Гучы, мая родная мова!

  17 лютага ў Клецкай раённай дзіцячай бібліятэцы было шматлюдна і шумна. Сюды на мерапрыемства “Гучы, мая родная мова!” у  рамках Тыдня  беларускай мовы  завіталі вучні СШ №1 г. Клецка.   А сустрэла іх у сценах бібліятэкі вядомая таленавітая паэтка і пісьменніца, член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Канстанцінаўна Цвірко. Хлопчыкі і дзяўчынкі засяроджана слухалі сваю зямлячку, якая расказала ім пра мілагучнасць, шчырасць і прыгажосць беларускай мовы, пра тое, чаму для творчасці яна абрала родную  мову, чаму важна чытаць шмат розных кніг.

На сустрэчы Таццяна Канстанцінаўна распавяла таксама пра сваё дзяцінства, пра сям’ю, прачытала  шмат сваіх вершаў, якія суправаджаліся цікавымі выхаваўчымі момантамі, адказала на зададзеныя пытанні. Дзеці з задавальненнем разгадвалі вершаваныя аўтарскія загадкі, атрымліваючы за правільныя адказы салодкія прызы ад загадчыцы бібліятэкі Надзеі Аляксандраўны Крыкала.

На памяць Т.К. Цвірко падарыла класнаму кіраўніку і пяцікласнікам  адну са сваіх вершаваных кніг, а самаму актыўнай вучаніцы – блакнот. Мерапрыемства спадабалася вучням, яны шчыра развітваліся словамі “ Да новых сустрэч!”

Няма сумнення, што кожная з такіх сустрэч яшчэ раз нагадвае аб тым, што родная мова з’яўляецца неад’емнай часткай нашай ідэнтычнасці, звязваючы пакаленні і адлюстроўваючы ўнікальнасць нашай нацыі.

Прэс-служба МАА СПБ