«Роля жанчыны ў літаратуры» з удзелам Таццяны Цвірко
На факультэце пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка прайшоў дыялог пакаленняў «Роля жанчыны ў літаратуры» з удзелам паэтэсы, празаіка, перакладчыка Таццяны Цвірко.
Творчасць пісьменніцы добра вядома ў нашай краіне і за яе межамі, адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Вобразная мова, кранальныя паэтычныя радкі, эмацыянальная насычанасць вершаў, глыбокі філасофскі змест прозы, сучасныя тэмы – менавіта гэта ўскалыхвае сэрцы прыхільнікаў яе творчасці.
Таццяна Канстанцінаўна – педагог па адукацыі, таму і дыялог з будучымі настаўнікамі атрымаўся шчырым і адкрытым. Прысутныя паразважалі пра тэндэнцыі развіцця літаратуры, акцэнтавалі ўвагу на значным укладзе жанчын-пісьменніц у павышэнні якасці літаратурных твораў на сучасным этапе.
Таццяна Канстанцінаўна прызналася, што, хоць піша на рускай і беларускай мовах, думае па-беларуску, падзялілася сакрэтамі пісьменніцкага майстэрства, прэзентавала новыя кнігі. Не абыйшла госця і актуальную тэму, якая хвалюе сёння ўсё грамадства, – брыдкаслоўе. «Менавіта пісьменнікі і настаўнікі павінны рабіць усё магчымае, каб мова падрастаючага пакалення была чыстай, бо ад гэтага залежыць якасць усяго жыцця!» – падсумавала пісьменніца.
Дэкан факультэта Наталля Ждановіч, якая прыняла актыўны ўдзел у дыялогу, падзякавала госці за шчырую размову, акцэнтавала ўвагу на значнасці сустрэчы для будучых педагогаў, пажадала Таццяне Канстанцінаўне творчага плёну і пісьменніцкага шчасця. Госця падарыла факультэту і самым актыўным удзельнікам дыялогу кнігі з аўтографам.
Паліна ЛУК’ЯНЕНКА, студэнтка ФПА БДПУ




















