Напоўненае творчасцю лета

“Любоў да Радзімы праз прыгожае пісьменства” выказалі літаратары Уздзеншчыны ў апошні ліпеньскі дзень на чарговым пасяджэнні  літаб’яднання “Нёманец”.

Хапае клопатаў у кожнага ў такую летнюю пару – садова-агародніцкія справы, рамонтныя работы ў доме ці кватэры, час адпачынку. І – для творчасці. Пра гэта і гаварылі мясцовыя паэты і празаікі. Член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Вінаградаў прэзентаваў першы том сваёй фантастычнай дылогіі “Утро надежды”, Віктар Сабалеўскі неўзабаве атрымае з выдавецтва кнігу баек, а Валянціна Шытыка працуе над новым гістарычным раманам.

Творцы чыталі вершы, прысвечаныя Году беларускай жанчыны. Гучалі і песні на вершы уздзенскіх паэтаў. Удалыя творчыя знаходкі ёсць у паэзіі і прозе іншых удзельнікаў “Нёманца”. Дырэктар раённай бібліятэкі Аксана Драчан пазнаёміла з планамі літаратараў на бліжэйшыя месяцы. А сярод чарговых не толькі мерапрыемствы мясцовага маштабу, але і сустрэчы з калегамі па творчым цэху з Мінскага, Дзяржынскага раёнаў.

Віктар Сабалеўскі