“Лета з добрай кнігай” завітала ў “Зубраня”
22 ліпеня прадстаўнічая дэлегацыя літаратараў Мінскага абласнога аддзялення СПБ наведала Нацыянальны дзіцячы аздараўленча-адукацыйны цэнтр “Зубраня”.
Сустракалі гасцей тэатралізаваным прадстаўленнем школьнікі старэйшых класаў, якія заканчваюць сваю змену. У сваю чаргу пісьменнікі Міншчыны ўручылі дырэктару ўстановы Асмалоўскай Таццяне Вітальеўне падборку кніг для бібліятэкі цэнтра. А пасля перад дзецьмі розных узроставых груп выступілі пісьменнікі.
Старшыня аддзялення Леанід Крыванос прэзентаваў калектыўны зборнік “У іх жыцці была вайна” і альманах “Граніца літаратурная”, якія пабачылі свет у гэтым годзе і прысвечаныя 80-годдзю Вялікай Перамогі. Гучалі вершы на патрыятычную тэму. Намеснік старшыні Рагнед Малахоўскі зацікавіў слухачоў сваім новым зборнікам вершаў “Дзе рачулка Нарачанка…”. Аўдыторыя ахвотна слухала аўтарскія песні паэта Уладзіміра Цануніна, а вучні пачатковых класаў уважліва сачылі за тэатралізаваным дзействам-прэзентацыяй лаўрэата Нацыянальнай прэміі Беларусі Сяргея Клімковіча. Шмат цікавых пытанняў задавалі дзеткі дзіцячым пісьменніцам Ірыне Карнаухавай і Тамары Бярэзінай. Публіцыст Павел Жукаў расказаў падлеткам аб напісанні сваёй новай кнігі “Курорт моей мечты”, якая намінавана ў гэтым годзе на Нацыянальную літаратурную прэмію.
Адбылася цёплая, карысная для ўсіх сустрэча.



Прэс-служба МАА СПБ




















