Як мядзведзь пчаляром стаў
Смешная малпа, гаварлівы гадзіннік і сіні сабачка
Сэрца чакае цудаў. Асабліва напярэдадні навагодніх свят. Зірніце ў вокны: мітусня машын, звон трамваяў, мігценне святлафораў і рэкламных постараў. Усе кудысьці спяшаюцца: дарослыя — на працу, хлапчукі і дзяўчынкі — у школу ці дзіцячы садок… Хоць на некалькі гадзін хочацца збегчы ад будзённасці і зазірнуць у казку. Хтосьці робіць гэта ў сне, падчас прагляду фантастычных кінастужак, а іншы — праз кнігі. Толькі на кніжных старонках, асабліва калі гэта дзіцячая літаратура, можна знайсці сапраўдную, шчырую дабрыню — і бязмежны прастор для фантазіі.
Зборнік казак і вершаў «Як мядзведзь пчаляром стаў», які зусім нядаўна пабачыў свет у «Выдавецкім доме «Звязда», — гэта калейдаскоп новых неверагодных гісторый, працяг вядомай серыі «Казачны куфэрак». Аўтары віртуозна, лёгка і тонка пераплятаюць выдумку з рэальнасцю, а мудрасць — з весялосцю. Яшчэ адна порцыя прыгод чакае сваіх чытачоў!
Вершы пра шэрага воўка, разумнага каня, фанабэрыстую лісіцу і кемлівую вавёрку ад Генадзя Аўласенкі не саступаюць сваёй мудрасцю байкам, сцвярджаючы, што хітрасцю і падманам радасці ў жыцці не набудзеш.
Тамара Бунта прапануе казку «Добрае сэрца» пра цацачнага сабачку па мянушчы Сінька, сшытага з сіняй штучнай шарсцянкі, з чорным пластмасавым носам — і гадзіннікам замест сэрца. Нават яго, пакінутага на паліцах крамы, знаходзіць шчасце. А ўсё таму, што герой не баіцца ісці да сваёй мары і робіць дабро ўсім, каго сустракае на шляху. З аповеду можна даведацца, як Сінька, што доўгі час са смуткам пазірае ў вокны са свайго пыльнага месца, аказваецца каля невядомага, але вельмі прыгожага лесу, дзе над кветкамі кружацца матылькі, у густой траве скачуць конікі, а навокал вандруюць жывёлы. І, нарэшце, сустракае свайго сябра.
Кастусь Жук распавядае дзецям гісторыю пра тое, як мядзведзь стаў пчаляром — не без дапамогі чалавека. Гэта таксама аповед пра ўзаемадапамогу, тое, чаго не хапае часам нам, прадстаўнікам зменлівага і мітуслівага веку…
Сапраўдныя іншапланецяне спускаюцца з белай планеты на старонкі кнігі дзякуючы Таццяне Мушынскай. Не, гэта не істоты з доўгімі страшэннымі шчупальцамі і зялёнымі выцягнутымі галовамі, а такія ж, як і людзі, — з выгляду і па паводзінах, але… Уявіце: яны не носяць нічога, акрамя масіўных скафандраў са шлемамі. Затое лётаюць на спрытных талерках замест машын, а робаты выконваюць за іх усю неінтэлектуальную працу! Цэнтральным у казачнай аповесці становіцца хлопчык Максімка — яму, нібы персанажу Зорных войнаў, давядзецца адправіцца ў незнаёмую галактыку… і хутка вярнуцца дадому. Чаму? Ведаеце, чым мы адрозніваемся ад іншаземцаў? На нашай роднай Зямлі ёсць лясы і азёры, чырванабокія суніцы і мурашыныя домікі, спевы птушак і водар грыбоў… Карацей: ва утульнасці ў нас няма канкурэнтаў!
Міхась Пазнякоў вельмі ўдала супастаўляе шчырасць і сквапнасць у сімвалічным творы «Бядняк і багацей» — пра тое, што брыльянтавую сякеру хлуснёй не здабудзеш. Пісьменнік мудра разважае і пра маладую малпачку, што пабегла спачатку за кукурузай, потым персікамі, кавунамі і, нарэшце, усё пакідала, захапіўшыся пагоняй за двума зайцамі… Як вынік — вярнулася дадому ні з чым. Праўда жыцця дэманструецца на зразумелых прыкладах, таму маленькім (ды і дарослым) чытачам будзе над чым паразважаць.
Адзін з самых атмасферных, дзіўных і сімпатычных твораў — у Алены Масла. «Калючык страціў сон. А ўсё праз тое, што імкнецца ўявіць сабе бясконцасць. — Як так, — думае вожык, — каб у космаса канца-краю не было?» — пачынае аповед аўтарка, параўноўваючы зоркі з белым налівам на яблынях (нечакана!). «Паставіў на ганак зэдлік, ускараскаўся на яго — каб быць да зорак бліжэй. Пыску ўгору задраў, на дыдачках выцягнуўся… Бух! Упаў! Ды такога грукату зэдлікам нарабіў, што разбудзіў суседа — барсука Клыпу», — як тут не ўсміхнуцца? І вось ужо разам з сябрам героі разважаюць пра касмічныя далячыні так прыцягальна, што хочацца сесці каля іх, углядацца ў бясконцыя прасторы, і марыць, спрачацца, пакуль вочы не заплюшчыць сон…
У кнізе «Як мядзведзь пчаляром стаў» хаваецца і працяг прыгодаў маленькага Шубуршуна, смелага рачнога капітана і вандроўніка, якога вялізная качка заносіць на бераг. Што чакае яго на невядомай зямлі? Сустрэча з працавітымі мурашамі, легенда пра чароўную Пясчынку, схаваную ў падзямеллях, і шмат карысных высноў… Твор Алены Стэльмах пра стары дуб і нахабнага крумкача нагадвае народнае паданне, а вось «Служка-воўк» Вольгі Савасцюк — хутчэй яшчэ адна байка пра тое, што нельга прымусіць тых, хто прызвычаіўся да волі, сядзець у цесным закутку… Ці не занадта складаная філасофія для дзяцей? Цяпер яны хутка растуць. Ды і навошта дарослыя побач? Яны і павінны тлумачыць… Чым раней дзіця навучыцца ўспрымаць свет не праз ружовыя акуляры, адказваць за свае ўчынкі, правільна ставіцца да людзей, тым будзе шчаслівейшым яго шлях.
У кнігу таксама ўвайшлі вершы Міколы Чарняўскага пра лісу-калядоўшчыцу і ката Мурмылу, рыфмаваныя парады Уладзіміра Карызны, творы Алеся Бадака пра кацяня, што хацела стаць гаспадаром двара, і капрызнага Міхаську, які вырашыў, што можна дастаць зорку з неба, падарожжы ў кветкавы «рай» Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.
Крыху асобна вылучаецца непадабенствам казка Георгія Марчука пра аўтобус, ліфт і насценны гадзіннік, рэчы, што сустрэліся аднойчы ў тры гадзіны ночы, каб паразмаўляць і паспрачацца пра жыццё. І такое бывае! Не верыце? Разгледзьце ўважлівей ілюстрацыі да кнігі — у Марыі Каратаевай усё настолькі рэалістычнае, што дух захоплівае!
Марыя ВОЙЦІК
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/11/47-2015.pdf
Казкі з глыбокай філасофіяй
У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла трэцяя кніга ўжо знаёмай маленькім чытачам серыі «Казачны куфэрак» «Як мядзведзь пчаляром стаў», якую ўклала рэдактар аддзела выдання дзіцячай літаратуры Вольга Аляксеева. У гэтай серыі (і новая кніга не стала выключэннем) сабраныя лепшыя творы сучаснай айчыннай дзіцячай літаратуры.
«Казачны куфэрак» здзівіў сваёй філасафічнасцю. На старонках кнігі «Як мядзведзь пчаляром стаў» можна знайсці развагі Алены Масла пра касмічныя прасторы ў творы «Калючык і космас» і нататкі пра жыццё рэчаў у казцы «Аўтобус, Ліфт і Насценны Гадзіннік» Георгія Марчука. Казка Алены Стэльмах «Дуб і крумкач» вылучаецца дасканаласцю мовы, сімвалічнасцю вобразаў. Кацярына Хадасевіч-Лісавая з незвычайным «Падарожжам у Кветкавую краіну», Вольга Савасцюк з дзвюма вершаванымі казкамі «Служка-воўк» і «Рыжыкуцякач» таксама не пакінуць абыякавымі.
Цікава будзе прачытаць і працяг вядомых «Прыгод Шубуршуна» Алеся Карлюкевіча. У новым зборніку малечу чакаюць неверагодныя прыгоды ў мурашніку. А Таццяна Мушынская прапануе выправіцца ў космас разам з Максімам і яго новымі іншапланетнымі сябрамі ў казцы «Калі прыляцелі іншапланецяне». За права быць гаспадаром на двары паспрачаюцца Кацяня, Шчанюк, Курыца і Дажджавы Чарвяк у творы Алеся Бадака «Хто гаспадар?». Тамара Бунта ў казцы «Добрае сэрца» раскажа незвычайную гісторыю пра набыццё цацачным сабачкам Сінькам самага сапраўднага сэрца.
Нельга пакінуць без увагі добрыя і светлыя вершаваныя казкі Генадзя Аўласенкі, Кастуся Жука, Міхася Пазнякова, Міколы Чарняўскага, Уладзіміра Карызны — арыгінальныя сюжэты, дасціпныя назіранні і яркія персанажы абуджаюць фантазію.
Аляксей ЖАБІНСКІ
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2016/01/3-2016.pdf
КАМУ ДАДЗЕНА БЫЦЬ ВЕРАСАМ?
Актыўнае развіццё беларускамоўнай дзіцячай літаратуры многія пачалі ўжо называць няйначай як феноменам. І сапраўды, пасля многіх гадоў амаль поўнай «цішыні» бібліятэка айчыннага чытача перыядычна папаўняецца аповесцямі, апавяданнямі, казкамі, вершамі для дзяцей. Добрай традыцыяй Выдавецкага дома «Звязда» стала выданне кніг у спецыяльных серыях «Вясёлы калейдаскоп» і «Казачны куфэрак». У апошняй не так даўно пабачыла свет чарговая шыкоўна аформленая кніга «Як мядзведзь пчаляром стаў». Проста прайсці каля стэлажа з гэтым выданнем дзіця дакладна не зможа: шчыры гумар аўтараў выдатна выяўляе вокладка. Вялізны смешны мядзведзь з дапаможнікам «Пчалярства» ў сумцы пяшчотна абдымае барадатага сімпатычнага беларуса…
Гэткім жа мяккім гумарам, падобным да гумару фальклорнага, напоўнены дасціпныя вершы Генадзя Аўласенкі пра вялікую сілу кемлівасці. Слабейшыя, аднак разумнейшыя конь і вавёрка падманваюць драпежных воўка і лісу і, карыстаючыся іх няёмкім становішчам, выходзяць пераможцамі. Гэтак жа дзейнічае і «цар звяроў» з верша Уладзіміра Карызны «Казка пра мужнага ката»: асабліва не прыкладаючы намаганняў наводзіць жах на ўсіх лясных жыхароў. Ды перасягнуў усіх мядзведзь з верша Кастуся Жука, што даў назву кнізе. Каб не халадзіць лапы, стары таптыга носіць лапці ды частуе ўсіх духмяным мядком. «Той ніколі не стары, / Хто сябруе з мёдам», — пэўна, гэтыя радкі вясёлага і адначасова мудрага лірычнага твора дапамогуць матулям прапанаваць дзецям колькі лыжачак каштоўнага салодкага прадукта. А яшчэ не толькі праз алегарычныя вобразы жывёл сцвярджаецца ідэя аб дамінуючай ролі розуму, шчырых пачуццяў. Міхась Пазнякоў актуалізуе вядомы казачны сюжэт пра лесавіка, што дапамагае селяніну дастаць з ракі згубленую сякеру. Адмаўляючыся ад залатой і сярэбранай, бядняк атрымоўвае ўсе тры. А багацей, паквапіўшыся на каштоўныя сякеры, застаецца з носам.
Аднак не трэба думаць, што кніга «Як мядзведзь пчаляром стаў» мае алюзіі толькі на беларускую народную творчасць. Казка Георгія Марчука «Аўтобус, ліфт і насценны гадзіннік» скіроўвае чытача ў дзівосны свет адухоўленых рэчаў, за якімі назірае мудры Бог. «Гэта ж як у Андэрсена і Бажова!» — усклікнуць уважлівыя. І будуць правыя: на гэтыя асацыяцыі і разлічвае аўтар. Стары аўтобус марыць атрымаць спакой і адпачынак, ліфт — узляцець на пяцідзясяты паверх, насценны гадзіннік — пабачыць вялікі свет. І што важна, кожнаму не хапае павагі і ўдзячнасці людзей, якія іх выкарыстоўваюць… Тыя сварацца без дай прычыны, не берагуць рэчы, не берагуць успаміны. Як жа прайсці праз гэтыя выпрабаванні, фігуральна кажучы, не апусціць рукі? Дык тут спрацоўвае простая біблейская ісціна: роспач — вялікі грэх, трэба захапляцца маленькімі жыццёвымі радасцямі. Праз свайго своеасаблівага героя, гадзіннік, Георгій Марчук агучвае немудрагелістую формулу шчасця: «…калі ты патрэбны нават аднаму чалавеку, можаш лічыць сябе шчаслівым». Той, хто не страчвае надзею, абавязкова будзе ўзнагароджаны. Гэта доказна даводзіцца ў казцы: аўтобус усталёўваюць на п’едэстал перад аўтапаркам, ліфт мадэрнізуюць і пераносяць у новы высокі гмах, гадзіннік адчувае цікавасць наведвальнікаў у музеі.
Калі ўжо гаварыць далей пра рознасць казкавых традыцый, то варта ўзгадаць аўтарскі стыль маладой пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. «Падарожжа ў Кветкавую краіну» яго яскрава дэманструе. Незвычайнай увагай да дэталей, панарамнасцю фантастычных карцін твор, безумоўна, нагадае казкі Мікалая Носава. Тым больш, што і тэматычна блізкі: яго Нязнайка таксама падарожнічаў у кветкавым горадзе. Аднак гэта зусім не плагіят, бо Кацярына Хадасевіч-Лісавая стварае свой, непаўторны свет падарожжаў у сне. Запамінальныя персанажы (экскурсавод па казках Сіняй падушкі Пухлік, кароль Кветкавай краіны Фларыстыкус, мастачка Маляваначка), дзіўныя транспартныя сродкі (конікі, карэта-мак), геаграфічныя назвы (Клумбавая алея, Матыльковая паляна), стравы (суп з пялёсткаў ружовай півоні, пюрэ з карэння гамільтыкуса, катлета з бульбеты духмянай), неаспрэчна, прыцягваюць увагу маленькіх фантазёраў. А яшчэ «Падарожжа ў Кветкавую краіну» — гэта гісторыя пра першае каханне. Шчырае, крыху сарамлівае, з «рамонкавымі спатканнямі», але глыбокае і сапраўднае.
Пэўна, у юным узросце трэба не столькі павучаць, а паказваць свет з розных бакоў, каб маленькі чалавек сам падыходзіў да разумення добрага і дрэннага, знаходзіў свой непаўторны шлях у дарослае жыццё. Зборнік «Як мядзведзь пчаляром стаў» дэманструе творчасць зусім непадобных адзін да аднаго пісьменнікаў. Міхась Пазнякоў, Тамара Бунта, Таццяна Мушынская, Алена Масла, Алесь Карлюкевіч, Вольга Савасцюк, Мікола Чарняўскі, Алена Стэльмах маюць розныя погляды на жыццё і творчасць, але намагаюцца паказаць як мага больш далёкія далягляды дзецям. Вядомая шведская пісьменніца Юя Вісландэр некалі сказала ў адным з інтэрв’ю: «Я хачу, каб кнігі натхнялі на жыццё». Казачныя гісторыі чарговай кнігі серыі «Казачны куфэрак», безумоўна, натхняюць на сапраўдныя ўчынкі, прыгоды, творчасць. Не будзем супрацівіцца натхненню!
Юлія Алейчанка
http://www.polymja.lim.by/wp-content/uploads/2016/03/polumja_3_2016.pdf