Старонкі няспыннага часу
ТРЫМАЦЦА НА ХВАЛЯХ ЧАСУ
Паэтычны праект «Старонкі няспыннага часу» вытрымлівае традыцыі, якія фарміруюцца ў народным клубе «Жывіца» другое дзесяцігоддзе. Аўтары зборніка – роўныя і розныя. Роўныя – без узаемарэўнасці і вытыркання, з гатоўнасцю прыўнесці асабістае ў агульнае, з трапяткім і дапытлівым стаўленнем да Паэзіі, адказнасцю перад сумленнем, чытачом, Богам. Розныя – з поспехамі і нягодамі, побытавым і літаратурным досведам, характарам, творчым падыходам. Шырокі тэматычны і эмацыйны дыяпазон, здольнасць бачыць жыццё ў аб’ёме, успрымаць чужы боль як уласны, робяць зборнік шматмерным, дазваляюць адчуць жыватворны подых паэтычнага слова і біятокі літаратурнага працэсу.
Асаблівасць зборніка «Старонкі няспыннага часу», як і іншых паэтычных праектаў народнага клуба «Жывіца», у тым, што на адной пляцоўцы выступаюць і дэбютанты-пачаткоўцы, і самародкі без агранкі, і абазнаныя прафесіяналы. Без зайздрасці знізу і пагарды зверху. Таму апроч рэалізацыі творчых здабыткаў кніга дае магчымасць паэтычнага ўдасканалення або параўнання на ўзорах таленавітых твораў, дазваляе вызначыць уласны патэнцыял і намеціць шляхі ўдасканалення. А майстрам дазваляе не толькі выказацца і прадэманстраваць выдатны ўзровень, а яшчэ і лепш ведаць адно аднаго. Тым самым выконваецца яшчэ адно прызначэнне паэзіі – яднанне яе прыхільнікаў.
Жыццё ўладкавана такім чынам, што для рэалізацыі здольнасцей і памкненняў чалавека недастаткова жадання, працавітасці і таленту. І нават асабістая воля і амбітная прабіўнасць часцей прыносяць больш шкоды, чым карысці. Хоць, несумненна, абавязак кожнага творцы – не толькі зрабіць, а і пэўным чынам рэалізаваць: прапанаваць зробленае, агучыць, атрымаць ацэнку. Не заўсёды знешнія ўмовы гэта дазваляюць, не заўсёды ўсё ўспрымае соцыум. Магчыма, таму чалавецтва навучылася фіксаваць любыя дзеянні з прэтэнзіяй на дасягненне ва ўстойлівай форме: у пісьменнікаў гэта – літары, у музыкантаў – ноты, у мастакоў – лініі і колеры, у навукоўцаў – графікі і формулы. Менавіта гэтыя два аспекты – фарматнасць, каб надзейна рэалізаваць, і нефарматнасць, каб мець шанс на развіццё культуры ў цэлым – патрабуюць ад кожнага творцы адэкватнасці, якая заключаецца ў майстэрскім выкананні, уменні вызначыць шляхі рэалізацыі, пры немагчымасці якой – здольнасці змірыцца з варункамі часу і зафіксаваць у прымальным выглядзе. Размова ідзе пра тое, што зробленае трэба паказваць, «абкатваць» і на раённых суполках, і ў «Жывіцы». Паэты, абазнаныя у літаратурным працэсе, якія дакладна ведаюць, што «свае мазгі не ўставіш» і «свет не пераробіш», а самі ў творчым эксперыменце выйшлі за фармат сучаснай публікабельнасці, павінны давесці зробленае да прымальнага выгляду і пэўным чынам азнаёміць сучаснікаў. «Жывіца» гэта дазваляе.
Кожны з нас ведае, што натхненне і творчы ўзлёт – тое, што з’яўляецца на пэўны час, і часцяком – пад уплывам знешніх абставін, развіццё якіх мала залежыць ад чалавека. Менавіта таму міфалагічная самаіронія зрабіла і Музу, і Пегаса крылатымі. Даводзілася чуць выразы «асядлаць Пегаса» і «ўкласці Музу ў ложак», аднак пакуль ніводзін паэт нават жартам не пахваліўся, што Пегас стаіць у ягоным хляве, а Муза завіхаецца на кухні. Не трэба камплексаваць з нагоды, што «перасталася пісаць»: магчыма, гэтае поле ўладкавана і варта перайсці на іншае, а не сеяць па сеянаму. Або проста адпачыць – сесці ў цянёчку і паглядзець, што робіцца навокал, дапамагчы парадай або дзеяннем тым, хто шчыруе. Зразумела, усе асацыяцыі тычацца творчасці і людзей, якія займаюцца ёй побач з вамі. І пры гэтым разумець, што час, адведзены нам Галоўным Творцам, абмежаваны. Вышэйсказанае да таго, што так званыя «творчыя крызісы» – не прычына адыходзіць ад супольнасці. На вяселлі можна быць і жаніхом-нявестай, і сватамі, і тамадой, і шараговым госцем. Галоўнае – быць на вяселлі. «Жывіца» гэта вітае. Асабліва пасля «білетызацыі», якая была прадугледжана Статутам клуба адпачатку. Не знікайце, не губляйце сувязь. Ёсць праблемы (а ў каго іх няма?) – адзначайцеся завочна.
Пасля двух агульных і двух «абстрактных» абзацаў варта даць і пару прадметных. Калі хто заўважыў, на выхадных дадзеных кнігі «Старонкі няспыннага часу» пазначаны 2016-ы год і выканана яна ў выглядзе фаліянту, а не двух зборнікаў, як звычайна і як прынята для кнігі такога аб’ёму. Гэта вынік даніны цяперашняму няўстойліваму часу. Аднак у змесце тыя ж аўтары, тыя ж тэксты, што былі адабраныя-адобраныя пасля ўкладання і рэдактуры-карэктуры. Кампраміснасць – частка той жа адэкватнасці – заўсёды вымушаная. Тым не менш кніга выйшла і час яе прэзентацыі супаў з тым, які і быў запланаваны, з чым усіх нас віншую, і ад усіх нас дзякую кіраўніцтву дзяржаўнай установы «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» за падтрымку, спрыянне, разуменне.
Асаблівасць цяперашняй кнігі – беларускамоўныя вершы аўтараў, для якіх «вольнай» мовай выказвання з’яўляецца руская мова. Мы – людзі лексічныя, вербальныя (слоўныя), таму павінны адчуваць і умець захапляцца і выкарыстоўваць фанетычныя і сэнсавыя нюансы. Тым больш яднае менталітэт – прыналежнасць да тэрыторыі, нацыі, этнасу. Выдатнай традыцыяй стала і рубрыка «По итогам областного конкурса», у якой прадстаўлены аўтары Мінскай вобласці, якія даслалі на паэтычны конкурс таленавітыя творы. Пры гэтым варта зазначыць, што значная частка аўтараў – члены «Жывіцы». І ў падборках, само сабой, ёсць не менш таленавітыя творы. Аднак першае правіла конкурсу – адпаведнасць тэме. Тым больш «для чысціні эксперыменту» члены прафесійных пісьменніцкіх саюзаў удзелу у конкурсе не прымалі.
Тыя, хто рэгулярна бывае на пасяджэннях, заглядае на сайт «Жывіцы», хто асабіста супрацоўнічаў са мной як з рэдактарам, адчуваюць асноўную канцэпцыю, якой прытрымліваюся. «Адчуваюць», таму што сфармуляваць яе даволі складана. Устойлівае:
да кожнага праекта – уласныя крытэрыі;
баланс між інтарэсамі аўтара і агульным узроўнем (успрыманнем) кнігі;
– перавага паэтычнага слова над формальнай граматыкай;
– лепшае – вораг добрага, бо сваё павінна застацца сваім;
– калі зачапіла (захапіла або раздразніла – няважна), стараюся адключыць асабістыя эмоцыі і асацыяцыі;
– нахіліся да таго, хто ніжэй, уздыміся да таго, хто вышэй;
– рэдактура падказвае, арыентуе, суаўтарствуе у самым добрым і беспрэтэнзійным сэнсе гэтага слова.
Работа рэдактара – звычайная творчая задача:
– вызначэнне мэты і ацэнка зыходнага матэрыялу;
– часовае абстрагаванне (няхай адлежыцца);
– азарэнне, як вызначэнне накірунку і прыняцце рашэння;
– выкананне задачы;
– праверка правільнасці рашэння.
Толькі ў калектыўных зборніках гэты цыкл нярэдка даводзіцца пракручваць і ў дачыненні кожнага аўтара.
Майце гэта на ўвазе, калі рыхтуеце для зборнікаў творы: гэта тычыцца не толькі саміх вершаў, але і стандартнага афармлення і электроннай перасылкі. Агульных заўваг няма, індывідуальных прэтэнзій – таксама. З’яўляйцеся на раздрукоўку пасля першай чыткі: гэта самы рэальны шанс паўплываць на тое, у якім выглядзе выйдуць творы. Дасылайце ў час: спозненую падборку складаней зрабіць аднароднай з тым, што пэўным чынам падрыхтавана. Гэта тычыцца твораў любога ўзроўню. Само сабой, лёс людзей і твораў – важней. Аднак старайцеся.
Вышэйсказанае – для правільнага разумення работы рэдактара. Часам рэдактура ўспрымаецца касметыкай, часам – эпіляцыяй. Не перажывайце за «любімыя мазалі» – новыя нарастуць, калі казаць жартам. Стаўцеся да высілкаў рэдактара гэтак жа спрыяльна, як і ён да вашых. І памятайце, што рэдактура калектыўнага зборніка адназначна тычыцца толькі самога зборніка. Воля аўтара – які варыянт твора лічыць асноўным.
Варта, пэўна, нагадаць і пра асноўнае абмежаванне па дасылцы твораў для калектыўных праектаў «Жывіцы»: не падаваць тое, што друкавалася раней у нашых калектыўных зборніках. У тым ліку – версіі і варыянты. Адсочвайце гэта самі. Раней апублікаванае у іншых выданнях, у тым ліку – у аўтарскіх зборніках – не перашкода. Адхіленае і папраўленае – таксама.
Хацелася б пералічыць прозвішчы аўтараў зборніка «Старонкі няспыннага часу», прывесці арыгінальныя радкі або выбітныя вершы. Паспрабуйце зрабіць гэта самі: пачытайце не толькі свае падборкі вершаў, з разуменнем ці неразуменнем рэдактарскага ўмяшальніцтва, але і кожнага з калег-аднадумцаў, у якіх «умяшальніцтва» вы не заўважыце. І падзяліцеся ўражаннямі ў той ступені, у якой палічыце патрэбным.
І не забывайцеся па меры магчымасці даваць пэўную агучку кнізе ў сваіх мясцінах: на студыях, літаратурных вечарынах, у раённых і абласных выданнях, бібліятэках, выканкамах. «Жывіца» – наш агульны ўтульны дом. Пакуль гэта так.
Юрась Нераток
http://www.zhyvica.ru/main/3613-trymacca-na-hvalyah-chasu.html