Струмені Заслаўскай крынічкі
15 красавіка загадчыца Заслаўскай гарадской бібліятэкі Салаўёва Жанна Сямёнаўна гасцінна адчыніла дзверы сваёй установы перад удзельнікамі прэзентацыі дзіцячага літаратурнага клуба “Ізяслаўцы”, які быў створаны ў лістападзе мінулага года пры ДУА “Заслаўская гімназія”. Знакава, што гэта творчая суполка стварылася ў Заслаўі ў юбілейны для горада год – год яго 1030-годдзя, а заявіла яна пра сябе ў поўны голас у Год культуры, якім абвешчаны 2016 год.
Спачатку слова ўзяла кіраўнік нованароджанага клуба, паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Быкава Святлана Анатольеўна. Яна расказала прысутным гісторыю ўзнікнення творчай дзіцячай суполкі, шчыра падзякваўшы ўсім, хто садзейнічаў яе стварэнню, асабліва настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Заслаўскай гімназіі Даманавай Валянціне Аляксандраўне. Далей Святлана Быкава расказала пра здабыткі ўдзельнікаў клуба “Ізяслаўцы”, якія ім ужо ўдалося набыць за пяць месяцаў існавання. У іх ліку – надрукаваныя творы дзяцей у рэспубліканскіх часопісах “Бярозка” і “Качели”, удзел у гарадскіх мерапрыемствах, нават дэбют на радыё “Мінская хваля”, які адбыўся на мінулым тыдні ў перадачы “Бабуліна казка”, у якой прагучалі казкі каля дзесяці юных казачнікаў горада Заслаўя. Кіраўнік клуба падзялілася з прысутнымі далейшымі планамі “ізяслаўцаў”. Сярод іх – выданне да Міжнароднага Дня дзіцяці агульнагарадскога калектыўнага зборніка літаратурных твораў вучняў навучальных устаноў горада і членаў клуба “Ізяслаўцы” пад назвай “Струмені Заслаўскай крынічкі”, які праілюстравалі навучэнцы дзіцячай гарадской школы мастацтваў і ўкладальнікам якога з’яўляецца Святлана Анатольеўна. Паведаміла старшыня клуба і пра перспектыву юных паэтаў горада стаць удзельнікамі творчай суполкі “Са-творчасць”, якая нядаўна пачала працаваць пры Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Потым слова было дадзена самім удзельнікам клуба “Ізяслаўцы”. Пятнаццаць юных паэтаў – вучні трох навучальных устаноў горада Заслаўя ад 4 да 11 класаў – прадэманстравалі прысутным выдатныя творчыя здольнасці. Свае вершы чыталі Скальская Ліза, Шымановіч Ксенія, Сінькевіч Ганна, Цітоў Цімур, Валеватая Віка, Здор Варвара, Ламінская Паліна, Руткевіч Ілья, Гапуціна Дар’я, Лукомскі Іван, Скрыпко Віка, Раптуновіч Крысціна, Галалоб Вадзім, Бабушкіна Ангеліна, Курныш Віка.
Тут дарэчы будзе ўзгадаць радкі з верша Святланы Быкавай:
Душа дзіцячая ў вершы
Званочкам залатым звініць.
Верш першы – як струменьчык першы:
З яго крынічка пабяжыць.
Натоліць таленту крынічка
Жывое зернейка ў раллі.
Сярод людзей успыхне Знічка,
Святлей каб стала на Зямлі.
На прэзентацыі прысутнічала шмат гасцей, якім таксама была дадзена магчымасць выказаць свае ўражанні і думкі. Сярод іх былі намеснік старшыні Мінскага абласнога Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Мінскага абласнога народнага клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца” Карнаухава Ірына Аляксандраўна, супрацоўнік рэдакцыі дзіцячага часопіса “Качели” Чарная Святлана Яфімаўна, галоўны спецыяліст Заслаўскага гарвыканкама Талпека Алла Яўгенаўна, намеснік дырэктара Заслаўскай гімназіі Каспяровіч Жанна Лявонцьеўна, мастацкі кіраўнік Заслаўскага гарадскога Дома культуры Ягныш Ірына Міхайлаўна і іншыя. Усе яны выказалі шчырае захапленне паэтычнымі здольнасцямі юных паэтаў і пажадалі ім і нованароджанаму клубу “Ізяслаўцы” натхнення і здзяйснення самых смелых планаў.
Працяг мерапрыемства адбыўся ў ключы сувязі часоў і пакаленняў, пераемнасці і спадчыннасці творчых здольнасцей таленавітых жыхароў горада. Гаспадыня мерапрыемства Салаўёва Жанна Сямёнаўна, выкарыстоўваючы слайды, расказала прысутным гісторыю стварэння і існавання гарадскога клуба цікавых сустрэч “Сузор’е”, які амаль 15 год працуе пры Заслаўскай гарадской бібліятэцы. Потым удзельнікі клуба “Сузор’е” – Вольга Арлоўская, Георгій Грэсь і Леў Міхееў прачыталі свае вершы і пажадалі юным паэтам далейшых творчых поспехаў.
Напрыканцы мерапрыемства яго удзельнікі абмяняліся падарункамі і сувенірамі, сярод якіх былі цукеркі для дзяцей ад гарвыканкама, каляндарыкі ад часопіса “Качели”, калектыўныя зборнікі дзіцячых вершаў ад кіраўніка клуба “Жывіца” і ўласныя паэтычныя зборнікі паэткі Святланы Быкавай.
Скончылася сустрэча віншаваннямі, словамі падзякі, калектыўным фотаздымкам і добрым настроем усіх удзельнікаў прэзентацыі клуба “Ізяслаўцы”.
Святлана Быкава