К. Хадасевіч-Лісавая. Казкі сівой даўніны
Закаханыя рэчкі з дзявочымі косамі
У што верылі нашы продкі? У загадкавых істот і незвычайныя здольнасці. Крыніца цікавых легенд і паданняў пра родны край для маленькіх — у кнізе Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Казкі сівой даўніны», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда».
Беларусь называюць краінай блакітных азёр. Мабыць, менавіта таму ўсе тры аповеды ў зборніку звязаныя з вадой. З часоў, пра якія распавядае пісьменніца, мінула не адно стагоддзе. Поўныя таямніц далёкія падзеі. Перад вачыма паўстаюць вёскі, палацы князёў, дрымучыя лясы ў розных кутках нашай зямлі. Дзеянне першага падання — амаль што «Вій» у беларускім увасабленні. Тут ёсць і прыгожая вядзьмарка, і смелы хлопец, але без пачвар і забойстваў. Кніжка прызначана для больш дарослай аўдыторыі, чым, напрыклад, вершы Віктара Кажуры. Бо ў ёй — і сум, і філасофія, і несправядлівасць жыцця, і складаныя, супрацьлеглыя характары. Гісторыя пра дзвюх сясцёр, Вадзісу і Бімару з Залесся, якіх разлучылі ў маленстве, і чароўную крынічку, што выратавала людзей, вельмі кранае, вучыць мудрасці і спачуванню. Як вытрымаць выпрабаванні лёсу і не паддацца роспачы? Чаму ахвяраваць сабой дзеля іншых — самы вялікі ў жыцці подзвіг?..
Другое паданне ў кнізе расказвае, як з’явіліся самыя прыгожыя азёры на беларускай зямлі. Ні ў адным падручніку па геаграфіі такога не знойдзеш! Чароўная і прыгожая легенда знаёміць чытачоў з князёўнай Анастасіяй, таленавітай скрыпачкай, разумнай, добрай і шчырай дзяўчынай. Але, як часта бывае, не абыходзіцца свет без зайздрасці. Заўсёды з’явіцца той, каму шчасце іншых будзе «калоць» вочы і атручваць душу. Так, Анастасію, якая вельмі падабалася людзям, не прыняла вядзьмарка Марыся, бо да яе ніхто не сватаўся — вельмі ж злосная была асоба. А тут яшчэ хлопец, якога яна прыкмеціла, у Анастасію закахаўся! Няцяжка здагадацца, што адбывалася далей — спробы звесці прыгажуню са свету, варожбы на вадзе, зёлкі ў вогнішчы, злыя замовы і праклёны… Канец, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, шчаслівы і справядлівы.
Замыкае карагод легенд «Вілія». Гэтую рамантычную гісторыю, якая кранае сэрца не менш, чым каханне Рамэа і Джульеты, распавёў паўднёвы ветрык, што аднойчы заблытаўся ў валасах пісьменніцы. Маляўніча, лірычна апісвае яна падзеі. Многія ведаюць рэчку Вілію, але не ўсе чулі пра тое, што калісьці так звалі адну дзяўчынку, якая ў маленстве засталася сіратой, цярпела здзекі сваёй цёткі і працавала за семярых. Беглі гады, і Вілія стала вельмі прывабнай паненкай. Сапраўдная беларусачка: глыбокія сінія вочы, цяжкія русыя косы, пяшчотны меладычны голас… Толькі жаніха ёй знайшлі… Тоўстага старога суседа! Вось так паздзекавалася з маладой родная цётачка! А далей — мара пра ўцёкі з каханым хлопцам Дэстарнам, іржавы нож і начное вядзьмарства, таемныя спатканні… А зараз падумайце: чаму рака называецца імем той дзяўчыны? Сумная гісторыя, але легенды — не казкі. «Дзівіліся раніцай вяскоўцы: праз зялёны луг бегла-віхляла сіняя рэчка. Вада ў ёй была чыстая, як сляза. А на беразе ракі ляжаў вялікі валун, які абрысам сваім нагадваў чалавека… Рака вакол валуна рабіла выгін, і здавалася, што яна абдымае камень. Той прыгожай рэчцы далі імя Вілія, а валун Дэстарнавым каменем называюць», — фінал кнігі і пачатак роздумаў. Ведаць свой край з маленства — абавязак кожнага!
Марыя ВОЙЦІК
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/09/36-2015.pdf