Яна сябруе з сонцам
8 красавіка ў Валожынскім раённым цэнтры культуры адбылася прэзентацыя новай дзіцячай кнігі пісьменніцы Лідзіі Гардынец “Я сябрую з сонцам”. У кнізе сабраны творы, напісаныя аўтарам у розныя гады. Кожны верш мае свой адметны сюжэт і каларытных герояў.
Удзел у мерапрыемстве прынялі навучэнцы чацвёртага класа гімназіі №1 г. Валожына. Школьнікі з ахвотай чыталі творы аўтара, задавалі Лідзіі Міхайлаўне розныя пытанні. Іх цікавіла і творчасць пісьменніцы, і яе асабістае жыцце, і, нават, якую ролю ў яе жыцці адыграла кніга.
Вяла мерапрыемства паэтэса, кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага калектыву “Рунь” Наталля Жылевіч. Яна арганізавала для дзяцей шмат цікавінак: гучалі загадкі і пытанні на веданне роднай мовы, адбылася гульня “Падбяры словы” і спаборніцства хто лепш прачытае скарагаворку. Была ў дзяцей і магчымасць паспрабаваць свае сілы ў вершаскладанні.
Напрыканцы сустрэчы Лідзія Гардынец падаравала дзецям сваю кнігу і уручыла салодкія пачастункі.
Прэс-служба МАА СПБ