На “Мінскай хвалі” – голас літаратараў вобласці
У другой палове верасня гэтага года адбылася сустрэча літаратараў Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” з кіраўніцтвам тэлерадыёкампаніі “Мінская хваля”. На сустрэчы, якая дазволіла акрэсліць шляхі далейшага ўзаемадзеяння, акрамя намесніка старшыні аддзялення прысутнічалі Генадзь Аўласенка і Святлана Быкава.
Шмат цікавых прапаноў агучыла дырэктар “Мінскай хвалі” Тамара Вяцкая: адзін раз на тыдзень, па панядзелках, з 12 да 13 гадзін ладзіць прамы эфір з прафесійнымі пісьменнікамі. Так у літаратараў Міншчыны з’явіцца магчымасць расказаць пра сябе і пазнаёміць са сваёй творчасцю. Яшчэ адна рубрыка – “На літаратурнай хвалі” – мае на мэце папулярызацыю надрукаваных кніг абласных пісьменнікаў і паэтаў, а таксама выданняў аддзялення праз іх чытанне прафесійнымі артыстамі. Акрамя гэтага, было прынята рашэнне аб папаўненні рэпертуара для вячэрняй перадачы “Бабуліны казкі”.
Спадзяёмся, што рэалізацыя запланаваных задум прынясе карысць абедзвюм арганізацыям і дазволіць паглыбляць узаемадзеянне надалей.
Ірына Карнаухава