які стартаваў 2 верасня ў Гомелі, меў працяг 3 верасня ў аграгарадку Журавічы і 4 верасня ў сталіцы сёлетняга Дня беларускага пісьменства – горадзе Рагачове.

***

ДЗЯКУЮЧЫ клопату і намаганням абласной пісьменніцкай арганізацыі творчы форум у 10-ы раз прыйшоў традыцыйна на гомельскую зямлю раней звычайнага і прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства. У ім прынялі ўдзел каля 100 як ужо вядомых, так і маладых літаратараў Гомельшчыны, Расіі і Украіны.

Урачыстае ж адкрыццё самога свята-фестывалю адбылося ў абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна. Напачатку літаратары наведалі музейную экспазіцыю, прысвечаную 95-годдзю Андрэя Макаёнка, для гасцей старшыня аддзялення СПБ і супрацоўнікі бібліятэкі расказалі аб стварэнні музея Літаратуры Гомельшчыны і як стваралася непасрэдна экспазіцыя А.Макаёнка.

Затым святочная дзея, як заўсёды, пачалася з традыцыйнага запальвання трох свечак, сімвалізуючых еднасць трох славянскіх народаў-братоў. Гэтую ганаровую місію выканалі старшыня аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч, украінскі літаратар, старшыня Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва Анатоль Міроненка і паэтэса, сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі, старшыня Краснадарскай краявой пісьменніцкай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі Святлана Макарава.

Калі гаварыць пра творчы «намалот» гамяльчан, то ён дастаткова вясомы: звыш 270 кніг выдалі літаратары-гамяльчане за перыяд існавання фестывалю, за 10 гадоў, а 25 з гэтага ліку – у 2016 годзе. Многія з літаратараў, а таксама самадзейныя аўтары, творчая моладзь прымалі актыўны ўдзел у шматлікіх конкурсах, ініцыянаваных абласным аддзяленнем. Так, усе жадаючыя аўтары накіроўвалі свае паэтычныя, празаічныя спробы, а таксама песенныя кампазіцыі на чацвёрты абласны конкурс «Праваслаўе – мая надзея!», арганізаваны сумесна пісьменніцкай арганізацыяй і Гомельскай і Жлобінскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы. На міжнародным свяце пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Так, загадчык інфармацыйнага аддзела Гомельскай епархіі, протаіерэй айцец Алег ад імя епіскапа Гомельскага  і Жлобінскага Стэфана, вітаючы ўдзельнікаў і гасцей фэсту, адзначыў, што друкаваная кніга будзе жыць вечна, яна не знікне ў стагоддзях. Разам са старшынёй аддзялення СПБ Ул.Гаўрыловічам яны ўручылі ўдзельнікам дыпломы лаўрэатаў і падарункі.

Вялікім падарункам для гомельскага дзіцячага паэта Яўгена Калашнікава, мінулагодняга пераможцы конкурсу, стала выданне Гомельскай епархіяй яго кнігі. Выданне было ўрачыста ўручана аўтару. І гэта не адзін падарунак пісьменнікам: старшыня аддзялення СПБ уручыў 6 гомельскім драматургам спецыяльна выдадзены аддзяленнем СПБ зборнік драматургіі “Паслядоўнікі Макаёнка. Айчына ў душах і сэрцы”, адзначыўшы, што на гомельскай зямлі працягваюцца традыцыі выдатнага драматурга-земляка Андрэя Макаёнка. Таксама шэраг пісьменнікаў адзначаны ўзнагародамі. На свяце выступілі 15 літаратараў з Краснадара і Таганрога, Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці, Бранска, украінскіх Кіева і Глухава, Сумаў. Па даўно ўсталяванай традыцыі пісьменнікі дарылі свае выданні бібліятэцы імя У.І. Леніна.

Яркай падзеяй фестывалю стала выступленне пераможцаў абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”, прысвечанага 95-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка.  Сёлета ў ім прынялі ўдзел у 3 этапах – школьны, раённы і абласны – 1249 вучняў школ. Яны самі выбіралі вершы ці ўрыўкі з празаічых твораў нашых класікаў, якія нарадзіліся на Гомельшчыне, і сённяшніх літаратараў. З іх 52 сталі пераможцамі, а 7 – лаўрэатамі. І сёння яны прыехалі за  Гран-Пры. Юныя чытальнікі настолькі кранулі сваімі выступленнямі, што ў многіх удзелькаў фестывалю на вачах былі слёзы… А ў падарунак Гомельскае аддзяленне СПБ падрыхтавала ім бібліятэчкі кніг сучасных аўтараў, памятныя дыпломы. Адзначаны таксама і настаўнікі, якія падрыхтавалі і прывезлі на свята сваіх выхаванцаў…

Свята славянскай культуры

Міжнародны форум прадоўжыўся вечарам у гарадскім цэнтры культуры Гомеля. Пісьменніцкія дэлегацыі Гомеля, Расіі і Украіны сустракалі народныя калектывы горада над Сожам прыгожымі песнямі і танцамі, з хлебам-соллю. І абаранкамі, настоямі, смачнымі варэнікамі і паказам усіх традыцый, якімі багаты Беларусь, Расія і Украіна. На сімвалічных падвор’ях кожнай з краін чаго толькі не пабачыш! На працягу гадзіны літаратары знаёміліся з фальклорнымі і духоўнымі набыткамі сваіх краін, параўновалі блізкасць нашага культурнага суседства і былі запрошаны на канцэрт-свята ў гонар Дня беларускага пісьменства.

Тут гучалі вершы і песні, прэзентаваліся новыя кнігі і ўручаліся ўзнагароды за грамадскую і творчую дзейнасць. Ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі старшыня аддзялення СПБ уручыў памятныя знакі СПБ “За вялікі ўклад у літаратуру” шэрагу літаратарам Беларусі, Украіны і Расіі. Таксама маладым літаратарам уручаліся членскія білеты СПБ, міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў Украіны, падводзіліся вынікі літаратурнага года і акцый гомельскага аддзялення СПБ.

Прыгожым і памятным было выступленне на свяце народнага аматарскага клуба “Арт-кафэ на Ірынінскай” гарадскога цэнтра культуры Гомеля (кіраўнік – малады паэт Дзмітрый Нілаў), іншых самадзейных атрыстаў. За шматгадовае супрацоўніцтва ўсе арганізатары свята адзначаны па завяршэнні ўзнагародамі СПБ і Гомельскага аддзялення СПБ…

На зямлі Макаёнка

Шмат памятных стрэч навукоўцаў, пісьменнікаў адбылося напярэдадні свята ў Гомелі, а 3 верасня і ў аграгарадку Журавічы, звязаным з імем слыннага сына  гэтага краю народнага пісьменніка Беларусі.

Сучасных пісьменнікаў Гомельшчыны і шматлікіх гасцей, калег па творчаму цэху з Расіі і Украіны шчыра, з хлебам-соллю і з песняй страчалі перад вёскай, а затым вучні, педагогі, землякі Андрэя Макаёнка ў школе аграгарадка. Тут два  духоўна-напоўненыя музеі, якія выхоўваюць дзетак. Сёння іх навучаецца 123.

Цудоўным падарункам таленавітаму школьнаму тэатральнаму гуртку, якім кіруе намеснік дырэктара Валянціна Гапонава,  стаў зборнік п’ес “Паслядоўнікі Макаёнка”, падрыхтаваны Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, выступленні прадстаўнікоў творчага саюза.

Ля бюста Макаёнку ў аграгарадку Журавічы адбыўся мітынг, на якім старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў надзвычай сучаснае гучанне, актуальнасць  творчасці драматурга, былога франтавіка,  у змаганні з заганамі грамадства.

Ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гомельскага аддзялення СПБ школе была падорана бібліятэчка кніг. Акрамя таго, усе выступіўшыя на свяце пісьменнікі Беларусі, Украіны і Расіі таксама падарылі на памяць аб правядзенні міжнароднага свята “На зямлі Макаёнка” свае новыя творы з аўтографамі. Тут жа ва ўрачыстай абстаноўцы Васілю Ткачову і Аляксею Бычкову старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі ўручыў абласныя літаратурныя прэміі імя Андрэя Макаёнка. А Міхась Кавалёў (Сліва) атрымаў памятны знак “За вялікі ўклад у літаратуру”. Дыпломамі і граматамі аддзялення СПБ за дапамогу аддзяленню ў правядзенні макаёнкаўскіх свят адзначаны калектыў Журавіцкай школы, шэраг настаўнікаў і тэатральны вучнёўскі калектыў…

Адметна тое, што ўсе прадметы ў гэтай школе выкладаюцца на беларускай мове, выхаванцы жывуць у цудоўных умовах, займаюцца ў гуртках рознай накіраванасці, спяваюць і танчаць, развіваюць таленты, адкрываюць у сабе прыродныя задаткі. Акрамя гэтага, дзеці вучацца працаваць на зямлі не столькі дзеля забеспячэння сваіх патррэб, колькі дзеля пазнання цаны працы і хлебу.Адчувалася па апладысментах, наколькі яны былі ўдзячны творцам за такую цёплую сустрэчу. Завяршыўся ж міжнародны фестываль канцэртам, які падрыхтавалі для гасцей  мясцовыя артысты і вучні школы.

Святкавалі ў Рагачове

З цэнтральнай пляцоўкі ў старажытным горадзе ўсіх прысутных шчыра прывітала намеснік прэм’ер-міністра, старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню свята ў Год культуры Наталля Качанава. Яна зачытала прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям урачыстасці. У ім падкрэслена, што “гістарычная памяць і гонар за Радзіму служаць трывалым падмуркам для далейшага развіцця краіны”.

Абноўлены, памаладзелы страчаў Рагачоў свята ў нядзелю. Віхурыла яно на вуліцах людскім морам, спеўнымі мовамі — прыехалі ў госці на родную беларускую зямлю прадстаўнікі дыяспар з 20 краін свету. І на 23-м па ліку свяце беларускага пісьменства шмат што было ўпершыню.

Так, непасрэдна для пісьменнікаў запамятаецца закладка алеі ў гонар 10-годдзя навейшай гісторыі Саюза пісьменнікаў Беларусі. “Незвычайны суботнік” узначалілі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, старшыня Гомельскага аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч,  вядомы кампазітар Эдуард Ханок, кіраўнік Краснадарскай пісьменніцкай арганізацыі Святлана Макарава і старшыня Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва Анатоль Міроненка.

А падчас выступленняў на павільёне “Слова пісьменніка” сябры СПБ, расійскія і ўкраінскія госці  дарылі любімыя кнігі для рагачоўскага Дома кнігі, якому прысвоена імя Уладзіміра Караткевіча, бібліятэкам раёна…

Па словах міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч у час адкрыцця, штогод у нашай краіне выдаецца звыш 11 тысяч найменняў кніг, 33 мільёны — для кнігарняў і бібліятэк. Верыцца, што ўсе яны знойдуць сваіх чытачоў. Падчас уручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі старшыня СПБ Мікалай Чаргінец падкрэсліў, што свята беларускага пісьменства дапаможа прыцягнуць увагу нашых жыхароў, асабліва моладзі, да нацыянальнай культуры, заахвоціць звярнуцца да твораў класікаў і сучасных пісьменнікаў.

Лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі  сталі:

 паэзія — Мар’ян Дукса за кнігу “Птушка вечнасці — душа”,

проза — Алесь Марціновіч, “Цяпло колішніх вогнішчаў”,

дзіцячая літаратура — Сяргей Давідовіч, “Дзедава жалейка” і  за шэраг іншых твораў,

драматургіі — Ягор Конеў, п’еса “Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы” і іншыя,

публіцыстыкі — Мікалай Барысенка, “Рэха вайны ва Усходняй Беларусі”

літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства — Таццяна Мацюхіна, навуковае выданне “Беларускі імпрэсіянізм”

лепшы дэбют — Сяргей Клімковіч, “Тайна кватэры №8”, дзіцячыя творы ў чатырох тамах.

…Больш двух дзясяткаў кніг выдадзена за час з мінулагодняга свята пісьменнікамі Гомельшчыны. Прыемна, што ў Рагачове былі ўганараваны ў чатырох намінацыях за рукапісы кніг лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, гомельскія паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун,  Яўген Калашнікаў, Алег Ананнеў, а таксама паэтэса, выкладчык ГДУ імя Ф. Скарыны Алена Асенчык. Дыпломы і грашовыя прэміі аблвыканкама ўручыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алег Барысенка, з прывітаннем да іх звярнуўся старшыня аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч. Званне ганаровага грамадзяніна Рагачова прысвоена вядомаму пісьменніку,  драматургу Васілю Ткачову.

У творчай скарбонцы

Запамінальнай на галоўнай пляцоўцы свята была імпрэза, арганізаваная Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Яе вёў старшыня СПБ Мікалай Чаргінец, які падкрэсліў, што пісьменнікі Беларусі падрыхтавалі да нацыянальнага свята шмат праектаў, цікавых выданняў. Дарэчы, шмат новых кніг было ўручана новаму Дому кнігі, школам Рагачова ў падарунак. А на сцэне гучалі не толькі вершаваныя радкі пісьменнікаў з рэгіёнаў Беларусі, але і яркія выступленні сяброў пісьменніцкай арганізацыі – спевака Анатоля Ярмоленкі і кампазітараў Алега Ялісеенкава і Эдуарда Ханка.

Адначасова ў розных месцах Дня беларускага пісьменства ладзіліся прэзентацыі кніг. Іх арганізавалі вядучыя выдавецтвы краіны, а таксама аўтары знакавых кніг.

Так,  пазнаёміцца з творчай лабараторыяй журналістаў, паліграфістаў, выдаўцоў, распаўсюджвальнікаў друку можна было ў павільёнах прэсы і выдавецтваў, якія падрыхтавалі шмат ізюмінак для сваіх чытачоў.

На Дні беларускага пісьменства ўзнагароды атрымалі і госці свята з рэгіёнаў Беларусі. Для кожнага аддзялення СПБ гаспадары падрыхтавалі сувеніры, уручылі дыпломы і граматы за актыўны ўдзел у нацыянальным свяце, а старшыні аддзяленняў СПБ атрымалі памятныя знакі Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі “10 год пісьменніцкай арганізацыі”. Званне лаўрэата абласной літаратурнай прэміі імя народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка прысвоена гродзенскай паэтэсе і празаіку, старшыні Гродзенскага аддзялення СПБ Людміле Кебіч. Дарэчы, спецыяльна да свята аддзяленнем СПБ заснаваны 10 прэмій у гонар пісьменнікаў-землякоў, і такія ўзнагароды за творчыя поспехі атрымалі 24 літаратары Гомельшчыны.

Свята беларускага пісьменства ў Рагачове прайшло запамінальна і для пісьменнікаў, і для чытачоў.

Думкамі аб ім падзяліліся:

Сяргей Дзенісенка,

старшыня Рагачоўскага райвыканкама:

— Ад продкаў мы атрымалі выдатны духоўны набытак, які беражліва захоўваем і памнажаем. На сённяшні дзень нашу гісторыка-культурную і духоўную спадчыну складаюць звыш 70 унікальных помнікаў  археалогіі і архітэктуры. І гэтае свята — выдатная магчымасць паказаць наша культурнае багацце ўсім жыхарам рэспублікі.

Стэфан,

епіскап Гомельскі і Жлобінскі:

— Згадваем у гэты дзень  Кірылу Тураўскага, Еўфрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Янку Купалу, якія заклалі ў дзяржаўнасць Беларусі свае сэрцы і душы.

Мікалай Чаргінец,

старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі:

–         Удзячны кіраўніцтву вобласці, а таксама цудоўных раёнаў

 Гомельшчыны, аддзяленню СПБ, за тое, што здолелі стварыць такое свята.

Святлана Макарава,

сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі, старшыня Краснадарскай пісьменніцкай арганізацыі:

 — Прыгажосць слова, напеўнасць, паэзія закладзены ў сэрцах нашых народаў на генным узроўні. З высокай паэзіі нараджаюцца высокія пачуцці, святое пачуццё любові да роднай зямлі, сваёй Радзімы. Вось ужо пяць гадоў мы працуем у міжнародным літаратурным праекце “Берагі дружбы” разам з Гомельскай пісьменніцкай арганізацыяй. На кожнай старонцы выдадзеных за гэты час выданняў на рускай, беларускай, украінскай мовах  жывуць праменьчыкі святла і дабра, узаемаразумення. Сёння ў праекце працуюць пісьменнікі Краснадарскага краю, Растоўскай, Курскай, Бранскай абласцей Расіі, Гомельшчыны,  Сумской вобласці Украіны, таму гэтыя промнікі пераўтварыліся ў яркія вясёлкі. Мы спадзяемся, што ў нашай вясёлцы будзе яшчэ больш фарбаў, і паэты зробяць тое, што не здолелі палітыкі, каб на нашых славянскіх землях быў мір.

Падрыхтаваў Мікалай ІГНАТОВІЧ

http://www.oo-spb.by/ru/news/stati/1948.html?id=1948