Шануем спадчыну
Народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры вялікую ўвагу надае шанаванню літаратурнай спадчыны. Вось і ў апошні дзень верасня для старшакласнікаў навучальных устаноў г.Валожына і гараджан ладзілі ў зале РЦК сустрэчу-ўспамін “Вяночкі віла для Радзімы”, прысвечаную 115-годдзю з дня нараджэння Ганны Рубацкай – самабытнай паэткі, збіральніцы і носьбіта фальклорнай песеннай спадчыны Валожыншчыны.
Пачалася імпрэза вершам Ганны Міхайлаўны “Я не Купала і не Колас…” і песняй “Люблю цябе, мая Радзіма” на яе словы ў выкананні групы хору работнікаў культуры. Запрошаным на сустрэчу родным Г.Рубацкай, сярод якіх былі ўнучаты пляменнік нашай гераіні член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар А.А.Лукашанец, а таксама яе ўнучка, выкладчык Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага Л.Д.Камінская, уручылі каравай з роднай зямелькі, пад верш іх бабулі, які так і называецца – “Каравай”.
Расповед вядучых перамяжоўваўся вершамі Г.Рубацкай у выкананні вучняў СШ №2 г.Валожына Мілены Квяткоўскай, Яўгена Макея, Кацярыны Леўчык і Марыі Нахай, песнямі на яе словы “Мая песня” і “Валожын”, якія напісалі і выканалі навучэнкі 2-га курса Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага наша зямлячка Марыя Нахай і Варвара Калініна, у запісе прагучала песня кампазітара А.Атрашкевіч на словы Г.Рубацкай “Ой, ружанька-ружа” (з дыска “Ружа” моладзевага хору “Вісон” г.Мінска пад кіраўніцтвам А.Высоцкай), а ў выкананні салісткі Валожынскага РЦК Таццяны Рыснік – песня “Бусел” на словы метадыста “Руні” паэта Міхася Курылы.
Цёплыя, шчырыя, пранікнёна-ўдзячныя словы пра Ганну Рубацкую – творцу ад ніў, лугоў радзімае зямлі, захопленага жыццём неардынарнага чалавека – гучалі з вуснаў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.М.Адамовіча, былога рэдактара раённай газеты “Працоўная слава” С.І.Кавязы, унукаў нашай самабытнай паэткі Л.Д Камінскай і А.А.Лукашанца. З удзячнасцю і цеплынёй успомнілі бабулю Ганну як цудоўную суседку, яе былыя нашмат малодшыя суседзі Л.Д.Гладчанка і А.Л.Журкевіч.
А ўсё, аб чым гаварылася, чыталася, спявалася, годна аздабляла мультымедыйная прэзентацыя, так прафесійна і з душой падрыхтаваная рэдактарам РЦК Святланай Бабровіч.
Валянціна Русакевіч,
кіраўнік народнага літаратурна-
мастацкага аб’яднання “Рунь”