“Рунь” уразіла мурашмянцаў
“Шчыры дзякуй за радасць такой сустрэчы! Нізкі паклон вам за вашы вершы, за вашы песні! Проста не хапае слоў, каб выказаць усё, што адчуваеш, уражаны да глыбіні душы!..” – такія словы пачулі ў свой адрас удзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры пасля іх канцэрта ў Мурашмянскім сельскім клубе Ашмянскага раёна.
Кожны нумар выступлення “рунеўцаў” суправаджаўся дружнымі апладысментамі гледачоў, якіх было даволі многа для вясковай установы культуры. Вершаваныя ж і песенныя творы Марыі Шакун, Аляксандра Кулака, Сафіі Русецкай, Яўгена Зялкоўскага, Валянціны Гіруць-Русакевіч, Ганны Канановіч, Людмілы Краснадубскай, Дзмітрыя Завадскага, Наталлі Жызнеўскай, якія гучалі ў выкананні саміх аўтараў, сяброў па творчай суполцы і салістаў РЦК, былі напоўнены прызнаннем у любові роднаму краю, матулям і ўсім жанчынам у зале; хвалюючымі ўспамінамі кранала душу любоўная лірыка гэтых жа аўтараў. А Галіна Філяноўская развесяліла ўсіх сваімі жартоўнымі вершамі і песняй.
На завяршэнне канцэрта “рунеўцы” вершам і песняй-малітвай папрасілі ва Усявышняга шчасця, дабра і міру роднай беларускай зямлі і яе людзям, а гэта значыць і ўсім прысутным у зале. А кіраўнік Мурашмянскага сельскага клуба Ала Уладзіміраўна Лыскойць ад імя ўсіх вяскоўцаў разам з найшчырымі словамі падзякі выказала спадзяванне на новыя сустрэчы з нашым калектывам. На памяць мурашмянцам засталіся не толькі прыемныя ўражанні ад канцэрта, але і калектыўны зборнік “Помнім і жывём” удзельнікаў нашага аб’яднання.
В. Русакевіч, кіраўнік народнага літаратурна-
мастацкага аб’яднання “Рунь”