Сустрэча ў роднай школе
20 кастрычніка ў ДУА “Маладзечанская сярэдняя школа №1 імя Я. Купалы” адбылася сустрэча з паэткай і перакладчыцай, членам СП Беларусі Аксанай Ярашонак.
Гэтая школа – месца для паэткі асаблівае, бо менавіта тут яна вучылася з 1988 па 1999 гады. На сустрэчы прысутнічалі навучэнцы 10 і 11 класаў, а таксама настаўнікі. А адбылася сустрэча па ініцыятыве настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, колішняга класнага кіраўніка Аксаны – Ірыны Францаўны Лычкоўскай.
Аксана крыху расказала пра сябе, прыгадала гады, праведзеныя ў школе, літаратурныя мерапрыемствы ў школьным купалаўскім пакоі і любімых настаўнікаў. Прагучалі вершы і песні пра Радзіму, падарожжы, каханне, дзяцей, а таксама вершаваныя пераклады.
Пасля былі пытанні. Юных гледачоў цікавіла, як паэтка можа знаходзіць час на сям’ю, працу, творчасць і падарожжы; калі яна напісала свой першы верш, калі апошні раз наведвала родную школу і г. д. А настаўнікі прыгадалі, якой будучая паэтка была ў свае школьныя гады.
У падарунак школе Аксана Ярашонак пакінула свой першы паэтычны зборнік “Звычайнае шчасце”, а таксама кнігі паэтычных перакладаў “Славянской боли кружева” и “Атожылкі славянскага камля”.