Паэтычная ліра Міншчыны

Літаратурна-музычная сустрэча з такой назвай адбылася 11 чэрвеня ў Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў.

Ва ўступным слове старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Леанід Крыванос назваў гэту сустрэчу першым крокам XXIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна – 2024».

Леанід Міхайлавіч прэзентаваў зборнік песенных твораў паэтаў Міншчыны «Радзімы песенныя сцежкі» – сумесны праект з Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Экземпляр зборніка Л. Крыванос падарыў дзіцячай школе мастацтваў.

– Сёння песні літаратараў Міншчыны складаюць пэўную частку музычнай эстраднай спадчыны ўсёй краіны. У чым іх запатрабаванасць? Гэта пранізлівая грамадзянская лірыка. Яна сугучная з часам, спрыяе выхаванню ў моладзі грамадзянскай адказнасці, натхняе людзей на высакародныя ўчынкі, – адзначыў Леанід Крыванос.

У ліку тых, хто чытаў свае вершы, паэты Рагнед Малахоўскі, Віктар Сабалеўскі, Тамара Бярэзіна, Аксана Мітрошчанкава, Максім Хацкевіч. Пад гітару выканалі творы Уладзімір Цанунін і Марына Лайкова. А малады спявак Міхаіл Помаз парадаваў гасцей кранальнымі лірычнымі песнямі.

Прыемным сюрпрызам стала прэм’ера песні Кастуся Цыбульскага «Еду ў Маладзечна», якую Канстанцін Пятровіч, як заўсёды, выканаў шчыра і эмацыянальна.

Крыніца: “Маладзечанская газета”