ВЕДЫ ДЛЯ ЮНЫХ ТВОРЦАЎ

2 чэрвеня ў актавай зале Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі на чарговую сустрэчу сабраліся маладыя празаікі Міншчыны.

Галоўны спецыяліст аддзялення Таццяна Якаўлевіч распавяла ўдзельнікам вочна-завочнай школы “Са-Творчасць” пра жанры мастацкай літаратуры, патлумачыла асаблівасці мастацкага тэксту, навучыла пазбягаць збыткоўнасці і паўтораў у маўленні. Не абышлося і без дамашняга задання – напісаць эсэ на адну з прапанаваных тэм: “Люблю мой край, маю старонку”, “Любимый уголок”, “Мой любимый питомец”. А дзяліцца напрацоўкамі творцы будуць ужо на наступных занятках, 16 чэрвеня.

Госця пасяджэння Вольга Кахновіч, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска, таксама прапанавала юным пісьменнікам паказаць сябе – паўдзельнічаць у конкурсе “Па старонках любімых казак” – і расказала аўдыторыі пра мерапрыемствы, якія праводзяцца бібліятэкамі горада.

Куратар школы “Са-Творчасць” Ірына Карнаухава падзялілася сакрэтамі свайго майстэрства, пазнаёміўшы слухачоў з серыяй сваіх “гісторый” (“Пятнистые истории”, “Полосатые истории”, “Оранжевые истории”, “Колпак… Колпачок? Колпак!”). Аднак і самой зале давялося праявіць актыўнасць: прыдумаць канцоўку гісторыі пра кавуны, знайсці неабходны эпітэт, здагадацца, пра што раскажа наступная гісторыя-казка.

Змаглі юныя таленты пазнаёміцца і з творчасцю пісьменніцы Алены Стэльмах, якая прадэманстравала сваю кнігу, аформленую ў стылі выцінанкі, “Дуб і Крумкач”, якая нядаўна выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда”.

А сапраўдным героем сустрэчы стаў Ілля Ляжай, навучэнец Смалявіцкай раённай гімназіі, які прачытаў прысутным уласнае апавяданне пра маладую байкершу. Пазнаёміцца з гэтым творам можна на нашым сайце.

А 7 чэрвеня адбылася сустрэча з юнымі паэтамі. Ірына Карнаухава пазнаёміла іх в асновамі вершаскладання: відамі рыфмаў, тыпамі рыфмовак. Канкрэтныя заданні падрыхтавала для навучэнцаў школы Бажэна Ганушкіна. Маладыя таленты паспяхова справіліся з імі і ўжо падчас заняткаў пачалі выпраўляць свае ўласныя вершы.

Удзельнікі дзіцячага літаратурнага клуба “Ізяслаўцы” – вучні і выпускнікі ДУА “Заслаўская гімназія” – якім кіруе член абласнога пісьменніцкага аддзялення Святлана Быкава, прадставілі для разгляду зборнік сваіх твораў. У ім акрамя прозы і паэзіі былі і малюнкі.

Нагадаем, што наступная сустрэча з паэтамі адбудзецца 28 чэрвеня ў 11 гадзін на пл.Свабоды, 13 у актавай зале.

Спадзяёмся, што кожны з пачынаючых аўтараў атрымаў ад сустрэчы не толькі задавальненне, але і неабходныя веды аб асновах літаратурнай творчасці.

Бажэна Ганушкіна