Сярод новых кніг. Шчырасць прозы Таццяны Цвірко
Кніга Таццяны Цвірко “Не спазніся…”, выдадзеная ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, здольна абудзіць пачуцці і выклікаць думкі-разважанні пра жыццёвыя калізіі асабістага жыцця. Рэалістычныя апавяданні і эсэ поўныя аўтарскай шчырасці і глыбіні перажыванняў. Чытач знойдзе там разважанні і пра складаны маральны выбар, і пра ўнутраныя канфлікты, і пра жыццёвыя ўрокі.
Назва кнігі ўжо адразу прапаноўвае чытачу задумацца: “Не спазніся…” Не спазніцца куды?
Пісьменнік, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха, які напісаў прадмову для кнігі, трактуе яе назву такім чынам: “… вельмі важна ўсё ў жыцці рабіць своечасова, каб паспець здзейсніць тое, істотнае, пакуль ёсць магчымасць…”
А яшчэ Уладзімір Саламаха называе аўтара кнігі “летапісцам жыцця сваіх землякоў, іх дзеянняў, памкненняў і мар”.
І праўда, героі апавяданняў і эсэ – звычайныя людзі, здаецца, добра вядомыя аўтару. Магчыма, некаторыя з іх уяўляюць сабой збіральны вобраз некалькіх яе знаёмых, землякоў, родных. І апісанні прыроды, быту, звычак так яскрава выпісаны, што не можа быць сумненняў у тым, што гэта ўсё аўтару добра знаёма. ”Лёнік”, “Схаваная пагроза”, “Споведзь”… Там ўсюды праступае малая радзіма, якая захавалася ў яе сэрцы назаўжды.
“Рэалістычнасць твораў аўтара дапамагае нам ўбачыць свет такім, які ён ёсць, без прыкрас. І менавіта гэтая шчырасць усёй прозы пісьменніцы заклікае чытача да роздуму пра жыццё наогул”, – сцвярджае Уладзімір Саламаха, і я з ім цалкам згодна.
Чытаючы апавяданні Таццяны Цвірко ў кнізе “Не спазніся..”, я не магла нанізваць іх на нітку чытання адразу адзін за адным. Не хацелася, каб яны пераблыталіся, перамяшаліся. Кожнае апавяданне патрабавала асэнсаваць яго, успомніць штосьці сваё, часам вельмі падобнае на тое, пра што распавядаў аўтар. Напрыклад, “Туман-туманішча” напомніў мне сваіх аднавяскоўцаў, якія таксама, адпраўляючы дзяцей “у тую Італію”, і радаваліся, і перажывалі. “Пакуль не вернецца Сярожка дадому, датуль маё сэрца будзе не на месцы”, – казала мне суседка цётка Воля.
Апавяданне “Раліквія” накіравала мае думкі ў бок уласных родзічаў, мае мамы і таты. Без маленькага шэсцьдзесят гадоў пражылі яны разам. Разам, у поўным сэнсе гэтага слова. І працавалі разам у школе, і дзетак уласных выхоўвалі, і за гаспадаркай даглядалі… Нават, градкі тата дапамагаў маме палоць, хоць у вёсцы гэта справа лічылася не мужчынскай і, падчас, над татам вясковыя мужыкі пасмейваліся. Тата сышоў ад нас першы. І як дзеда Яся з апавядання “Раліквія”, “не міналі” маю маму “страта і журба, даймалі штодня-штоночы…” Перажыла мама тату праўда не на некалькі месяцаў, а на пару гадочкаў. Але кожны дзень успамінала яна свайго Ігарка.
Апавяданне “Не спазніся…” – усім нам навука. Ніколі не трэба забываць пра тых людзей, якія адыгралі не малую ролю ў нашым лёсе, якія спрыялі нам і дапамагалі. Удзячнасць – гэта адметная рыса чалавека. Не чарствейце з цягам часу, захоўвайце ў сабе гэту чалавечнасць. Тэлефануйце, прыязджайце, сустракайцеся, хоць зрэдку. Таму што потым можна не паспець… “Даруйце мне, Вера Паўлаўна! Я часта пра Вас думала. А вось патэлефанаваць рукі не даходзілі. Сюрпрыз хацела зрабіць…” – размаўляе ў думках Аліна са сваёй настаўніцай каля яе хаты, якая ўжо апусцела на заўсёды…
Вельмі рэалістычныя, жыццёвыя апавяданні атрымоўваюцца ў пісьменніцы Таццяны Цвірко. І напісаны яны на цудойнай беларускай мове, таму чытаюцца лёгка, з асалодай. Асноўнае ў яе творчасці – чалавек і ўласцівыя яму маральныя перажыванні, эмоцыі. Пісьменніца піша на вечныя тэмы, блізкія кожнаму з нас: каханне, дружба, адзінота, вера, сямейныя адносіны, любоў да радзімы. Але піша яна па-свойму: шчыра і суперажывальна да сваіх герояў.
“І менавіта гэтая шчырасць усёй прозы пісьменніцы заклікае чытача да роздуму пра жыццё наогул”, – упэўнены Уладзімір Саламаха. І з ім нельга не згадзіцца.
Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА

















