Літаратурны марафон да Дня маці “Маці, мілая маці…”. Лёля Багдановіч
Share the post "Літаратурны марафон да Дня маці “Маці, мілая маці…”. Лёля Багдановіч"
МОЙ РАТУНАК.
Ружовыя каралі журавінаў,
Раскіданыя пацеркамі ў мох.
Табе адной я, мамачка, павінна
За літары вялікіх перамог.
За шчырасць слоў, пяшчоту мар і думак,
Блакітны позірк праз вякі начэй.
Ты – лепшы і адзіны мой ратунак,
Лагоднасць маіх стомленых вачэй.
Мой сум і радасць, холад і спякота,
Сляза і песня лепшых маіх сноў.
Сягоння, цераз тыдзень, ды і потым
Я буду жаць выснову тваіх слоў.
Збяру я тыя літары ў радочкі –
Яны мне сілы для жыцця даюць.
Спаўю іх у гаючыя снапочкі –
Хай сэрца ваша чысцінёй крануць.
З дарогі дапамогуць хай не збіцца,
Сузор’ямі аздобіўшы Сусвет.
Жывой вады заўжды дадуць напіцца,
Каб не згубіць матулін родны след…
НІХТО НЕ ПАШКАДУЕ ТАК, ЯК МАЦІ…
(памяці мамы)
Ні сын твой, ні дачушка, ні каханы –
Ніхто не пашкадуе так, як мама.
Укленчы перад ёй, пакуль жывая, –
Няхай пяшчота сны ёй спавівае.
Прыбегчы ці прыехаць не лянуйся.
Дапамажы. Пагавары. Не злуйся.
Няспынны час – такі халерны злодзей.
На жаль, сыходзяць людзі і стагоддзі…
Шчымлівыя хвіліны і імгненні,
Калі сядзеў у мамы на каленях,
У сэрцы застаюцца назаўсёды
Мажорна-апантанаю мелодыяй.
А мама можа ўсё і ўсё ўмее –
Аблашчыць, адратуе, зразумее.
Яна і немагчымае ўсё зробіць,
І да апошняга ўздыху будзе побач.
І нават па-за межамі Сусвету
Вандруе зорачкай крылатай следам…
ПАЦЕРКІ РОСАЎ…
Восень шчыруе за кожным акном.
Сонейкам гронкі каліны наліты.
Зноўку агорне пяшчотным крылом
Ранак, у пацеркі росаў спавіты.
Мама ля прыпечка бульбу таўчэ.
Ціхенька песню пра Яся спявае.
Поўная сіл і бадзёрая шчэ.
Вельмі прыгожая і маладая.
Зараз схуднела ды ногі баляць.
Ходзіць з кіёчкам гаротная мама.
І адпачне, мо, разоў дваццаць пяць,
Покуль за хлебам даклэпае ў краму.
Рукі ад працы скруціла зусім.
Спаць не было калі нават уночы.
Вёсны лічыла, ды больш было зім.
Але засвецяцца радасцю вочы,
Калі збяромся сям’ёй за сталом.
Зноўку матулечка наша спявае.
Свецяцца вочы, і свеціцца дом,
Мама прыгожая і маладая…
ПРАГАНЮ ТВАЮ ХВАРОБУ…
Маршчасты лоб, сівыя скроні,
У шурпатых мазалях далоні.
Ці ж гэта ты, мая матуля,
У зрэбнай беленькай кашулі
Ляжыш на ложку нерухома?
З табой такой я не знаёма.
Ты ўсё жыццё кудысь імчала.
Табе ўсё часу не хапала.
Шчэ ўчора бегала па хаце
У старэнькім латаным халаце.
Зваліла ўсё-ткі цябе стома…
Ледзь-ледзь даклэпала да дома.
У хаце, як заўсёды, чыста.
Фіранкі свежасцю празрыстай
Пад подых ветрыка гуляюць.
І вокны, нібы вочы, ззяюць.
А на падлозе можна есці.
Памыла, мо, разоў ты дзвесце,
Пакуль мяне к сабе чакала.
Дык вось і я. Вітай. Прымчала.
Прэч праганю тваю хваробу.
Няма чаго спраўляць жалобу.
Лепш пойдзем, набяром чарніцаў.
Надзенем боты, рукавіцы
Ды крапіву парвём ля плоту –
Тут непачаты край работы.
У мамы пасвятлелі вочы.
Удваіх шчабечам да паўночы.
Яна ажно памаладзела,
Нібы вясну сваю сустрэла.
Як вожык, тупае па хаце
У сваім залатаным халаце.
МАТУХНА-МАЦІ.
Дзе шчэ знайду я
Пяшчоту тую,
Якою песціш ты мяне.
Такія вочы, душу такую,
Што адратуе
І захіне.
Такую мову,
Дзе, што ні слова, –
Выратаванне і спакой.
Аддаць жыццё ты
Сваё гатова
За кожны позірк
Лагодны мой.
Матуля-маці,
У тваёй хаце
Так лёгка дыхаць,
Салодка спаць.
Дзе тыя сілы, скажы,
Узяць мне,
Каб часу сум твой
Не аддаць?..
СУСТРЭЧА.
Пад завіруху танчыць люты
У карагодзе з маразамі.
Амаль чацвёра запар сутак
Зямельку сцеле дыванамі.
Зусім сшалеў, здаецца, вецер –
Грукоча дзень і ноч у шыбы.
Маладзічок з-за хмары свеціць
Галодным вокам над сядзібай.
Патрэсквае агонь у печы.
А я да мамы прытулюся.
Накіну хустку ёй на плечы,
Пяшчоты з любых рук нап’юся.
У вокны паглядае вечар
Пад спевы лютаўскай завеі.
Мне гэта з мамаю сустрэча
Душу збалелую сагрэе…
МАМІНА СВЯТА…
Зоркі ў акенца
Свецяць заўзята.
Іней у сенцах
Мамінай хаты.
Песціць світанак
Маміны вочы.
Ён без падману
Крочыць за ноччу.
У мамінай студні
Месяц начуе.
У свята і ў будні
Да мамы лячу я.
Дасць мне параду
І пашкадуе.
Мама мне рада –
Сэрцам адчую.
Маміна студня.
Маміна хата.
Дзён маіх будні –
Маміна свята…
МАМІН ГОЛАС…
Чуць хачу пяшчотны мамін голас
Кожны дзень і кожную хвіліну.
Па зярнятку я збіраю ў колас
Добрыя пра маму ўспаміны.
Вось яна спявае калыханку.
Лашчыць мяне цёплаю рукою.
“Уставай, дзіцятка, – будзіць уранку. –
Сёння ў школу пойдзем мы з табою”.
Потым паляцела, нібы птушка,
З матчынай лагоднае далоні,
А яна ўсё плакала ў падушку:
“Хай дачушку гора не дагоніць.
Хай заўжды ўдача калыхае
І блішчаць ад шчасця яе вочы.
Хай каханне песні ёй спявае
І салодкі сон прысніцца ўночы”.
Ды жыццё мяне не шкадавала,
Круцячы ў коле-калаўроце.
Крыламі каханне памахала.
А гады бязлітасна малоцяць…
Сыпле долу зерне спелы колас.
Церуха запарушыла скроні.
Чуць хачу ласкавы мамін голас,
Цалаваць хачу яе далоні…
МАМЕ.
Дзякуй табе,
мамачка, за ласку,
За цяпло, пяшчоту і любоў.
За дзяцінства
сонечнага казку,
За напеўнасць
беларускіх слоў,
Гаманлівы ранак
бесклапотны
І за крылы лёгкія буслоў,
Майскага дажджу
слязінкі-кроплі
І вясёлку каляровых сноў.
І за песні дзякуй,
і за вершы.
Усміхніся,
досыць нам тугі.
Ты – мой самы лепшы,
самы першы
Сябар і настаўнік дарагі.
Аднаго хачу
прасіць у Бога –
Каб вясёлай песняй
быў твой лёс,
Каб пражыць гадоў
табе так многа,
Колькі зор на ручніку нябёс,
Каб часцей унукі
прыбягалі,
Сонца ўсміхалася заўжды,
Каб хваробы
ўмомант адступалі,
Сэрца не сціскаў
абруч нуды.
Родная! Адзіная! Святая!
Ты – прамень мой
праз увесь Сусвет.
Да тваіх далоняў прыпадаю,
Стомленай нагі
цалую след.
ІСНАСЦЬ ЖЫЦЦЯ…
Табе да твару й сівізна,
Што верх зняла над косамі.
Матуля, родная мая,
Ты – самая дзівосная.
Такой пяшчоты ў вачах
Нідзе не сустракала я.
Матуля, любая мая,
Ты – самая ласкавая.
І хоць зусім я не дзіця –
Сваіх даўно ўжо маю, –
У самоце жудаснай жыцця
Адну цябе гукаю.
Я так баюся іншы раз
Заўчасна прахапіцца,
Калі спявае мне ў снах
Цяпла твайго крыніца.
Твой пільны позірк праз гады
Паўсюль за мной вандруе.
А сэрца шчырае заўжды
Ад здрады адратуе.
Маркота згіне пакрысе,
І сінявокі ранак
Спатканне з мамай прынясе
Лагодаю на ганак.
ДА МАМЫ…
Я так баялася спазніцца
У родны кут пад споведзь стрэх,
Дзе маміна пяшчота сніцца,
Крыніцай б’е бабульчын смех.
Туды, дзе жвавая дзяўчынка
Скакала з доўгаю касой.
Ляцела птушкай безупынку
Спякотай дзён, начэй расой.
Спяваў мне песні ўдзень і ўвечар
Матульчын голас дарагі,
Ды патануў той сум у вечнасць,
Прайшоў наскрозь праз берагі.
Я ў зязюлькі запытаю,
Пазычыць вёсны, а ці не.
Вясну для мамы напаткаю,
Якая сэрца ёй кране.
Лагоднай стану, паслухмянай,
Што скажа – буду ўсё рабіць.
Не пакідай мой бераг, мама,
Мне без цябе ні пець, ні жыць.
Ты – мая доля, мая сіла,
Скарбонка лепшых маіх мар.
Мая гаротная, руплівая,
Ты – сховішча ад чорных хмар.
Мая прыгожая, ласкавая,
Жыцця крыніца і парады.
Я не знайду такую самую,
Ніхто мне так не будзе рады…

















