Сорак год бы сорак дзён
17 красавіка ў сталічнай гімназіі №35 імя Я.І. Міркоўскага адбылася сустрэча гімназістаў і настаўнікаў установы са старшынёй Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанідам Крываносам. Прымеркавана яна была да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС і выхаду з гэтай нагоды калектыўнага паэтычнага зборніка пісьменнікаў Міншчыны “Чарнобыльскія саракавіны”.


Леанід Міхайлавіч падзяліўся са слухачамі сваімі асабістымі ўражаннямі пра падзеі таго часу, чытаў вершы на гэтую тэму, адказваў на шматлікія пытанні. У тым ліку, як узнікла ідэя скласці гэты зборнік. Як расказаў Леанід Крыванос, усё пачалося з верша, які ён напісаў да саракагадовай даты той трагічнай падзеі:
Развітальна-меладычна // Адбівае звон званар // На прыступцы // Шляху ў вечнасць, // Дум няздзейсненых і мар. // Языком па калакольным // Нёбе плешча: // Бум-бом-бог… // Прэч, на неба // Душы прагнуць // Ад зямных турбот, трывог. // Ладзяцца саракавіны, – // Сорак год – // Бы сорак дзён // Па чарнобыльскіх ахвярах. // Бум-бом-дон… // Развітальна-меладычна // Адбівае звон званар // На прыступцы // Шляху ў вечнасць, // Дум няздзейсненых і мар.
А потым да творчай працы па стварэнні кнігі падключыліся калегі-паэты. Выдадзена яна была Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.


Напрыканцы сустрэчы пісьменнік падарыў бібліятэцы гімназіі калектыўны зборнік “Чарнобыльскія саракавіны”.
Прэс-служба МАА СПБ

















