Як пісьменнік піша кніжкі?
Сустрэча пісьменніцы Галіны Міхайлаўны Нічыпаровіч з малодшымі выхаванцамі летняга лагера “Буревестник” пачалася з простага пытання: “Чым пісьменнікі пішуць кніжкі?” Адказвалі па-рознаму: і ручкай, і пяром, самыя крэатыўныя ўспомнілі пра камп’ютар, а адзін маленькі вундэркінд заявіў пра “спецыяльную машынку, на якой друкуюць”.
Галіна Міхайлаўна пачала аповед пра сваё жыццё і творчасць здалёку, з дзіцячых гадоў. Як вучылася і шмат чытала, як хавала “у стол” першыя вершы, як баялася, калі даслала вершы ў газету “Піянер Беларусі” – каб жа бацькі не сварыліся. Ніхто не сварыўся, нават пахвалілі, але ж пачалося ў 17 гадоў дарослае жыццё, і вершы, хаця і пісаліся, але адыйшлі на другі план перад жыццёвымі клопатамі…

За менш як гадзіну адведзенага часу дзеці першага і другога атрадаў паспелі шмат: паслухаць аповед пісьменніцы і вершы ў аўтарскім выкананні, паглядзець выставу кніг “Хвілінкі-весялінкі ад бабулі Галінкі”, пачытаць услых, адказаць на пытанні экспромт-віктарыны, падзівіцца смешным вершам з новай кніжачкі “Домашние любимцы”, расказаць пра сваіх улюбёнцаў – коцікаў-сабачак, разгадаць загадкі з кніжкі Галіны Нічыпаровіч “Забавы дзетвары” і нават хуценька выскачыць на вуліцу па сігналу каманды МНС.
…Адказ на пытанне, якое прагучала ўпачатку, знайшлі разам з Галінай Міхайлаўнай: трэба быць назіральным, уважлівым, вучыцца думаць, адказваць за свае ўчынкі і… пісаць. Хоць ручкай, хоць на камп’ютары. Думаць пра тое, што хвалюе, збіраць “залацінкі” уражанняў, напрацоўваць вопыт і тады, калі захочаш, станеш пісьменнікам ці акцёрам, інжынерам або заатэхнікам – а ўрэшце, проста добрым чалавекам, які жыве сваё шчаслівае жыццё.
На развітанне Галіна Міхайлаўна падарыла кожнаму ўдзельніку на памяць свой верш з салодкім сюрпрызам.

Такія сустрэчы з пісьменніцай Галінай Нічыпаровіч гэтым летам прайшлі у аддаленых вёсках Падсадскія, Пад’ельнікі, дзе чытачоў абслугоўвае бібліёбус, а таксама ў аздараўленчых лагерах “Сонейка” і “Вясёлка” на базе Суткаўскай і Сямёнавіцкай базавых школ.
В.Я.Віяленцій, бібліятэкар Уздзенскай ЦРБ імя П.Труса


















