Жыццё як фэнтэзі
На адным з інтэрнэт-парталаў прачытала: «Сучасная беларуская фантастыка не толькі існуе, але і выдаецца». Гэта пацвярджае і размова з маладым пісьменнікамфантастам, пераможцам разнастайных конкурсаў і ўдзельнікам праектаў у галіне фантастыкі, аўтарам рамана «Конкурс “Міс Галактыка”» (АСТ, 2014), а да ўсяго яшчэ і мікрабіёлагам Аляксадрам Змушко, ці Сашам Тэмлейнам, — такі творчы псеўданім у нашага героя.
— Бацькі падтрымліваюць ваша захапленне літаратурнай творчасцю?
— Пасля таго, як у мяне з’явіліся друкаваныя публікацыі ў часопісах і я атрымаў свой першы ганарар за кнігу, стаўленне бацькоў памянялася ў лепшы бок. Аднак бацька і сёння лічыць, што пішу нейкую малазразумелую «фэнтэзяціну». Але я стаўлюся да гэтага з гумарам.
— А што азначае ваш псеўданім? Сапраўдным імем не падпісваецеся?
— Чаму? Часам падпісваюся. Яшчэ часцей выдаўцы забываюцца пра маю просьбу наконт псеўданіма і падпісваюць творы сапраўдным імем і прозвішчам. Але гэта не страшна… Псеўданім жа ўзяты з міфалогіі: Тэмлейнам звалі юнака, выхаванага эльфамі і выратаванага закаханай дзяўчынай. Да таго ж ён меў рэпутацыю лавеласа.
— Як ставіцеся да крытыкі?
— Напісанае звычайна рассылаю па выдавецтвах. Зрэдку выкладваю на форумах або паказваю сябрам. А да крытыкі стаўлюся пазітыўна толькі ў тым выпадку, калі яна ўдумлівая.
— Ці ёсць такія творы, якія вы ніколі нікому не паказвалі?
— Калі ўлічыць, што напісаў 7 раманаў і больш як 300 апавяданняў, хутчэй за ўсё, знойдуцца нейкія чарнавыя працы, якія ніхто ніколі не бачыў.
— У вас ёсць публікацыі як у беларускіх, так і ў расійскіх часопісах. Чым адрозніваецца сучаснае літаратурнае жыццё дзвюх краін-суседак?
— Паколькі я толькі пачынаю друкавацца ў Беларусі, цяжка адказаць на гэтае пытанне. Сітуацыя ў сучасным грамадстве склалася так, што пісьменнік не можа зарабляць выключна сваёй творчасцю. Нехта працуе ў рэдакцыях перыядычных выданняў, нехта — у школах…
— Ці перашкаджае творчасці праца мікрабіёлагам?
— Вядома, перашкаджае, але і натхняе.
— Ведаю, што цікавіцеся міфалогіяй. Міфы якіх народаў вабяць найбольш? Ці захапляюць сюжэты і героі беларускай міфалогіі?
— Вельмі люблю міфы Старажытнага Егіпта, Месапатаміі, Індыі, скандынаваў, ірландцаў, мая, інкаў. Увогуле любая міфалогія можа зацікавіць. І беларуская таксама. Цяпер якраз збіраю матэрыял для фэнтэзі, заснаваны на беларускай міфалогіі.
— Некаторыя з вашых апавяданняў перакладзены на беларускую мову. На роднай мове не пішаце?
— Я сам пераклаў свае апавяданні. Задаволены. Мова вельмі прыгожая! Цяпер не пішу па-беларуску, але надалей планую.
— Вы неаднаразовы ўдзельнік і пераможца літаратурных конкурсаў. Ці прыносіць гэта плён?
— Так. Найперш — задавальненне ад стасункаў з цікавымі, эрудзіраванымі, таленавітымі людзьмі. Адны конкурсы дапамагаюць публікавацца, другія прыносяць грашовыя ды іншыя ўзнагароды.
— Ваш чытач — гэта…
— …той, хто любіць жыццё ва ўсіх яго праявах.
— Калі лепш пішацца?
— Раніцай, на свежую галаву.
— Як адпачываеце?
— Чытаю любімыя кнігі, гуляю ў парку, гляджу фільмы, п’ю гарбату з шакаладам.
— Што выбіраеце як аўтар і як чытач: друкаваную кнігу ці электронную?
— Вядома, друкаваную. Сёння электронная актыўна набірае моц, але друкаваная не губляе прыярытэту, перш за ўсё — для пісьменнікаў. Друкаваная публікацыя мае нашмат большую вагу ў параўнанні з электроннай. Ды і як чытач я выбіраю друкаваныя кнігі.
Аксана ЯРАШОНАК*
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/09/38-2015.pdf
ДАРЭЧЫ
Яшчэ адзін малады аўтар, якога варта згадаць, — паэтэса Аксана Ярашонак-Камінская. Менавіта паэтэса — не паэтка. У другім азначэнні чуецца моц, ваяўнічасць, смеласць, у той час як першае вымалёўвае вобраз тонкі і крохкі — але таксама не пазбаўлены сілы. Спадарыня Аксана мае зборнік «Звычайнае шчасце», выдадзены ў серыі «Маладая паэзія Беларусі». Назва яго, як і слова «паэтэса», гаворыць сама за сябе: гераіня знаходзіцца ў цёплым мроіве, сонечным паўсне, дзе хапае і суму, і радасці, але і сум гэты — светлы. Простыя словы, простыя рэчы… Такая паэзія Аксаны Ярашонак-Камінскай.