Пісьменнікі на Случчыне

DSC_0245Як сведчыць шыльда на сцяне, ДУА “Слуцкая гімназія № 1” – старэйшая ў Беларусі навучальная ўстанова, што дае агульную сярэднюю адукацыю. У далёкім 1617 годзе (праз год – чатыры стагоддзі таму!) пры Янушы VІ Радзівіле тут было заснавана Слуцкае кальвінісцкае вучылішча. Пазней яно атрымала назву “гімназія”, якую сучаснікі называлі “Слуцкімі Афінамі”, “узорнай Слуцкай гімназіяй”, у пачатку  мінулага стагоддзя – школай, а з 14 мая 1998 года – гімназіяй № 1.

DSC_0180Вось у гэтай адукацыйнай установе і адбылася 22 лютага сустрэча з членамі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прымеркавалі яе да чарговага Сусветнага дня роднай мовы. І невыпадкова. Акрамя багатай гісторыі гімназіі, слуцкая зямля славіцца яшчэ і тым, што менавіта тут, можна сказаць у цэнтры краіны, звыш ста гадоў таму і пачынала фарміравацца сучасная літаратурная беларуская мова. Пра тое, што сучаснікі шануюць намаганні сваіх продкаў, карыстаюцца роднай мовай не толькі ў святы, але пастаянна, нам засведчылі шматлікія плакаты, дакументацыя, іншыя інфармацыйныя матэрыялы, размешчаныя на сценах навучальнай установы, вучнёўскія лістоўкі з перакладамі рэдкаўжывальных, цікавых слоў з беларускай мовы на рускую і, вядома ж, чыстае вымаўленне, ужыванне беларускага слова не толькі на ўроках, але ўвогуле ў  сценах гімназіі.

DSC_0191

Вось і асноўнае дзейства на сцэне ў актавай зале пачалося з выступлення школьнікаў, якія, выкарыстоўваючы выслоўі вядомых людзей, вершаваныя радкі класікаў беларускай літаратуры і знаёмыя песні, праспявалі гімн роднаму слову. Затым слова перадалі гасцям. Хутка знайшла агульную размову са школьнікамі намеснік старшыні абласнога аддзялення  Саюза пісьменнікаў, аўтар 15 кніг паэзіі і прозы Ірына Карнаухава. Яна цікава, у займальнай форме прачытала вершаваныя і празаічныя радкі, прысвечаныя дзецям.

Знайшлі водгук у юных слухачоў і творы ўздзенскага паэта, журналіста Віктара Сабалеўскага – пра родную прыроду, вясковае жыццё, каханне, грамадзянскага гучання, жартоўныя.

А паэтка з Заслаўя Святлана Быкава ў гэты час у асобнай аўдыторыі мовай загадак, прымавак, кароткіх дзіцячых вершыкаў вяла размову з вучнямі малодшых класаў.

Гімназісты задавалі гасцям пытанні, пахваліліся цікавай, у некалькі дзясяткаў старонак, уласнай газетай з каляровымі фотаздымкамі, а пры развітанні ўручылі на памяць аб наведванні гэтай багатай на творчыя здабыткі зямлі сувенірныя паяскі – праз дарогу ад гімназіі размешчаны галоўны корпус адной са скарбніц беларускай культуры, вытворча-культурнага комплекса “Слуцкія паясы”.

Сяргей ВАСІЛЬЧУК