Г.Аўласенка. Знесеныя часам
У зачараваным коле
Фантастычная аповесць Генадзя Аўласенкі «Знесеныя часам» надрукавана ў 5-м — 6-м нумарах часопіса «Нёман». Першая частка падаецца пачаткам выдатнага твора для падлеткаў. Дзяўчынка Саша і хлопчык Ваня, якія жывуць у сучаснай расійскай вёсцы, знаходзяць у закінутай пуні дзівосны апарат і трапляюць у іншы час з мэтай адшукаць Сашынага тату, які таямніча знік, калі дзяўчынка была зусім маленькай. Саша спадзяецца трапіць у будучыню, але апынаецца ў 1607 годзе: Смутны час, паўстанне Івана Балотнікава… Да таго ж, па дарозе губляе сябра — яго таксама трэба знайсці.
Далей гераіня павінна была б пераадолець некалькі выпрабаванняў, з рознымі перашкодамі адшукаць патрэбных людзей і вярнуцца дадому. Па сутнасці, усё так і адбываецца — развязка прадумана добра, але… У пэўны момант дзяўчынка трапляе ў зачараванае кола — замест таго каб рухацца наперад, яна вяртаецца туды, адкуль толькі што ўцякала, сустракае адных і тых жа персанажаў — жывых ці мёртвых, пагрозлівых ці добразычлівых. Сітуацыя вакол Сашы хутка мяняецца, але гераіня на яе амаль не ўплывае — то кідаецца ў слёзы, то стрымлівае прытомнасць, хаця ў прынцыпе паўстае асобай смелай і стрыманай.
Галоўны мэсэдж твора: сярэднявечча — час бязлітасны і жорсткі, але будучыня чалавецтва абяцае быць яшчэ горшай.
Вядома, у творы для падлеткаў можна аднойчы зазначыць, што сустрэча з суровымі, дужымі мужчынамі рызыкуе сумна скончыцца для безабароннай дзяўчынкі. Альбо апісаць прызнанне ў каханні, калі пра пачуцці гавораць не толькі словы. Аднак колькасць інтымных сцэн у другой частцы раптам вымушае задумацца пра верагоднага чытача аповесці.
Генадзь Аўласенка піша цікава і дынамічна (часам можна нават затрымаць развіццё падзей, каб чытач крыху перадыхнуў), не забываецца на іронію, выдатна будуе дыялогі. Чаму б не напісаць аповесць пра падлеткаў, «знесеных часам» ужо на абсягах Беларусі?..
Алеся ЛАПІЦКАЯ