В. Кажура. Паэтычныя забавы
Куды ўцякаюць баравікі?
Вершы — універсальны спосаб навучыць дзяцей роднай мове. Дзякуючы рыфмам, новыя словы запамінаюцца хутчэй, развіваецца фантазія. Асабліва калі кожны слупок маленькага твора выразны, рытмічны, багаты на метафары, параўнанні, алегорыі. Як у кнізе вершаў-загадак «Паэтычныя забавы», што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». Пасля знаёмства з вершамі хтосьці з чытачоў вырасце знакамітым біёлагам, таленавітым пісьменнікам, мастаком ці ўлюбёным у прыроду падарожнікам. Вершы-загадкі Віктара Кажуры развіваюць уменне заўважаць і адчуваць з’явы навакольнага свету, праводзіць паміж імі паралелі, нават параўноваць і аналізаваць. Канечне, з улікам таго, што кніга адрасуецца маленькім.
«Паэтычныя забавы» — два невялічкія раздзелы. Першы прысвечаны порам года, другі — лясным жыхарам. Вельмі пасуюць тэксту ілюстрацыі Валерыі Цыганковай: крыху фантастычныя, працятыя ўсходнім каларытам, экзотыкай.
Як працаваць з загадкамі? У кожным вершыку «выпадае» (перавернута дагары нагамі) адно слова, якое дзіця павінна назваць. З аднаго боку, адгадаць лёгка — рыфма падказвае, з іншага — трэба ўсё ж такі падумаць! Мяркуйце самі: «Лезе ў двор цераз паркан / Белай воўнаю туман / А ў двары ўжо ставіць кросны/ Гаспадыня-ткалля восень. / Нібы казачныя сны, / Яе цуда-дываны: / У іх і мятны водар лета, / І краса апошніх кветак». Туман, восень, дываны і кветкі — з’явы, якія трэба вызначыць з кантэксту.
Хто вые ўзімку на двары? Як маленькія сняжынкі ствараюць такія вялізныя гурбы снегу? Чаму ўвесну плачуць ледзяшы, а летам на полі расцвітаюць сонейкавы дзеткі? Пра гэта аўтар распавядае ў першым раздзеле кнігі.
Потым пачынаецца падарожжа ў лес да звяроў, птушак, грыбоў і ягад. Дарэчы, кніга маленькая. Яе лёгка браць з сабой на прагулкі — у заапарк, на ўзлесак ці проста ў двор. Чытаць, тлумачыць і паказваць тое, аб чым гаворыцца ў вершах, лепш адразу: бо дзіця не толькі ўяўляе, але і бачыць. Вось так міла, ненадакучліва, пацешна распавядае аўтар пра адну з любімых дзецьмі істот: «Дзіўны коціцца клубок, / У яго — калючы бок, / Ды няма, здаецца, ножак… / Хто такі? Канечне, вожык».
Пра якіх яшчэ звяроў можна даведацца з кнігі? Пра моцнага і злоснага дзіка, лася, які ноcіць карону з рагоў і мае даўгія цыбы-ногі і, канечне, воўка з ліскай. Птушак тут няшмат, але сярод іх тыя, якіх ведаюць з дзяцінства — сава, варона, зязюля. Ёсць таксама дапаможнік для грыбнікоў. Аўтар выкарыстоўвае прыём адушаўлення: сыраежкі ў яго носяць панамкі, баравікі ўцякаюць ад людзей і хаваюцца пад дрэвамі, а лісічкі, нібы «манеткі-невялічкі», высцілаюць мох. Пра ягады — асобны аповед. Нават дарослыя могуць не ведаць усіх назваў, а ў Віктара Кажуры ў паэтычным багажы — і суніцы, і ажыны, і маліны з брусніцамі. Добры, сонечны настрой з каштоўнымі ведамі!
Марыя ВОЙЦІК
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/09/36-2015.pdf
Музыка, што б’ецца аб душу
Загадкі — метафарычныя выразы рознай ступені складанасці, што сустракаюцца ва ўсіх народаў свету. У старажытнейшых загадках, якія дайшлі да нашага часу, адлюстроўваецца першабытная міфічная сімвалізацыя, такім чынам нашы продкі тлумачылі самім сабе з’явы прыроды і навакольнага асяроддзя. Загадка абапіраецца на цалкам рэальныя якасці або прыметы прадмета: свет праз прызму загадак паўстае ўжо не як хаос, а як пэўнае цэлае, у якім усё мае сэнс і ўсё ўзаемазвязана. Яны адлюстроўваюць жыццё ва ўсім яго багацці і прысвечаны самым розным тэмам. Загадкам прыпісвалася магічная сіла: адгадванне іх вядзе да здзяйснення жаданняў, вызваляе ад небяспекі. З цягам часу гэтае значэнне загадак страцілася, але засталася іншасказальная алегарычная форма, і народ стаў глядзець на загадкі як на карысныя практыкаванні для розуму, як своесаблівыя спаборніцтвы ў кемлівасці. Гэта яскрава адлюстравалася ў эпасе, у так званай літаратуры «пытанняў і адказаў». Прыпомніце толькі процьму народных казак, дзе адгадванне загадак — своеасаблівае выпрабаванне на шляху да дасягнення жаданых мэт галоўнага героя! Аднак загадка — гэта не толькі «ўстаўны элемент» твора. Гэта і асобны літаратурны твор таксама! Яшчэ Вергілій і Цыцэрон у часы адпачынку займаліся складаннем загадак.
Багата захавалася беларускіх загадак, якія адлюстроўваюць працоўны вопыт нашага народа, яго культурнае станаўленне. Шырока выкарыстоўвалі нашы продкі загадкі ў час вясельнага абраду з мэтай праверкі разумовых здольнасцей жаніха. Не маглі не ацаніць яны і важнага эстэтычна-мастацкага, выхаваўчага значэння загадак. Загадкі адкрываюць дзецям асаблівасці светабудовы, побыту, прыроды і г.д., развіваюць кемлівасць, мысленне, фантазію.
Выдатна разумеючы гэта, Віктар Кажура выказваецца пра матывы сваёй «загадкатворчасці» наступным чынам: «… у нашай хаце заззялі адразу два сонейкі — спачатку нарадзілася ўнучка Ангелінка, а потым унучак Цімошка. Цудоўных твораў для дзяцей шмат. На любы густ, на любы ўзрост. А хацелася, каб гэта было — маё, для ўнукаў, для Ангелінкі і Цімошкі. І з’явілася кніга. Пасля падумалася: чаму толькі маім унукам? Няхай будзе ўсім!» І сапраўды, пазнаёміўшася з творамі невялікай каляровай кнігі «Паэтычныя забавы», што выйшла ў серыі «Вясёлы калейдаскоп» Выдавецкага дома «Звязда», адчуваеш — яны сагрэты сэрцам, створаны не «для адчапнога». Замілаванне роднай прыродай, пяшчота, дабрыня — у кожным радку. Якія базавыя веды патрэбныя маленькаму цікаўнаму чалавеку? Ён павінен адрозніваць розных звяроў, птушак, дакладна ўяўляць, якія грыбы і ягады шкодныя, а якія — карысныя. Ён павінен знаходзіць у кожнай пары года фарбы для натхнення і выдатнага настрою. Усё гэта ўлічыў аўтар кнігі. Яскравыя эпітэты («крыштальны лёд», «мятны водар лета», «гонкі бор»), трапныя параўнанні («І, нібы ваўкі ў бары, / Ёй гукаюцца вятры», «Як на сцэне, на палянцы / Сонцу шле хвалу ў вяснянцы», «Лезе ў двор цераз паркан / Белай воўнаю туман»), метафары («Адзлаваліся марозы — / Ледзяшы пусцілі слёзы», «Глянь: барвовыя зарніцы — / Гром імчыць на калясніцы») робяць дзіцячы свет аб’ёмным, поўным таямніц і прыгажосці. Калі першы раздзел кнігі ў асноўным прысвечаны чарам і пякнотам зімы, вясны, восені ды лета, то другі, «На лясной сцяжынцы», дае гарэзлівым чытачам ужо важныя практычныя ўменні: дзе і як знайсці лісічкі, падасінавікі, апенькі, сыраежкі, чым карысныя суніцы, чарніцы, маліны. Каго называюць волатам лесу? Чаму так імкліва скача заяц? Чаго баіцца воўк? Не ведаеце адказы — хутчэй звяртайцеся разам з дзецьмі да падказак Віктара Кажуры, якія можна пабачыць, як гэта рабіла Аліса ў чароўнай краіне, пры дапамозе люстэрка.
Адкрыць для дзецей каляровы навакольны свет, папрактыкавацца ў кемлівасці і паэтычных здольнасцях (бо ўсе загадкі — чатырохрадкоўі, і адказы вам давядзецца падбіраць у рыфму) можна ў руках з цудоўна аздобленай кнігай «Паэтычныя забавы». «Чытайце, на радасць сабе і дзеткам! Бо гэта кніга — найперш спроба простымі словамі паказаць маленькім чытачам і слухачам багацце і хараство роднай краіны, мілагучнасць роднай мовы», — кажа Віктар Кажура. І той, хто прачытае, запэўніцца — спроба пісьменніка сапраўды ўдалая!
Юлія Алейчанка
http://www.polymja.lim.by/wp-content/uploads/2015/09/Polumj-verstk%D0%B0-1-192-8.pdf